Завялася справа гэтая ад Галілеевага візіту да Шыбянковых, які, праўда, меў зусім іншую мэту: апанаваны сваімі універсальнымі турботамі і непакоем, Галілей пайшоў быў да Андрэя Шыбяпкова даведацца, як ён ненавідзіць Гвардыяна, свайго ворага, і як гэтая нянавісць спалучаецца з тою агульнаю завірухаю, што ўзнімаецца наўкола і нясе з сабой вялікую, яшчэ не ўсвядомленую Галілеем, ператруску.
Як зазвычай, прыцюпаў Галілей да Шыбянковых раптоўна, з разгону, але сваім з'яўленнем не здзівіў нікога, бо добра вядомы быў ягоны характар і даўно ўсе да яго прызвычаіліся. У дзвярах ён затрымаўся на нейкі час, бо старыя расківаныя дзверы ніяк не хацелі зачыняцца. Тацяна, смеючыся, гукала яго:
— Кіньце, дзядзька Ахрэм! Кіньце! Яны гэткія зроду. Заходзьце ў хату.
Але Галілей не зважаў на запрашэнне, а так і тоўкся ля дзвярэй аж датуль, пакуль не даў ім рады, прыладзіўшы да іх нейкую тэхніку.
— Дзень добры, людцы! Мароз на дварэ, і ў хаце не цёпла... Босы, ідзі ў сенцы...
Тацяна сустракала яго сваёй роўнай светлай усмешкай.
— Во, каб дзядзька часцей да нас залучаў! Мо б хату нам паправіў хаця, а то ўся відзьма раскідаецца. Сядайце, дзядзечка, у нас!
Андрэй ляжаў на лаве за сталом і чытаў газету. Як увайшоў Галілей, ён паволі ўзняўся і, каб прывесці сябе да ладу, раскудлачыў пальцамі і так добра раскудлычаную чорную як смоль шавялюру.
— А я прылёг па абедзе... Млявасць нейкая, ліха ведае... Сядайце ж, чаго стаіце там!
Галілей прытрусіўся бліжэй, але па свайму звычаю не сеў, а стаяў, непакойна тупаючы на месцы.
— Акалелі, дзядзька Ахрэм?
Тацяна не ўрымсціла, каб не пажартаваць.
— Ідзі ты! Гэта дзядзька тупае з вясёласці— кроў гуляе.
Галілей строга зірнуў на яе (не любіў стары жартаў) і спакойна растлумачыў:
— Я ў Гвардыяна чай піў, дык добра сагрэўся... ага...
I безуважна зірнуў у маленькае зашаранелае акенца.
А зманіў жа стары хітрун, ніколі ён у Гвардыяна не піў таго чаю і не ўзяў бы ніколі, хай там немаведама што!
Шыбянкоў пусціў у свае чорныя вусы дамысную ўсмешку, якую Галілей схапіў на ляту.
— Яно добра маразком пагрэцца. Няма вось у нас самавара, на яго ліха.
— А ў Гвардыяна аж тры... ага... I ўсе розныя. Во гэткі, гэткі і гэткі... ага...
(Стары ніколі ніякіх самавараў у Гвардыяна ў вочы не бачыў.)
Андрэй прабурчаў скрозь зубы:
— Багатыр.
Тады Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку.
— Добры чалавек, гэты Гвардыян... ага... Душэўны ён чалавек...
I ўвесь напружыўся ў пільнай увазе. Андрэй усміхнуўся той самай дамыснай самаўпэўненай усмешкай.
— Гэтаму добраму чалавеку добрую пятлю на шыю, дык бы сама пад пару было...
— Дык яно, можа, да гэтага і дойдзе? Ага... Мусіць жа, будзе нешта ім, гэткім? Га?
I мізэрная барадзёнка ў старога затрэслася ад заціснутага ўсярэдзінс ўзрушэння. Во зараз, во тут нешта скажа Андрэй — тое, што патрэбна яму, за чым ён нрыйшоў сюды, узброены тонкай сваёй дыпламатыяй. I праз Андрэева раскрытае нутро, як праз маленькую шчэлачку, ён убачыць зараз тое вялікае, страшнае, што нясе Гвардыянам новая завіруха, і ясней яму стане тады — якая гэта ёсць рэвалюцыя, супроць каго яна ідзе і ў які бок мае павярнуць людское жыццё.
Адылі не выходзіць так, як стары меркаваў. Андрэй Шыбянкоў, мабыць, добра шануе сваю старую, закаранелую ў сэрцы нянавісць і не хоча марна растрасаць яе ў пустых выпадковых словах. Ён данясе яе да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы.
I Андрэй Шыбянкоў проста не адказвае ні слова на падступнае Галілеева запытанне. Ён адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Галілею робіцца дужа ніякава, і ён пачынае дробненька кхекаць, нібы просячы прабачэння.
— Кхе... кхе... Хто яго... Усё можа быць... ага... усё можа быць...
Тады Тацяна падыходзіць да яго і таемна, па-змоўніцку кратае яго за рукаў.
— Чуеце, дзядзька Ахрэм, а баіцца ён, га? Дужа баіцца?
— Кхе... кхе... Баіцца... Дужа баіцца...
Тацяна смяецца, здаволеная, і, цёпла зазіраючы ў твар Галілею, гаворыць ласкава, нібы суцяшаючы:
— Хто баіцца, той сам сабе прысуд дае... Ведаеце, дзядзька, як кажуць: хто парася ўкраў, у таго ўвушшу пішчыць. Мы вось не баімся, ані не баімся. Хай хоць што будзе, хоць уся зямля перавернецца, дык мы нічогачка не баімся. Ага?
— А я баюся, кхе... кхе... Я баюся вось... ага... баюся...
Тацяна смяецца — весела, жартліва.
— Дзядзька чай піў у Гвардыяна!
Андрэй дасадліва махнуў на яе.
— Ат, дзе ён піў! Слухай ты яго... Галілей будзе піць чай у Гвардыяна! Смех!..