Як мы паважаем сваю гісторыю, культуру, родную мову, літаратуру, можна будзе меркаваць па тым, хто будзе прадстаўляць яе ў парламенце рэспублікі.
Не хацелася б рабіць невясёлыя прагнозы, але і для аптымізму падстаў небагата. Пісьменнікаў вылучана кандыдатамі ў дэпутаты, можа, не так і мала, але колькі з іх атрымаюць перамогу? Вопыт, мінулагагодніх выбараў у народныя дэпутаты СССР засведчыў, што ў нас у Беларусі адносіны да сваёй творчай інтэлігенцыі, далікатна кажучы, непаважлівыя. На Украіне летась ад тэрытарыяльных і нацыянальна-тэрытарыяльных акруг народнымі дэпутатамі СССР выбраны 9 пісьменнікаў, у невялікай Літве — таксама 9, у маленькай Малдавіі — 8, у Беларусі — ніводнага! Дый вылучаны былі толькі двое!.. Калі падобнае паўторыцца і гэты раз — значыць яшчэ няскора-няскора дойдзе наша Беларусь да сваёй эканамічнай і палітычнай самастойнасці. Бо каб змагацца за рэальны суверэнітэт рэспублікі, трэба валодаць глыбокай нацыянальнай самасвядомасцю. Не адстойваючы на ўзроўні вышэйшай дзяржаўнай улады сваю мову, культуру, школу — як можна забяспечыць трывалую будучыню нацыі?
Мова — душа народа. Вы выступаеце за няўхільнае практычнае ажыццяўленне Закона аб мовах у БССР. Але ж у ім дужа расцягнутыя тэрміны. Сёй-той разлічвае на гэта. Маўляў, абыдзецца. Пашумяць, пашумяць і заціхнуць. Купала вунь калі клікаў нас «людзьмі звацца». І не мучыць глыбокі пякучы сорам за ганебны нацыяльны нігілізм, за разбураныя помнікі, знішчаную беларускасць. А некаторыя ва ўсіх грахах вінавацяць інтэлігенцыю, пісьменнікаў...
Тэрміны ўвядзення канкрэтных артыкулаў Закона аб мовах у дзеянне ўстаноўлены не адвольна, а з улікам той рэальнай моўнай сітуацыі, якая ў нас у Беларусі склалася. Сітуацыя ж вельмі няпростая. Дзесяткі гадоў нацыянальна-моўная палітыка і практыка круціліся ў адзін бок — і цяпер за год-два назад не адкруціш. Каб усё патроху, паціху, спакваля перакантаваць на беларускі лад — час патрэбен немалы, і на падрыхтоўку кадраў, і на выданне падручнікаў і слоўнікаў, і на замену шыльдаў, пячатак, штампаў, і на многія-многія іншыя рэчы. На ўсё гэта патрэбен не толькі час, але і грошы. Так што тэрміны, думаю, больш-менш рэальныя. Ну а каб прыняцце Закона не аказалася актам фармальным, каб яго, як то кажуць, не спусцілі на тармазах — гэта ўжо будзе залежаць ад пазіцыі і паводзін сумленных грамадзян рэспублікі, свядомых патрыётаў Беларусі, беларускае мовы і культуры.
Што датычыць сораму за нацыянальны нігілізм... Пачуццё нацыянальнай годнасці трэба выхоўваць, пачынаючы з ранняга маленства. Выхоўваць у сям'і, у школе, затым — у працоўным калектыве. Самі па сабе патрыёты роднага краю не нарастуць і нігілісты ў патрыётаў не абернуцца. А вінаваціць пісьменнікаў — гэта ўжо і зусім неразумна. Колькі хапае ў пісьменнікаў сіл — яны ахвяруюць іх Бацькаўшчыне. Я маю на ўвазе пісьменнікаў сапраўдных, з уласным творчым абліччам.
У перадвыбарнай праграме вы выступаеце за бязлітаснае выкараненне структур адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Але ці можам мы сёння смела сказаць, што беларускі народ чуецца поўным гаспадаром, можа распараджацца сваім лёсам? Ці здолее новы Вярхоўны Савет праявіць самастойнасць?
Калі б беларускі народ чуўся поўным гаспадаром на сваёй зямлі — жыццё б у нас, напэўна, было іншае, лепшае. Народ-гаспадар змог бы яго наладзіць так, каб яно было яму ў радасць. На жаль, нам увесь час навязвалі сваю волю цэнтральныя ведамствы і міністэрствы. За эканамічную і палітычную самастойнасць Беларусі яшчэ трэба змагацца, і тут амаль усё будзе залежаць ад новага складу нашага Вярхоўнага Савета. Ці будуць пераважаць у ім людзі, якія здолеюць дабіцца гэтай самай палітычнай і эканамічнай самастойнасці. Гэта — я сказаў бы —задача задач для ўсёй грамадскасці Беларусі. Каго мы выберам?! На паслухмянае кіраўніцтва мы ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі ўжо наглядзеліся. Праз яго паслухмянасць амаль ці не зусім страцілі сваю родную мову, культуру, нацыянальную школу, свае традыцыі і звычаі, сваю гістарычную памяць і ўсё іншае, па чым нас пазнаюць у свеце. Праз яго паслухмянасць і старанне дагадзіць цэнтру мы ядзім заражаныя радыенуклідамі і ядахімікатамі прадукты, п'ём забруджаную ваду і дыхаем атручаным паветрам. Многае, напэўна, у нас рабілася б іначай, калі б кіраўніцтва перш за ўсё помніла і думала пра свой народ, пра яго нялёгкі лёс і пра яго давер таксама...
Колькі і на якіх узроўнях сёння гаворыцца пра нашу беднасць, нішчымніцу, сацыяльную неабароненасць. Адусюль толькі і чуецца: накарміць, апрануць, абуць, абараніць... Так, без гэтага не абысціся. А далей што? Чаму мы з аглядкай і рэдка гаворым: душа, духоўнасць, святасць. Хіба наш ідэал — толькі матэрыяльны дастатак?