Галілей не ўрымсціў: ступіў на два крокі наперад і запытаўся:
— А скажыце, тая рэвалюцыя ці скончылася?
— Якая тая?
— Што была супроць паноў.
Карызна няўцямна паціснуў плячмі.
— Кожная рэвалюцыя пераходзіць паступова праз колькі стадый — мы цяпер уступаем у новую стадыю тае самае рэвалюцыі, што была супроць паноў.
— А цяпер супроць каго?
— I цяпер супроць паноў, супроць кулака, заўтрашняга пана. Кулак — зласнейшы эксплуататар яшчэ, ніж сапраўдны пан. Наша мэта — знішчыць кулака і разам з ім усякую эксплуатацыю чалавека чалавекам.
Галілей чамусьці перапытаў:
— Супроць кулака?
I зноў адступіўся ў свой куток.
I было ў тоне гэтага Галілеевага запытання нешта такое значнае і праканалае, што адразу адвяло ўсіхную ўвагу ад агульных разваг да канкрэтнага, блізкага, да непасрэдна датычнага мястэчка, бліжэйшых вёсак, жывых людзей — знаёмых, прыяцеляў, ворагаў. I бадай што толькі цяпер усё тое, аб чым красамоўна гаварыў Карызна, паўстала перад усімі ў жывой і яснай форме, з усёй сваёй важнасцю і складанасцю, з чорным пераплётам магчымых цяжкасцей і перашкод.
У Віктара вочы задыміліся шчырай турботай.
— Ведаеш што, Карызна? Ці не варта паставіць нам заўтра яшчэ пытанне аб камсамольскай дысцыпліне. Мне здаецца, што ў нас тут не ўсё добра. Трэба падцягнуцца... Як ты ўважаеш?
— Добра, добра... I на вясковых камсамольцаў трэба ўвагу звярнуць... Асаблівую ўвагу.
I яны, працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы.
Вера глядзела на іх з ціхай роўнай увагай, зрэдку ўстаўляючы і сваё меркаванне. Іншыя ўсе пачулі сябе тут лішнімі.
Галілей у сенцах клікаў Босага.
Плакс крыкнуў яму:
— Пачакай, разам пойдзем!
I пайшоў следам за ім. Ідучы, ён з мнагазначнай спакойнасцю запытаў:
— Чуў, Галілей, га?
Галілей дробна трусіўся побач цьмяным мізэрным ценем. Верхняя палавіна яго хударлявага тулава была, як зазвычай, выцягнута наперад, нібы прыглядаўся ён да чаго ці што вынюхваў перад сабой. Не змяняючы паставы, ён на хаду адказаў:
— Кхе... кхе... Трэба памеркаваць... ага... Перш яно тое... якая гэта ёсць рэвалюцыя?.. Ці скончылася яна тая, ці не?.. Можа, гэта другая ўжо... ага...
Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну.
— Ат, Галілей, навошта табе мудраваць? Навошта табе гэта канечна ведаць, ці тая яна, ці друтая! Кожная рэвалюцыя ёсць рэвалюцыя... Нам з табой, людзям тэхнікі і навукі, з кожнае рэвалюцыі будзе патроху цукру і патроху перцу... Сацыялогія!
Галілей маўчаў. Галілей натрапіў у жыцці сваім на вялікую і цікавую праблему. Яго не абыходзіць тое, ці датыча яна яго непасрэдна, ці не — ён усё роўна будзе з гарачай упартасцю, як мяцежны юнак, ламаць над ёй галаву, пакуль не дойдзе нейкага выніку.
Такі ўжо Галілееў характар!
...Карызна на колькі хвілін затрымаўся адзін у Веры Засуліч. Яна не здзівілася — яна прывыкла ўжо да частых ягоных візітаў. А мо яна нават дагадвалася пра яго пачуццё да яе? Мо ён дарма толькі пяўся схаваць яго, не даць яму выйсці наповерх?
Ён сядзіць і моўчкі глядзіць на яе — балазе яна адвярнулася і не заўважае ягонага погляду. Ён дужа любіць так моўчкі сядзець, і глядзець, і слухаць, як мяккімі хвалямі ўзмываецца ўнутры добрая такая, салодкая пяшчотнасць. Але хвалі растуць і растуць, займаюць ужо ўсю істоту і выліваюцца ў невыразнае парыванне. Ён устае і пачынае хадзіць па пакоі размашыстымі энергічнымі крокамі. Але рухі не разбаўляюць настрою, і ён пачынае гаварыць — вядома, пра справы, пра што ж ён больш будзе гаварыць з Верай Засуліч?
— У мяне, Вера, цэлы пераварот зрабіў гэты пленум. У раёне ўжо адчуваецца такая, ведаеш, бадзёрая, баявая напружанасць, у якой чуецца, што нешта адбываецца вялікае, неабыклае. Сапраўды, я нібы вярнуўся на колькі год назад... Ты не смейся, Вера, гэта не пустыя словы, не жарт. А як працаваць хочацца, якая энергія, ахвота! Што больш відаць цяжкасцей наперадзе, то большы задор: а ўсё-ткі наша возьме, а ўсё-ткі мы, бальшавікі, пераможам. У гэтым сэнс змагання, Вера, у гэтым радасць змагання.
Вера неадрыўна глядзіць на яго, і ў яе вялікіх — не то цёмна-карых, не то зусім чорных вачах застыла глыбокая ўвага. Гэта яшчэ больш акрыляе яго, надае яму натхнення, і ён гаворыць далей:
— Як гэта дзіўна, Вера! Сёння ў нас тут яшчэ ўсё ціха, спакойна — мы яшчэ спім, закалыханыя роўнаю плынню будзёншчыны,— а заўтра ўсё завіхрыць, забурліць, вынырнуць наповерх усе прыхаваныя супярэчнасці, пачнецца цэлы гармідар... I тут вось пакажа сябе чалавек, сваю сілу і здольнасць. Паглядзім, хто чаго варты!