Выбрать главу

Як чалавек, які ўсё сваё свядомае жыццё ў меру сіл служыў роднаму слову, і як член Камісіі па выпрацоўцы праекта Закона аб мовах, я ўважліва знаёміўся са шматлікімі матэрыяламі яго абмеркавання і хачу падзяліцца з вамі некаторымі думкамі.

Агулам кажучы і шчыра кажучы — закон наш, канешне ж, не зусім справядлівы ў дачыненні да беларускай мовы: мова наша ў яе сённяшнім становішчы заслугоўвае мацнейшага заступніцтва. Але ён, мабыць, справядлівы ў дачыненні да рэальнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі,— да сітуацыі, як вядома, вельмі цяжкай, і закон вымушаны сёе-тое разумна прадугледзець, каб гэту сітуацыю яшчэ больш не абвастрыць. Змірымся з гэтым — у спадзяванні, што закон прымаецца не навек, і прыйдуць лепшыя часы, калі наша грамадства вызваліцца ад хлусні і ганебных страхаў канчаткова, і ў закона не будзе такіх апанентаў, якія ёсць сёння.

Асобныя нашы грамадзяне лічаць, што наогул пытанне аб мове варушыць не трэба, маўляў: жывём мы ў Беларусі добра, спакойна, дружна, і навошта ж штучна ствараць праблему? Але ж хіба гэта добрае жыццё, калі адмірае, гіне мова цэлага народа? Хіба гэта нармальна, гуманна і хіба разумна? Таварышы заяўляюць, што беларуская мова патрэбна толькі творчай інтэлігенцыі ды часткова навукоўцам, якія і ствараюць праблему. Гэта глыбокая памылка. Па-першае, праблему стварыла не інтэлігенцыя, а само жыццё, невырашэнне нацыянальнага пытання ў краіне. Праблема, як тая хвароба, доўгі час заганялася ўнутр, што вельмі небяспечна для здароўя грамадства. Па-другое, няпраўда, што наш народ выракаецца сваёй мовы сам, а пытанне гэта хвалюе толькі нямногіх інтэлігентаў. Ісціна якраз у тым, што народ хоча застацца народам — са сваім непаўторным уласным абліччам. А калі так, то ў дзяржаўна-палітычным, сацыяльным і культурным жыцці народа яго родная мова не можа быць нейкім экзатычным даважкам, месца якому дзесьці наўзбоч і які забяспечвае толькі нейкі адзін участак грамадскага жыцця, задавальненне патрэбы толькі адной невялікай часткі насельніцтва. Мова — гэта тое, што ахоплівае літаральна ўсе формы жыццядзейнасці грамадства як жывога арганізма і ў гэтай жыццядзейнасці аб'ядноўвае ўсіх нас, усё насельніцтва рэспублікі. Родная мова для народа — гэта штось непараўнана большае, чым сродак зносін. У мове народа — і яго памяць, і шматвяковы вопыт яго гістарычнага жыцця-быцця, і асаблівасці яго светаўспрымання, і яго псіхічны склад, і многае іншае. Значыць, задача заключаецца ў тым, каб жыццё народа ў палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і духоўнай сферах гарманізаваць як жыццё менавіта беларускае, прывесці яго ў адпаведнасць з інтарэсамі беларускай нацыі. Само сабой зразумела, што пры ўсім гэтым трэба разумна лічыцца з працэсамі эканамічнай і духоўнай інтэграцыі. Разумна — гэта значыць так, каб інтэграцыя не пагражала лёсу народа, яго сацыяльнаму быту, яго культуры, мове і г. д.

Больш чым дзіўна было чытаць у друку выступленні тых грамадзян — як правіла, навукова тытулаваных, якія не крытыкуюць праект закона, а адмаўляюць яго цалкам, лічачы ўзвышэнне прэстыжу беларускай мовы справай не толькі марнай, але і шкоднай. На іх перакананне, ніякай беларускай мовы няма наогул, як няма і асобнага беларускага народа. А што ж ёсць? Ёсць беларускі дыялект рускай мовы, і ёсць беларускае племя рускага народа. І мову і гісторыю нашага народа яны проста перакрэсліваюць. Як бачым, іх тэарэтычныя высновы караняцца ў тых поглядах на Беларусь і беларускі народ, якія прапаведаваліся яшчэ гадоў паўтараста назад ваяўнічымі ідэолагамі самадзяржаўя. Таму аспрэчваць гэтых грамадзян проста не мае сэнсу. Іх тэорыю даўным-даўно абвергла сама гісторыя.

Некаторыя таварышы катэгарычна настойваюць на тым, каб статус дзяржаўнай надаць у рэспубліцы не толькі беларускай, але і рускай мове. Іначай, маўляў, руская мова будзе пакрыўджана. На гэта можна сказаць толькі адно: няма такой мовы на свеце, якая магла б быць пагрозай для рускай мовы. І ўсе мы гэта выдатна ведаем. Тым больш нічога не пагражае ёй у нас, у Беларусі. Не пагражае і закон, які мы абмяркоўваем. Ні рускай, і ніякай іншай мове. Таму што кожная мова на сваёй зямлі, на этнічнай тэрыторыі свайго народа або з'яўляецца дзяржаўнай, або займае такое прыярытэтнае становішча, якое забяспечвае ёй калі не вечнасць, дык доўгае-прадоўгае жыццё. У нашай мовы іншай зямлі, іншай тэрыторыі няма — і забяспечыць ёй будучыню можна толькі тут, і зрабіць гэта можам толькі мы самі, устанавіўшы свае законы. Калі ж надаць і рускай мове статус дзяржаўнай, то становішча нашай мовы стане яшчэ горшым, чым ёсць. І не будучы ўзаконенай, руская мова практычна выцесніла ў нас нашу родную мову амаль адусюль, з усіх сфер грамадскага жыцця, а калі яе ўзаконіць у якасці дзяржаўнай — тады ўжо напэўна справа будзе даведзена да «пераможнага канца» і ў нашым разнамоўным свеце на адну цудоўную славянскую мову стане менш.