Выбрать главу

На гэтым пленуме лагічна-выразны, мерны (хоць і падкрэслены нутраным стрыманым агнём) даклад сакратара райкома дапоўніў Рачкоўскі сваім, як зазвычай, нязграбным, важкім, насычаным грубаю воляю выступленнем. I цяжка сказаць, хто з іх больш узняў у прысутных той непакойна-імклівы настрой, які разам з іншымі захапіў і Карызну.

У перапынку астаўся быў неяк Карызна адзін на адзін у кабінеце з Рачкоўскім. Той парыўчата прайшоўся разы са два па пакоі (ідучы, ён перавальваўся, як качка), потым стаў за сталом, пацёр энергічна рукі, абапёрся імі аб стол і, нахіліўшы над сталом сваё цяжкое тулава, мнагазначна ўпяўся вачмі ў Карызну:

— Ну, браце, як?.. Кумекаеш, га?..

Карызну стала надзвычай лёгка і весела. Ён з маху лэпнуў Рачкоўскага па мясёным плячы і, радасна смеючыся, адказаў:

— Разумею, браце, на ўсе сто працэнтаў.

— Прыйдзецца нам, Сымонка, з табой бадай што ўвесь свет перавярнуць... га?.. Праўду я кажу ці не?

— Ці дзіва, што перавернем. Аж затрашчыць.

I тады Рачкоўскі, важка адкінуўшыся назад, нечакана зарагатаў магутным раздольным смехам. Потым суняўся, падышоў да Карызны і самадавольна падміргнуў:

— Сакратара б яшчэ мне... га?

I лёгенька тыркануў Карызну пад бок. Карызна прамычаў нешта невыразнае. Ён ведаў, што Рачкоўскі гэта — так сабе, з форсу, што ён Гайдуком цалкам здаволены.

Карызна падабаў Рачкоўскага і сябраваў з ім. Яны ці мала год працавалі разам з ім і тут, у гэтым раёне, і яшчэ там, дзе Карызна раней быў за настаўніка. Бадай што ў адну пару яны і пераехалі сюды, у гэты раён. Звязвала іх аднаго з адным, апроч спраў службовых ды партыйных, яшчэ многа чаго інтымнага, пра што ўспаміналі часам яны нібы з сарамлівай, але ў сутнасці прыемнай і давольнай усмешкай.

На пленуме райкома было некалькі новых незнаёмых таварышаў, што прыехалі з цэнтра дапамагаць мясцовым працаўнікам перабудоўваць вёску. Адзін з гэтых брыгадзіраў чамусьці звярнуў асаблівую ўвагу на Карызну. Ён доўга прыглядаўся да яго, бадай што хадзіў следам за ім, а тады падышоў і запытаўся:

— Дык гэта вы — Сымон Карызна?

I адкрыта глядзеў на яго не то наіўнымі, не то хітраватымі вачмі.

Карызна здзівіўся:

— Чаму вы пытаецеся?

Замест адказу той загадкава ўсміхнуўся і не кідаў з цікавасцю разглядаць Карызну. Карызна зноў запытаў:

— Мы, можа, дзе сустракаліся? Вы мяне знаеце?

Брыгадзір унікліва і невыразна матнуў галавой (можа, і знаю, але не будзем пра гэта гаварыць) і, занядбаўшы Карызнава запытанне, стаў дапытвацца пра стан работы ў Карызнавай ячэйцы.

Звалі брыгадзіра таго — Зелянюк, і быў ён зусім малады яшчэ хлопец, тонкі, драбнявы, але не малы, з досыць прыгожым, толыкі залішне бледным і рэзкім тварам.

Як Карызна садзіўся ўжо ехаць дахаты, Зелянюк гукнуў яго ад дзвярэй райкома вясёлым, па-дзяцінаму звонкім голасам:

— Чакай, Карызна! Чакай!

I, падбегшы, з маху кінуўся ў розвальні.

— А я ўсё ж такі да цябе еду, у тваю ячэйку. Папрацуем разам, га?

I, вальготна пасунуўшыся на сядзенні, ёмка штурхануў Карызну пад бок.

Дарогай яны многа аб чым перагаварылі, але Карызна, недаверлівы і сцеражлівы, трымаў скрозь дзелавы, пагадліва-ласкавы тон, не ўпадаючы ў асаблівую гаварлівасць. Нават сваё ўзрушэнне, узнятае пленумам, ён чамусьці стараўся сціскаць у сабе, не даваў яму выйсця.

А Зелянюк аб усім дапытваўся, аб усім дазнаваўся, ані не хаваючы і не саромячыся свайго нязнайства ў драбніцах вясковага жыцця. Што далей, то ўсё больш і больш ён браў да свайго спадарожніка заўзята пабрацімскі, нават троху нахабны тон. I паміж гутаркі ўсё разглядаў яго, раз-пораз усміхаючыся сваёй загадкавай усмешкай.

Карызну гэта не зусім падабалася.

3

Сацыяльнае паходжанне ў Веры Засуліч было несамавітае: яна роджана была ў сям'і сядзельца з «казенной винной лавки». Гэта часам непрыемна турбавала яе дасканала шчырае сумленне, але ў роспач з гэтага яна не ўпадала, а, наадварот, праціналася яшчэ мацнейшым імкненнем да працы над сабой, да найглыбейшага ўкаранення ў плодную глебу сучаснасці. I трэба сказаць, што сярод усіх местачковых настаўніц яна лічылася за самую актыўную, палітычна пісьменную, энергічную, спраўную і чулую да грамадскага жыцця працаўніцу.

Росту яна была сярэдняга (можа, трошачку нават ніжэй), у фігуры — стройная, тварсмела белы з вялікімі не то цёмна-карымі, не то чорнымі вачмі. Апранута была заўсёды чыста і сціпла, без надужвання спакуслівымі аксесуарамі местачковых мод. Таму ў жанчын і ў павярхоўных кавалераў аўтарытэту не мела, але сур'ёзным людзям падабалася і за два гады жыцця ў мястэчку набыла ці мала па-рыцарску адданых прыхільнікаў, сярод якіх першае месца, бясспрэчна, займаў загадчык сямігодкі Сымон Карызна.