І так атрымалася, што на з'ездзе народных дэпутатаў і на сесіях Вярхоўнага Савета СССР аб праблемах беларускай нацыянальнай культуры, беларускай мовы сказаць няма каму — нікому не баліць! Як быццам у нас такіх праблем няма, хоць яны ў нас вастрэйшыя, чым у іншых рэспубліках. Аб культуры гавораць у Крамлі рускія, украінцы, латышы, грузіны, армяне, а беларусы маўчаць. І наогул маўчаць. Сядзяць і маўчаць. Слухаюць. Добрых слухачоў мы выбралі ў Вярхоўны Савет краіны! А за беларускую культуру і мову змагаецца, дзякуй яму, Барыс Алейнік.
Дык вось, на выбарах народных дэпутатаў СССР беларуская культура даверу ў сваім жа беларускім народзе не заваявала. Ці зменяцца да яе адносіны на выбарах у Вярхоўны Савет БССР? Баюся, што і на гэтых выбарах дзеячам нашай літаратуры і мастацтва нічога не свеціць. Асабліва калі яны на сустрэчах з выбаршчыкамі будуць гаварыць па-беларуску і горача агітаваць за адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, за выратаванне беларускай мовы і наогул за істотнае павышэнне статуса суверэннасці кашай рэспублікі. Помню, як мне на такіх сустрэчах з выбаршчыкамі нецярпліва крычалі з залы: «А зачем? Зачем это нужно?!» Хачу вам сказаць — пра гэта я нідзе дасюль не гаварыў, — што свой перадвыбарчы марафон у сакавіку месяцы я да канца не прайшоў: пасля сямі-васьмі сустрэч сышоў, як то кажуць, з дыстанцыі, фактычна адмовіўся ад гэтак званай барацьбы за мандат: на шчасце, спатрэбілася паехаць у Маскву на пленум Саюза пісьменнікаў СССР, што вызваліла мяне ад далейшых пакут, ад абраз і прыніжэнняў. Пра якія абразы і прыніжэнні гаворка? Не маю часу, ды і не лічу патрэбным пра гэта расказваць. Калі хто з сумленных беларускіх пісьменнікаў будзе на выбарах у Вярхоўны Савет БССР балаціравацца ў Мінску — той, напэўна, зведае і спазнае перажытае мной не менш за мяне. Адно скажу, дам вам параду: калі хто хоча прайсці ў дэпутаты — старайцеся, каб вашым сапернікам-канкурэнтам быў беларускі пісьменнік: амаль поўная гарантыя, што пераможаце.
Чуў меркаванне: на выбарах кандыдат павінен быць байцом і змагацца да канца. Вядома, павінен. Толькі — якімі спосабамі і сродкамі змагацца? Спекулятыўна даваць абяцанні, якія заведама не здзейсняцца? Арганізаваць грамаду ўдальцоў, якая на другі ж дзень пазрывае ўсе плакаты твайго канкурэнта, як гэта было ў выпадку са мною, а на сходзе будзе прыніжаць яго нетактоўнымі пытаннямі і рэплікамі? Як то кажуць, выбачайце! Кожнаму сваё. Калі інтэлігентны чалавек стане на такі шлях — чым жа ён будзе адрознівацца ад таго самага палітыкана, дэмагога і цыніка? На гэткім шляху і да палітычнага гангстэрызму недалёка. Але, па-мойму, мы, савецкія людзі, не такімі бачым наш лад і вырашэнне палітычных праблем. Мы не трацім і, спадзяюся, не страцім веры, што наш шлях іншы — і іншы маральны грунт, хоць і паточаны чэрвямі нялюдскасці. Грунт, на якім стаіць працоўны народ рэспублікі.
Прапанова выбіраць ад грамадскіх арганізацый, можа быць, і не выклікала б такога супраціўлення, калі б яна была больш прадуманай, але ў нас яна пададзена, выбачайце, у нейкай выродлівай форме. Колькасць грамадскіх арганізацый, якія могуць мець свайго дэпутата, да смешнага вялікая. Нават філатэлісты не забыты! Хай бы мы ўжо не смяшылі людзей і больш паважалі сябе. Але вось — творчыя саюзы рэспублікі. На восем творчых саюзаў адпушчана шэсць мандатаў. Таварышы! Творчы саюз — гэта не грамадская арганізацыя. У грамадскую арганізацыю — хто захацеў, той і ўступіў, ці, прынамсі, калі вельмі захоча і пастараецца. У творчы саюз — на работу пісьменніка, мастака, кампазітара — назначае толькі сам Бог! І вось: на восем творчых саюзаў — шэсць мандатаў. Значыць, скажам, ад Саюза пісьменнікаў можа не аказацца ніводнага дэпутата. Так што, хоць круць-верць, хоць верць-круць, у любым выпадку роля прадстаўнікоў нацыянальнай мастацкай культуры ў Вярхоўным Савеце рэспублікі звядзецца на нішто. Могуць сказаць: а колькі вы хочаце? Рабочых у Беларусі мільён, сялян — мільён, служачых — мільён, лічбы я называю прыблізна, а вас — колькі? Дарагія таварышы, колькасны прынцып тут не падыходзіць. Так. у мастацкай творчасці — на фоне тых мільёнаў — працуе людзей нямнога. Але паспрабуйце выкінуць з нашага жыцця кнігу, музыку, тэатр, кіно, мастацкую выстаўку? І ўявіць такое немагчыма. Грамадства пакрылася б карой маральнай глухаты, хаця ў нас і так з маральнасцю вельмі кепска.