Галілей чамусьці спалохаўся:
—Добра, добра, я пагаманю з ім, я пагаманю...
I адчужана змоўк. I Марына Паўлаўна сядзела моўчкі — неяк было ўзнімаць зноў гутарку пра сваё. Галілей яшчэ троху патупаў ды пайшоў на кухню аглядаць зробленую ім па адмысловай сістэме спецыяльна для Марыны Паўлаўны сушыльню.
Неўзабаве знадворку грукнулі дзверы, па кухні разлягліся шумныя мужчынскія крокі, і ў пакой увайшоў муж Марыны Паўлаўны, загадчык сямігодкі Сымон Карызна. I зараз жа зноў — ужо ціхенька — ляпнулі дзверы, і з сянец пачулася, як Галілей клікаў Босага.
Сымон Карызна скінуў на крэсла зашаранелае футра і прайшоўся туды і сюды па пакоі, тручы скалелыя рукі.
— Мароз аж трашчыць. Зусім адубеў.
— Я паставіла самавар — зараз будзе гатоў.
I замоўклі абое.
Карызна хадзіў ды хадзіў па пакоі, удаючы, што ніяк не можа сагрэцца. А Марына Паўлаўна ведала: прывёз ён з сабой з раёна нейкае новае ўзрушэнне і карціць яму выказаць яго каму-небудзь, а ён не можа: цеперся ўжо парвалася паміж іх сяброўская блізкасць. Хоць і не злуюць адно на аднаго, хоць і цёплая ласка ўзгарыцца, зацьмее часамі, а нутро адкрыць адно аднаму — нейкі прыкры, мулкі сорам.
У Марыны Паўлаўны сэрца знібіць тупым жалем. З якой бы радасцю падзяліла яна ягонае ўзрушэнне, ягоную радасць ці смутак, усё роўна. А ён не бачыць гэтага ў ёй — правалілася ўсё ў пустэчу бясцветных вачэй — і балазе што не бачыць: было б, пэўна, цяжэй і яму і ёй.
Карызна, п'ючы чай, відочна спяшаецца. I на твары ў яго адбіваецца ўжо добра знаёмае Марыне Паўлаўне турботнае замяшанне: ён зараз устане, з удаванай злоснай рашучасцю апранецца і пойдзе наўмысна гучнымі размашыстымі крокамі.
Марына Паўлаўна ведае, куды ён пойдзе. Яна тады ўкленчыць на сваёй аблюбёнай канапе і будзе доўга-доўга ўзірацца ў заваконную цемру.
Сымон Карызна як сакратар сельсавецкае ячэйкі ездзіў у раён на пленум райкома партыі, і ўзрушэнне, якое панёс ён ад свае жонкі, было агульнае ўзрушэнне ўсяго калектыву — добрае, бадзёрае ўзрушэнне, імпульс да новае пладатворнае працы...
У вострай, троху бязладнай і троху ўрачыстай сумятні раёна, у неабыкла напружаным ходзе пасяджэнняў пленума, у праявах па-баявому адкрытай дружнасці паміж усіх партыйцаў пачуў Карызна новы павеў нязгаснае рэвалюцыі, якая праз спакойныя гоні аднаўленчае працы падышла да апошняга штурму старога свету. I з сакавітаю свежасцю ўзнялося ў Карызны даўнейшае, астоенае карпатлівымі днямі апошніх гадоў: імклівае парыванне наперад, лёгкая ўзнятасць і ўпарты, троху гуллівы задор.
Ён чуў, што ў рэспубліцы зачынаецца новая баявая эра.
Сакратар райкома ў сваім дакладзе гаварыў пра вялікі пералом, пра рэканструкцыю, пра рэвалюцыйную пераробку вёскі, пра гераічны энтузіязм будаўніцтва. Сакратар райкома — з выгляду зусім нязначны чалавек, хударлявы, твар смарчкаваты, нос хоць і даўгі, але не надта паважны. Вялікія словы ўзнімалі сакратара райкома, надавалі яму больш сталасці і разам з тым раскрывал і яго; нават троху дзіўна было, што ўнутры гэтага ціхага чалавека столькі стрыманае сілы, энергіі і запалу.
Карызна памятае, як усяго месяцы з тры таму прыехаў быў у іхні раён таварыш Гайдук. Карызна сядзеў тады акурат у кабінеце Рачкоўскага, старшьші РВК. Старшыня РВК, прысадзісты, камляваты мужчына з размашыстымі рухамі і грымотным голасам, перш не зважаў зусім на несамавітага наведніка (даўгі пашарпаты кажух, маргелка на галаве, на нагах — грамоздныя боты), потым павёў па ім сярдзіта-дзелавым поглядам і прагрымеў:
— У вас якая справа, таварыш?
I калі той паказаў свае паперы, ён не схаваў свайго шчырага здзіўлення:
— Дык, значыць, вы — Гайдук?
Гайдук прыехаў быў проста з партыйных курсаў, і ў яго не было ніводнага чамадана, ніводнае скрыні. Той першы дзень ён аж дацямна праседзеў у кабінеце старшыні РВК, і калі нарэшце старшыня запытаў у яго:
— Дзе ж вашы рэчы?
Ён ціха і спакойна адказаў:
— Мае рэчы вось у партфелі і ў гэтым клумку. А начаваць я, мабыць, пайду да цябе, старшыня. Мы яшчэ сёе-тое абмяркуем сягоння.
Рачкоўскі і Гайдук цалкам дапаўнялі адзін аднаго. Гайдук быў спакойна-разважны, строга лагічны. Рачкоўскі — адрыўчаты, інтуіцыйны. Гайдук быў паступовы і роўны, Рачкоўскі — напорны, імклівы. Гайдук знаходзіў і цвёрда трымаў лінію ў працы раёна. Рачкоўскі абарачаў яе ў энергічна ўдарнае дзеянне. Заўсёды, як абмяркоўвалі тую ці іншую справу, праводзіў сваю думку Гайдук — так павялося ад першых дзён ягонага прыезду, — але Рачкоўскі заўсёды быў упэўнены, што тон дае ён, што ўсё робіцца па ягонаму меркаванню. I кожны раз, як Гайдук рабіў якую трапную прапазіцыю, Рачкоўскі нязменна ўзіраўся ў яго з шчырым здзіўленнем, быццам казаў сам сабе: «Бач ты, і ён часам можа людскае нешта прыдумаць».