...Якая ідзе рэвалюцыя? Ці тая яна, ці нейкая іншая, новая. Куцы яна пойдзе?
У Галілея гэтулькі клопату! Галілеева сухенькая галава проста трашчыць ад турботных думак.
...Ішлі разам са сходу: Карызна, Пацяроб, Віктар і брыгадзір Зелянюк. У Карызны асталося цьмянае нездавальненне, сход быў відочна няўдалы. Пацяроб лаяўся і ўсё даводзіў, што трэба больш рашуча, што трэба «закруціць, каб...» і г.д. Зелянюк весела смяяўся, успамінаючы асобныя сцэнкі са сходу. Ён быў цалкам здаволены.
— Пачатак добры... Трудна было чакаць лепшае ўдачы.
Карызна здзіўлена і троху дасадліва запытаў:
— У чым тая ўдача?
— Як у чым? Гэта ж зусім зразумела... Галоўнае нам — разварушыць сялянскую думку. А ці ж гэтага няма? Бабскі гармідар — гэта ж знадворнае выяўленне патрэбнага нам разварушэння. Мужчыны, безумоўна, такога самага настрою, як бабы, толькі дыпламатычна маўчаць. Дармо! Хай памаўчаць, хай пакумекаюць. Раз узрушыліся, раз злуюць, крычаць, значыць — дадзела, узяло за жывое, значыць, добра, глыбока падумаюць над усім гэтым. I вось—найлепшая глеба да далейшае працы. Разумееш, дружа?
I ён весела падміргнуў Карызну сваім касаватым вокам.
...Што ж, можа, ён і мае рацыю. Можа, і сапраўды гэта добра. Ды Карызна таксама не надта ўдаецца ў роспач. Хай бы сабе і няўдача была тут — дармо, яго гэта не спыніць: ён умее змагацца з перашкодамі.
У Карызны таксама зусім добры, бадзёры настрой.
Мястэчка, у якім разгортваецца дзея гэтага апавядання, хоць нічым бадай не розніцца ад звычайнага сяла, але ж сяло тое вялікае. Яно рассыпаўшыся па двух узгорках, паміж якіх цячэ невялікая рэчка Сівец (гэткую ж назву мае і мястэчка). На Сіўцы стаіць млын. Гады з два таму тут пабудавалі новы, высокі ды моцны мост.
Такім чынам мястэчка дзеліцца на дзве часткі. Адна чысцейшая, дзебялейшая, — там адміністрацыйны, гаспадарчы і культурны цэнтр: сельсавет, кааперацыя, школы (пачатковая і сямігодка), аптэка ды інш. Гэта — уласна Сівец, бо другая частка хоць у паперах таксама Сіўцом азначаецца, але ў простым народзе зазвычай завецца пагардлівай назвай — Сівалапы. Тут ужо — праўдзівая веска. Ды яшчэ якая вёска: убогая, брудная, закаржавелая ў сярэднявеччым побыце. Адзін мінскі этнограф перабыў тут неяк аж цэлае лета — дык быў у цудоўным захапленні ад непарушнае сівалапаўскае цаліны і, ад'язджаючы, мілосна кулдыячыў:
— Я пачуў тут сапраўдны дух Беларусі!
У Сіўцы (уласна Сіўцы) хоць таксама няма камяніц ці нават гарадскога тыпу драўляных будынкаў, але ёсць ці мала добрых, раскошных і чыстых пяцісценак. У Сівалапах жа ўсяго адна людская пяцісценка, праўда, з разьбяным ганкам і фарбаванымі вокнамі. У пяцісценцы ў той жыве селянін-серадняк Малах Тодараў Загароўскі.
I акурат у гэтай у пяцісценцы, акурат у гэтага ў селяніна-серадняка, у Малаха Загароўскага, жыве прыгожая — бадай першая на ўсе Сівалапы, а мо і на Сівец — дачка Аўгінька. А за тэй за дачкой, як кажуць, троху ўлягае недалёкі сусед і таксама хлопец не зломак — камсамолец Віктар, сакратар сівецкае камсамольскае ячэйкі.
Надвячоркам — толькі-толькі сядзе за Сівец гультаяватае зімовае сонца — Аўгінька пачынае турбавацца. Ёй, канечне, трэба знайсці нейкую прычыну, каб кінуць сваё бясконцае, да краю абрыдлае прадзіва і выбегчы на вуліцу. Ну, пэўна ж, ёй трэба збегаць да суседак даведацца, ці збіраюцца сёння ў супрадкі, дый газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва, дый малыя некуды збеглі — мо пайшлі на каўзель, яшчэ патопяцца ўпрыцемку, — ці мала ёй рознага клопату?
А выйшаўшы на вуліцу, яна нікуды не ідзе, а стаіць перад форткай, схаваўшы рукі ў рукаўкі свайго чырвоненькага з чорнай смушковай аблямоўкай кажушка. З захаду яшчэ плыве лёгкая ружаватая яснасць зары — яна насычае Аўгіньчын твар і ўсю яе празрыста-мяккаю цеплынёй, і Аўгінька цяпер яшчэ прыгажэйшая, яшчэ мілейшая, чымся заўседы. Ці дзіва, што Віктар, яшчэ здалёку ўбачыўшы яе, скаланецца ўсім сваім камсамольскім нутром ад раптоўнае хвалі глыбокае нястрымнае пяшчотнасці.
Аўгінька добра ведае, што Віктар зараз будзе ісці ў Сівец, на вечную сваю працу, на нейкі там сход ці пасяджэнне, яна і выйшла наўмысля, каб пабачыцца з ім, але яна і ў той бок не глядзіць — у яе зусім іншы клопат, яна старанна жмурыць вочы, пільна ўглядаючыся туды, пад Сівец, яе цікавіць нешта ў тым баку. I будзе стаяць так і глядзець, аж пакупь не падыдзе Віктар, не аклікне яе: