Выбрать главу

Вядома ж, у пэўных канкрэтных пытаннях мы будзем вяртацца назад і аднаўляць несправядліва забытае, неапраўдана страчанае. Перш за ўсё тое, што вызначае самабытнасць нацыі, непаўторнае духоўнае аблічча народа. Мы вымушаны ўсё гэта адраджаць і — ужо на новай, сучаснай аснове — развіваць далей. Поспеху тут мы дасягнём толькі тады, калі троху-патроху здолеем узнавіць нашы найбольш цяжкія страты. Маю на ўвазе страты, якія панесла беларуская нацыянальная самасвядомасць і беларуская мова. Без адраджэння ў самых шырокіх масах беларусаў аднаго і другога — з усімі іншымі, прыватнымі пытаннямі будаўніцтва нацыянальнай культуры нам не справіцца.

Што датычыць вяртання беларускага правапісу, які існаваў да рэформы 1933 года, то гэта пытанне зусім не другараднае ці надуманае, як некаму можа здавацца. Асабіста я глыбока перакананы, што згаданая рэформа правапісу нашу цудоўную мілагучную мову страшэнна пакалечыла. Асабліва тым, што было ліквідавана абазначэнне мяккасці зычных С, З, ДЗ, Ц на пісьме пры дапамозе мяккага знака, пасля чаго беларуская мова пачала гучаць не зусім па-беларуску. Не сумняваюся, што нашай грамадскасці давядзецца неўзабаве паставіць пытанне аб сучасным беларускім правапісе на парадак дня.

Аднойчы на важнай нарадзе мне давялося слухаць прамову паважанага прафесара, які сцвярджаў, што беларускія дзеці ў беларускіх школах павінны выхоўвацца толькі на беларускай літаратуры. Як вы лічыце, ці можа беларус пражыць без Пушкіна, Дастаеўскага, Талстога?

Думаю, што тут мела месца нейкае непаразуменне. Можа, гэты паважаны прафесар проста агаварыўся ці недакладна выказаў думку? Можа, ён меў на ўвазе, што дзеці беларускіх школ з літаратурай іншых народаў павінны знаёміцца на беларускай мове? І што ў школьных бібліятэках павінны быць — у перакладзе на беларускую мову — усе лепшыя творы сусветнай літаратуры? Дык гэта патрабаванні зусім законныя — асабліва з увагі на тыя перамены ў статусе беларускай мовы ў рэспубліцы, якія прадугледжаны нядаўна апублікаваным праектам «Закона аб мовах у БССР».

На другую частку пытання коратка я адкажу так: не толькі свядомы беларус, родны па крыві і духу брат рускаму, але і любы культурны чалавек у свеце не асудзіць сябе на такое няшчасце, ці, калі хочаце, на такое пракляцце. Мець магчымасць чытаць Пушкіна, Дастаеўскага, Талстога — і не чытаць? А да гэтых жа імёнаў просяцца ў адзін шэраг і дзесяткі іншых, якія складаюць славу і гонар рускай літаратуры! Ну, а калі ўжо зусім па поўнай справядлівасці, дык у гэты шэраг трэба ставіць і вялікія літаратурныя імёны іншых народаў свету, без засваення якіх пражыць, вядома, можна, а вось лічыцца культурным чалавекам — наўрад.

Беларусаў, перакананы, слушна называюць празмерна сціплымі. Мы прызвычаіліся, як той казаў, не выторквацца, бо ёсць і лепшыя, і разумнейшыя за нас. І ўсё ж асмелюся паставіць перад вамі такое пытанне: у якіх суадносінах знаходзіцца беларуская літаратура і сусветная? Якое месца можна ёй адвесці ў агульначалавечай культуры?

Пытанне цяжкае. І трохі балючае. Балючае, бо трэба шчыра прызнацца, што беларускую літаратуру ведаюць у свеце усе яшчэ кепска, перакладаецца яна на іншыя мовы і прапагандуецца ў іншых краінах усё яшчэ слаба. І таму — вызначыць яе месца ў вялікім свеце духоўнай культуры няпроста. Упэўнены, што нават і вельмі патрыятычна настроенаму беларусу не прыйдзе ў галаву нашу літаратуру — па значэнню і ролі ў развіцці сусветнай культуры — прымяраць да рускай, або да французскай, або да англійскай... Так, нам месца нашай роднай літаратуры ў свеце бачыцца досыць сціплым. Але гэта зусім не значыць, што яно ніякае і што мы нічога ў гэтых адносінах не далі чалавецтву, нічым не ўзбагацілі агульналюдскую скарбніцу духоўнай культуры. Прыгадайма плён працы, з выхадам на шырокія абсягі Еўропы, вялікага асветніка, вучонага і першадрукара на землях усходнеславянскіх Францішка Скарыны. Прыгадайма такія імёны, як Мікола Гусоўскі і Сімяон Полацкі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Алаіза Пашкевіч-Цётка, Алесь Гарун і Максім Гарэцкі... А далучым да іх імёны Кузьмы Чорнага і Уладзіміра Жылкі, Міхася Зарэцкага і Аркадзя Куляшова, Івана Мележа і Уладзіміра Караткевіча — перад імёнамі жывых слынных майстроў нашага слова спынюся, бо рызыкую каго-небудзь не прыгадаць і тым самым пакрыўдзіць, тым больш, што іх, гэтых слынных майстроў, дзякаваць Богу, многа. Дык хіба, маючы такую гісторыю краснага пісьменства і такі багаты на яркія, таленавітыя імёны яго сённяшні дзень, можам мы пачувацца жабракамі на паперці сусветнага храма літаратуры? Ні ў якім разе!