Дашчэнту выкрыты Галілей бяжыць да дзвярэй з відавочным намерам уцячы, але, ужо ўзяўшыся за клямку, раптам сунімаецца, з хвіліну раздумвае аб нечым і, вярнуўшыся, падбягае да Тацяны:
— Ну, Тацяначка, а хто ж судзіць будзе яго, а хто ж адказ будзе браць у яго? А хто прысуд накладаць?
Тацяна троху здзіўлена, а троху распацешана глядзіць, як сутаргава трасецца Галілеева барадзёнка. Яна перш жартліва адмахваецца:
— Пэўна, што не мы з вамі, дзядзечка.
Адылі бачыць настойлівае, да болю напятае чаканне на Галілеевым твары і кажа ўжо больш сур'ёзна.
— Знойдзецца нейкі суддзя. У нас толькі на гэтага злосць на аднаго, а судзіць будзе, хто на ўсіх на іх злосць мае...
Андрэй мычыць і зрываецца з лаўкі. Але не гаворыць ні слова. Толькі перайшоў тугімі крокамі цераз хату ды вярнуўся на месца. Галілей добра разумее, што гэта значыць. Андрэй Шыбянкоў нікому не хоча здаць права судзіць свайго злосніка. О не! Ён не згодзен на гэта! Не на гэта насіў ён у сабе праз столькі год лютую нянавісць сваю, каб нехта другі за яго расквітваўся! Ён сам будзе суддзя!
Тады адразу згасае ў Галілея ўсякая цікавасць да Андрэя Шыбянкова — ён бачыць, што нічога не дастане ў яго, ніякага сабе праяснення, бо не чалавек тут кіруе злосцю сваёй, а злосць кіруе ім. Галілей не зважае больш на Андрэя. Але ад Тацяны не адстае. Нават прысеў, стары дзівак, да маладзіцы, пільна ўглядаецца ў яе сваімі маленькімі пранізлівымі вачмі. І раптам — ні з таго ні з сяго — пытаецца:
— А вось як, Тацяна... ага... Ці гэта ты кінула свайго мужыка, ці ён прагнаў цябе?
Тацяне няўцям, навошта гэта старому, і, каб часам не ашукацца, яна зводзіць на смех:
— Авой, дзядзька! Ці не сватаць маеце, што дапытваецеся...
Галілей строгім позіркам сунімае яе жартаўлівасць. Тады яна адказвае такім тонам, які выяўна паказвае, што яна маніць:
— Мужык прагнаў. Дадушы, мужык прагнаў...
Галілей насупар адказу яе пытае далей:
— Чаму ты кінула яго?
Тады, пераможаная яго настойлівасцю, Тацяна шчыра і проста расказала яму:
— Убачыла, што ён не кахае мяне. А як жыць так, без кахання, ды чакаць, пакуль ён набярэ розуму, каб прагнаць цябе, дык лепш жа самой пайсці загадзя. Нечага жыцця пабачыш ды за маладыя гады яшчэ і знойдзеш сабе каго пад пару. Ці праўда, дзядзька Ахрэм?
Галілей паціху мыркаў сабе пад нос, нешта вымяркоўваючы. Так пасядзеў яшчэ з хвіліну, а тады страпянуўся і патрусіў да дзвярэй, буркнуўшы нешта невыразнае на развітанне.
У той самы дзень увечары Галілей тупаў на кухні ў Карызнаў. Марына Паўлаўна мыла бялізну, і ў кухні поўна было густое душнае пары. У гэтай пары яны адно аднаму былі няясныя, расплыўчастыя, нібы не людзі, а туманныя сілуэты людзей. I з-за гэтае няяснасці, як аднекуль здалёку-здалёку, голас Марыны Паўлаўны гучаў глуха, адчужана, нібы гаварыла яна з некім іншым, а Галілей неўзаметку падслухваў:
— Дзве сястры нас было. Ліда была год на тры старэйшая за мяне. Яна і больш адукаваная была, чым я, — шэсць класаў гімназіі скончыла. Усе думалі, што гэта ён дзеля яе, дзеля Лідкі, ходзіць. А ў мяне і падумкі не было, каб гэта як іначай. Бывала, пасяджу-пасяджу троху ды ўцяку. Сорамна мне неяк, і крыўдна, і немаведама што. Здаецца, што замінаю ім абаім. I доўга вялося так, пакуль не паехала была Лідка да цёткі на нейкі час. Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас, бо ўжо прычыны няма. Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. I маркотна так стала, крыўдна, а чаго — немаведама. Аж ён назаўтра і прыйшоў, ды такі вясёлы, здаволены, нібы рад, што Лідка паехала. Мне дык добра, а мамцы не ўпадабалася — мамка ўжо мела свае пэўныя планы. Ён гэта заўважыў і не прыходзіў больш, а назначыў мне потым сустрэчу, ды дзе ж? — на могільніку! Перадаў неяк запіску праз малых. Я яшчэ думала, што гэта ён нешта наконт Лідкі, мо перадаць ёй што хоча, ці як, — дык пайшла. А так не адважылася б, мусіць, каб ведала... Могільнік у нас быў у лесе, паблізу сяла — туды часта гуляць хадзілі. Але ў той вечар хоць бы хто—пуста-пусценька... Сяджу я, калачуся ўся чыста, і страшна мне, і трывожна, і сумна-сумна чамусьці. Хацела ўжо было ўцякаць, аж ён падышоў. Ды такі смешны — ціхі такі, палахлівы, як малы. Хоча нешта сказаць і не важыцца, усё — бачу я — не пра тое гаворыць. А як сказаў нарэшце, што гэта дзеля мяне ён хадзіў, што кахае, і тое, другое, дык я, дурная, схапілася з месца ды ўцякаць, ашалеўшы. Як злавіў ён, дык нават крычаць хацела, ледзь угаварыў тады... Смешны ён быў, пацешны такі...
Марына Паўлаўна сціхла і ў глыбокай задуме, у бяздоннай углыблёнасці ў сабе стаяла над начоўкамі, кінуўшы церці бялізну, але не мяняючы паставы, нібы раптам сярод работы закамянела, абярнулася ў нерухомую статую.