Паважаныя таварышы дэпутаты!
Сённяшні дзень можа стаць без перабольшання гістарычным – так многа ён будзе значыць для лёсу Беларусі і беларускага народа. Гісторыя дала нам вялікі шанц, упусціць які мы не маем права. Калі, вядома, паважаем сябе. Калі паважаем і цэнім усіх, з кім побач жывём і працуем. Калі думаем пра нашу будучыню, пра жыццё і лёс сваіх дзяцей і ўнукаў. Калі не хочам, каб нашы нашчадкі ўспаміналі нас без павагі і ўдзячнасці, успаміналі ды ўсміхаліся, як пісаў паэт, «усмешкой горькою обманутого сына над промотавшимся отцом». Падумайма пра гэта яшчэ і яшчэ раз — дый благаславім наш закон у вялікае жыццё.
ТОЛЬКІ САПРАЎДНАЕ НАРОДАЎЛАДДЗЕ...
Адказы на пытанні журналіста і паэта Івана Рубіна. «Мінская праўда». За 29лютага 1990 г. (са скарачэннямі).
Колькі даводзілася і даводзіцца чуць і бачыць, як некаторыя дзяржаўныя кіраўнікі, адказныя чыноўнікі робяць паспешлівыя вывады ў сферы духоўнай культуры, проста не жадаюць лічыцца з грамадскай думкай, голасам творчай інтэлігенцыі.
Гэта наша вялікая бяда, што многія кіраўнікі розных рангаў не лічацца з думкай творчай інтэлігенцыі. Гэта вельмі дрэнна. Тлумачэнне тут, відаць, можа быць адно — недахоп агульнай гуманітарнай культуры. Успомнім для параўнання: прэзідэнт Пампіду быў доктар філалогіі, склаў самую лепшую анталогію французскай паэзіі; Рэйган, чые заслугі ў развіцці ЗША несумненныя, да таго як стаць прэзідэнтам, быў знакамітым артыстам.
Там, дзе дзяржаўныя кіраўнікі і гаспадарнікі з вялікай павагай ставяцца да нацыянальнай культуры, да роднае мовы, да літаратуры і мастацтва Беларусі,— там не толькі пытанні культуры, а наогул усе справы — і сацыяльныя, і гаспадарчыя — вырашаюцца лягчэй і лепш. Але перш чым папракаць тых, хто гэтай залежнасці не разумее, я гатоў хутчэй паспачуваць ім. Віною тут пэўная палітыка, якая праводзілася досыць паслядоўна, — курс на зліццё моў, культур і саміх нацый у нашай краіне. Хто б ні быў вінаваты ў гэтай палітыцы — пара, аднак, і апомніцца, схамянуцца дый перабудавацца. Калі ты дзяржаўны дзеяч з вялікімі паўнамоцтвамі, то ты адказваеш за ўсё: не толькі за эканоміку, сацыяльную сферу, але і за духоўную культуру народа, і за яго мову, бо без уласнай мовы і культуры нацыя не будзе мець свайго аблічча. З нацыі яна ператворыцца проста ў насельніцтва, стане часткай іншага народа — і наконт гэтага не павінна быць ніякіх ілюзій.
Кожнай нацыі, відаць, дастаецца такая доля, якую яна заслугоўвае. Але ў гісторыі чалавецтва не раз знаходзім прыклады, калі лепшыя сілы гуртаваліся ў часы ўсеагульнай бяды. А ў нас можна, і даволі часта, назіраць адваротнае — грызню, самаедства, кратовую мараль.
Не зусім прымаю трохі фаталістычны погляд на нібыта навек наканаваную нашаму народу долю. Увогуле лёс народа ў руках самога народа. Але гісторыя — заўсёды рэч куды больш складаная, чым здаецца. На пэўных яе этапах народ бывае вымушаны — у чаканні лепшых, больш спрыяльных часоў — лічыцца з абставінамі. Вядома, і грызня, і самаедства, і ўсякае іншае гадства маюць у нас месца, і мяне асабіста гэта вельмі засмучае... Амбіцыі асляпляюць, не даюць глядзець далёка наперад, бачыць галоўнае, ісці на паразуменне — дзеля таго вялікага галоўнага. І дыктат амбіцый, і кратовыя кіпці, і звычайную дурноту я неаднойчы адчуў на сабе (не кажучы пра свядомую подласць замаскіраваных ворагаў беларусчыны). Цяжка, крыўдна, горка, што яшчэ тут скажаш?.. Паратунак ад пашырэння гэтых ганебных з'яў адзін — рост агульнай культуры. Толькі гэта не дазволіць апусціцца да грызні і самаедства. Толькі з культурай прыйдзе разуменне, што мы не маем права на самазабойчае канфліктаванне паміж сабою — сёння, калі наш народ трапіў у такую нечуваную падвойную бяду — рэальную небяспеку згінуць і фізічна і духоўна. Усе мы пастаўлены перад экзаменам на грамадскую сталасць, на чалавечую і нацыянальную годнасць. Здавалася б, няцяжка і зразумець гэта.