Выбрать главу

НЕ ПАЧУВАЦЦА ЖАБРАКАМІ НА ПАПЕРЦІ

Адказы на пытанні журналіста Вацлава Мацкевіча. «Голас Радзімы» за 4 студзеня 1990 г.

Як вы ставіцеся да нацыянальнай спадчыны беларусаў, створанай у галіне культуры за тыя гады, што перажыў наш народ пры Савецкай уладзе? Як ацэньваеце яе? Бо сёння мы нярэдка чуем, што нічога вартага, каштоўнага не стварылі, што не нацыянальнае ўсё гэта, не наша. Дык што ж мы маем у рэшце рэшт?

Скажу адразу: вельмі шкада, што ў нас сёння мае месца нігілістычнае стаўленне да таго, што стварыў беларускі народ у сферы духоўнай культуры за семдзесят гадоў жыцця пры Савецкай уладзе. Надта ж «добрай» думкі нігілісты пра наш народ! Уяўляеце: тры чвэрці веку дзесяцімільённая нацыя духоўна як бы і не жыла, не развівалася. Можна ў такое, мякка кажучы, несур'ёзнае сцвярджэнне паверыць?.. Самае крыўднае, што да энтузіястаў агульнага ахайвання далучаюцца часам людзі, якіх у недахопе нацыянальнага патрыятызму нібыта і не абвінаваціш. Наадварот: прэтэндуюць на званне змагароў за беларускую культуру, за трываласць і ўзвышэнне беларускай нацыі. Дзіўна! Закрэсліваючы зробленае многімі пакаленнямі, хочам будаваць і ўзвышацца? На якім жа грунце? Сапраўдныя рупліўцы нацыянальнай культуры бяруць на ўлік, берагуць і далучаюць да духоўных скарбаў нацыі нават самую дробную дробачку. А тут — замах на ўсё агулам!.. Выбачайце за рэзкасць, але гэта ўжо не проста безгаспадарчасць, а — нейкае самаедства. Гэта праява самых брыдкіх рыс характару, якія сярод нашых людзей сустракаюцца: самапрыніжэнне, самааплёўванне, няўменне паганарыцца тым, што здзейснена.

Сказаўшы гэта, мушу, аднак, сказаць і іншае. Я разумею, адкуль ідуць такія нігілістычныя перакосы ў поглядах на духоўныя набыткі нашага народа за савецкі перыяд яго гісторыі. Справа ў тым, што на працягу азначаных сямідзесяці гадоў у нас у сферы духоўнай культуры — у асвеце, у гуманітарных навуках, у мастацтве і літаратуры, у народным духоўным побыце — сапраўды было столькі «наламана дроў», зроблена столькі недарэчнага, неразумнага, памылковага ці свядома шкоднага для здароўя гэтай культуры, што няцяжка і разгубіцца, і нават упасці ў роспач і прыйсці да высновы, што трэба ўсё закрэсліць наогул — усе гэтыя поўныя драматызму і трагізму старонкі нашай гісторыі. А вось гэтага рабіць якраз і нельга. Трэба быць мужнымі, і як бы ні было крыўдна і балюча — не падаць духам, спакойна і ўважліва ва ўсім разабрацца, даць усяму належную — з вышыні сённяшняга разумення — ацэнку. Пустое, памылковае, шкоднае аддзяліць ад таго, што было і застаецца каштоўным, здаровым, плённым, і ўсё назваць сваімі імёнамі. І гэта здаровае, плённае — развіваць далей, адпаведна духу новага часу. Крызісныя моманты ў жыцці грамадства для таго і наступаюць, каб іх пераадольваць.

У наш час вялікага пакаяння і самабічавання, калі патрэбай стала рваць па сваёй галаве валасы, прынародна і выстаўляць перад усім светам свае незагойныя раны, там-сям у інтэлектуальным асяроддзі раздаюцца заклікі; вярнуцца на зыходныя пазіцыі, а ўжо адтуль пачынаць будаваць сапраўдныя падмуркі нашай культуры, хай сабе і сацыялістычнай. Гэта датычыцца не толькі беларускага правапісу, які існаваў у 20-30-ыя гады, Дык ці можна, на ваш погляд, наогул вярнуцца назад і пачаць усё спачатку?

Крычаць на цэлы свет пра свае балючыя раны, вядома ж, не трэба. Тым больш, што свет не вінаваты ў іх. Гэта — наша ўласная віна і бяда; мы самі абняславіліся тым, што дазволілі збіць сябе з правільнага шляху, што столькі часу пакланяліся фальшывым кумірам і цярпелі нясцерпнае, і самі павінны цяпер з гэтай няславы і з гэтай бяды выходзіць. Дык чаго ж. крычаць-лямантаваць на ўсе галасы? Людзі з пачуццём уласйай годнасці так не робяць. Гэта і не ў нашай, беларускай традыцыі таксама. У нас гора заўсёды перажывалася цяжка, але — без лішняга галашэння, мужна. Бясконца выносіць плач на вуліцу — такога ў нашых звычаях не было.

Наконт таго, каб вярнуцца назад і пачаць усё спачатку... А наколькі вярнуцца назад? На якія зыходныя пазіцыі? На тыя, што былі ў нас у часы ("карыны? Ці — у часы «Нашай нівы»? І што — сапраўды абсалютна ўсё пачынаць спачатку? Значыць — усё набытае нашай культурай закрэсліць, увесь вопыт духоўнага станаўлення нацыі адкінуць? Ды несур'ёзна ж усё гэта, выбачайце! Каб мы і хацелі — мы не закрэслім ні перажытага, ні набытага, бо яно — у нас, без яго ўжо нас і нашу культуру не ўявіць. Задавальняе нас яе сённяшні ўзровень ці не (а вядома ж, не задавальняе!) — але гэта менавіта сённяшні ўзровень, на які папрацавалі не толькі многія тысячы дзеячаў асветы, навукі, мастацтва і літаратуры Беларусі, але і духоўная культура ўсяго свету. Якім бы складаным і трагічным ні быў працэс развіцця нашай нацыянальнай культуры — ён быў менавіта працэсам, у якім многае трацілася, але і многае набывалася і насуперак усяму — не толькі дрэннае. Таму не з нейкага абстрактнага нуля нам трэба пачынаць новы этап стварэння беларускай нацыянальнай культуры, а з таго ўзроўню, на якім яна сёння знаходзіцца. Зрабіўшы пры гэтым вельмі сур'ёзныя высновы з урокаў, якія нам падала гісторыя за пройдзены этап - ад кастрычніка 1917 года.