Выбрать главу

Гэтым не хачу сказаць, што сучасны стан нашай літаратуры мяне цалкам задавальняе. Не, не задавальняе. Хутчэй наадварот: засмучае. Бо новых моцных твораў пра самае турботнае, трывожнае і балючае ў нашым сённяшнім жыцці пакуль што паяўляецца мала. Відаць, такая асаблівасць самога часу, што выпаў на нашу долю. Так ён дыктуе сваю волю пісьменнікам. Але гэта ўжо тэма асобнай вялікай гаворкі.

Пісьменнікаў у нас заўсёды «заганялі» ў гушчыню жыцця: там ваша месца — назірайце і адлюстроўвайце! Але прыклад класічнай літаратуры, нашых слаўных продкаў сведчыць, што пісьменнік, сапраўдны пісьменнік, заўсёды ішоў крышку наперадзе жыцця сучаснага яму грамадства, быў яго прарокам. Як вы лічыце, дзе месца пісьменніка сёння: у гушчыні жыцця ў якасці яго хранікёра ці, можа, нават і добрага яго даследчыка або крышачку наперадзе? Каб прадбачыць, прадказваць, заклікаць да яснай мэты?

Нейкага адзінага, універсальнага спосабу жыцця і творчасці для ўсіх пісьменнікаў быць не павінна. У кожнага ён свой, індывідуальны, непаўторны, непадобны на іншыя, і выбіраецца самім пісьменнікам у адпаведнасці з асаблівасцямі сваёй творчай натуры. Таму ўсякае «заганяйце» ў гушчыню жыцця, прад'яўленне аднолькавых патрабаванняў да ўсёй пісьменніцкай грамады адразу — гэта здзек над творчай асобай, а значыць — вялікая недарэчнасць, плёну з якое чакаць марна. Гэту ісціну гісторыя савецкай літаратуры пацвердзіла дастаткова пераканаўча. «Па закліку» прыходзілі ў літаратуру «аўтары» і пісалі кнігі, толькі — дзе яны сёння, хто іх успомніць можа? Кожны пісьменнік знаходзіць сваю тэму і адпаведны жанр — сам, і толькі сам! Гэтак ён і знаходзіць самога сябе, здзяйсняецца як творчая асоба.

Меркаванне, што «сапраўдны пісьменнік заўсёды ішоў крышку наперадзе жыцця сучаснага яму грамадства, быў яго прарокам», — спрэчнае, за абсалют прыняць яго наўрад ці можна. Хтосьці можа абмежавацца і роляй хранікёра, дай толькі Бог, каб яго хронікі былі мастацкія. Нехта выступіць у ролі добрага даследчыка жыцця, дай толькі Бог, каб яго даследаванні зноў жа былі мастацкімі. Хіба гэта мала — па-мастацку даследаваць жыццё чалавека, бясконца разнастайны свет людзей? Ну а каму-небудзь выпадае і найвялікшая місія — быць не толькі мастаком, але яшчэ і прарокам, мастаком-празорцам, які бачыць далёка наперад, прадчувае і прадугледжвае далейшы ход грамадскага жыцця, прадказвае будучыню. Але ж гэткіх гісторыя літаратуры ведае няшмат, ва ўсякім разе — на сотні не лічыць. Думаю, што гэта менавіта ў дачыненні да іх людзі карыстаюцца словам: геній.

Ніл Гілевіч найбольш вядомы як пісьменнік і грамадскі дзеяч, палітык. Пра ваша выступленне на перадапошняй сесіі Вярхоўнага Савета БССР гавораць, спрачаюцца ў афіцыйных колах, у сталіцы і на перыферыі. Скажыце, што вас найбольш хвалюе сёння і як прадстаўніка нацыянальнай інтэлігенцыі, і як грамадскага дзеяча?

Найпершы мой клопат, якім я дзесяткі гадоў жыў і жыву сёння, — лёс нашай роднай мовы і культуры, а значыць — лёс беларускай нацыі. Усё, на што я выдаткоўваў час і сілы, так ці іначай было падпарадкавана гэтаму амаль поўнасцю. Гэты клопат ахоплівае ўсю маю і літаратурную, і навуковую, і грамадскую чыннасць. Гэта найчасцей прымушала мяне браць у руку тое пяро, з-пад якога паявіліся на свет мае паэмы і вершы, п'есы і проза, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы. Дзеля гэтага дваццаць пяць гадоў чытаў студэнтам універсітэта лекцыі, выдаў пяць тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах і сем навуковых манаграфій, прысвечаных народна-паэтычнай творчасці і літаратуры. Дзеля гэтага пераклаў на беларускую мову і, апублікаваў творы звыш двухсот балгарскіх паэтаў і пісьменнікаў, каля сотні паэтаў Югаславіі — пераважна славенскіх, многіх паэтаў рускіх і ўкраінскіх, польскіх і лужыцкіх... Дзеля гэтага перш за ўсё сустракаўся і сустракаюся з чытачамі, жыхарамі рэспублікі — каб яшчэ і яшчэ раз сказаць ім: шануйце і беражыце мову нашу беларускую! Не дапусціце, каб яна перастала нам служыць і загінула! Іначай — сыдзем з гістарычнай арэны і мы самі!..