Галілей стаяў, зацяўшы дух, каб не парушыць яе дзіўнае самаўглыблёнасці, і толькі пільна-пільна ўзіраўся ў яе, нават пасунуўся троху наперад, нібы ўбіраў у сябе вобраз яе смутнае ціхасці.
Марына Паўлаўна выпрасталася, адхінула з ілба валасы.
— Замарылася дужа. Паназбіралася гэтага рыззя... Трэба б паклікаць каго памагчы, дык сама не ведаю каго...
I, цяжка ўздыхнуўшы, зноў схілілася над начоўкамі і працавала нейкі час моўчкі, упартым напружаннем адганяючы ад сябе ўсякія — і добрыя і дрэнныя — думкі. Адылі твар яе праясніўся мяккаю летуценнасцю, і кволая ўсмешка кранула яе туга сашчэмленыя вусны. Яна абярнулася да Галілея, маючы сказаць нешта цікавае ёй і прыемнае, аж там, дзе стаяў Галілей, адно плавалі густыя клубы пары. Пакуль яна дзівавала гэтаму непрыкметнаму яго знікненню, дзверы раптам адчыніліся, і ў іх паказаліся перш вялізныя начоўкі, а за начоўкамі ружовая з марозу, уся прасякнутая яснаю вясёласцю жанчына.
— Авой, туман які! Аж не відаць нічагутка. Дзе тая тут гаспадыня? Ці возьме яна да сябе ў талаку?
За плячмі ў яе цёрся ў замяшанні Галілей.
Марына Паўлаўна знала Тацяну толькі з твару, так ніколі не стыкалася з ёй, але ўсё роўна сустрэла яе ветла, радасна — такі ўжо быў у маладзіцы адкрыты прывабны выгляд.
— Заходзьце, зрабіце ласку! Але нашто гэта турбацыя? Гэта ўсё дзядзька Ахрэм — вечна ён што-небудзь выгадае... Як вам не сорам, дзядзька Ахрэм!
Але Галілей ужо змыўся — жанчыны асталіся адны. Роўна, спакойна гамонячы, нібы працягваючы старую няскончаную гутарку, Тацяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Гаваркая Тацяна без канца апавядала ёй разныя цікавыя гісторыі ці з свайго, ці з чужога жыцця, падаючы ўсё ў такім тоне, які мімаволі настройваў на лёгкія жартліва-іранічныя адносіны да жыцця і будзіў смелы бязрупатны смех, якога даўно ўжо не знала Марына Паўлаўна. Расказала Тацяна ўсю гісторыю свайго замужжа, і хоць шмат чаго тут знайшла Марына Паўлаўна блізкага сабе, балюча перажытага, але ў святле пацешнага Тацянінага апавядання здалося яно куды прасцейшым, звычайным і не толькі не раструіла незагоеных ран, а ў значнай меры падбадзёрыла Марыну Паўлаўну.
Гадзіне а дзесятай прыйшоў Сымон Карызна. Ён хацеў быў ужо, насупіўшыся, прайсці моўчкі праз кухню (Марына Паўлаўна, ці толькі ляпнулі дзверы, ураз спахмурнела, настаражылася), дык Тацяна зачапіла яго:
— Недзе позна ходзіць наш гаспадар — не варта б і пускаць яго, хай бы пакалеў на марозе.
Карызна зірнуў на яе ў сярдзітым здзіўленні, адылі ўбачыў яе смелую задорную ўсмешку і памякчэў.
— Раз дзве гаспадыні ў хаце, дык гаспадару няма чаго баяцца: каторая-каторая ды пашкадуе, упусціць.
— А мо ніводная?
Карызна звярнуўся да жонкі:
— Марына! Можа б, вы тут як-небудзь самавар нам зарганізавалі, зараз прыйдзе Зелянюк — мы абодва пакалелі, як цюцькі.
I праўда, праз якіх хвілін пяць з'явіўся Зелянюк. Ён доўга тупаў на кухні, адаграючы ногі, вохаў і гутарыў з жанчынамі.
— Балазе што хоць трапіў нарэшце да цёплага месца. Каля цётак, можа, і адыду троху. Як маешся, Тацяна? Не думаеш яшчэ назад да мужыка вярнуцца?
Тацяна аж расплылася ад здаволення.
— Авой, усё ж ён ведае, пралаза. Навошта мне той мужык, калі хлопцаў даволі. Ды яшчэ з горада панаехалі — пэўна, да маладзіц да нашых, бо свае, гарадскія, ужо надакучылі.
— А што ж ты думала! На тое і ў калгас вас цягнем. Пазаганяем усіх у калгас, дык тады ўжо і рады не дасцё, бо агульныя, усіхныя, не маеце права і адбівацца.
— А можа, дасць Бог, ніхто і не спазарыцца на нас, на старых. Ці маладзейшых ды харашэйшых няма?
Зелянюк падміргвае ёй сваім касаватым вокам.
— Бач ты, перастарак які знайшоўся.
I здаволеная Тацяна дражліва смяецца, адчуваючы сваю і маладосць, і нязбыўную сілу свайго гарачага жаноцтва.
Гэты вечар даў многа спакою Марыне Паўлаўне. Так ішло ўсё ціхамірна і разам з тым весела, жвава, што здавалася, нібы нічога і не было ў іх з Сымонам, нібы па-ранейшаму жывуць яны непарушным сямейным ладам — без асаблівае, праўда, пачуццёвае блізкасці, але дружна, спакойна. Сымон таксама адчуваў гэта і таксама быў здаволены, і абое яны з ласкавай удзячнасцю пазіралі на гэту простую вясёлую жанчыну, што патрапіла ўнесці ў іхнюю хату даўно патрачаную тут раўнавагу.
Як адыходзіла Тацяна, Марына Паўлаўна неўзаметку адвяла яе ўбок і, нервова сціснуўшы яе за руку, шаптала: