Чытаем, чуем, што сёе-тое робіцца — і па адсяленню людзей з забруджанай тэрыторыі, і па забеспячэнню іх чыстымі прадуктамі. Ведаем, што прынятая дзяржаўная праграма па ліквідацыі паследкаў чарнобыльскай аварыі выконваецца пакуль вельмі слаба. На яе поўнае ажыццяўленне патрэбна 16,5 мільярда рублёў. Сама рэспубліка можа знайсці ў сябе толькі невялікую частку ад гэтай астранамічнай сумы.
Значыць — на каго надзеі? На ўсю краіну, зразумела. І на цэлы свет, — не будзем саромецца сказаць уголас гэта. Свет ужо ведае — хоць нарэшце, напрыканцы чацвёртага года! — у якім мы, беларусы, знаходзімся становішчы. Будзем шчыра ўдзячныя, калі яго вялікае сэрца адгукнецца болем і спагадай. Але ў першую чаргу мы чакаем дапамогі ад урада краіны. І, вядома ж, крыўдна, што на цяперашняй сесіі Вярхоўнага Савета СССР наша пытанне будзе разглядацца па парадку толькі 21-ым. Крыўдна таму, што нам дарагі кожны дзень. У што абыходзіцца дзень жыцця пад радыенуклідамі для здароўя нацыі, для лёсу яе генафонду — сёння пра гэта навука дакладна сказаць не можа. Пра гэта мы, цямнеючы душой і праклінаючы долю, можам толькі гадаць.
Гэта — па-першае. Па-другое, кожны лішні дзень прамаруджання, якое ўспрымаецца няшчаснымі людзьмі як бяздзейнасць, вельмі дрэнна адбіваецца на настроях беларускага грамадства, павышае і без таго высокую напружанасць. Вядома, легендарнае цярпенне нашага народа стрымлівае яго і гэтым разам. Але ж, пэўна, да пары да часу? І дзяржаўныя мужы павінны гэта разумець.
Ніл Сямёнавіч, цяпер усе мы, як у беспаветранай прасторы без кіслароду, задыхаемся ў атмасферы ўсеагульнай нелюбові, недабрыні, непавагі: Злачыннасць, жорсткасць, нецярпімасць да бліжняга дасягнулі апагея. Відавочна, што апроч ядзернага Чарнобыля сёння Беларусі пагражае і Чарнобыль духоўны. Сярод шматлікіх прычын, якія давялі нашага супляменніка да здзічэння, на мой погляд, самая галоўная — заняпад роднай культуры. Мабыць, ніводная рэспубліка не панесла такіх велізарных духоўных страт, як Беларусь. Ці верыце вы, што яшчэ можна нешта зрабіць, каб уратаваць беларускую культуру? Як быць, калі народ не ведае, хто такі Францішак Скарына, саромеецца роднай мовы, не давярае свайму сумленню — творчай інтэлігенцыі і наогул у будучыню глядзіць толькі праз поўны прылавак?
Безумоўна, сучасны стан беларускай духоўнай культуры варты жалю. Як мне ўжо даводзілася гаварыць — яна існуе ў нас у выглядзе якойсьці этнаграфічнай даважкі. Яна не з'яўляецца на сваёй зямлі асноўнай, пануючай — як гэта мы бачым у любой краіне свету, яна не вызначае духоўнае аблічча нацыі, і гэта ёсць вялікая недарэчнасць, нейкая пачварная грымаса гісторыі.
Да апошняга часу ў нас, калі заходзіла — на любым дзяржаўным узроўні — размова пра неабходнасць уздымаць і развіваць духоўную культуру, то мелася на ўвазе якаясьці культура наогул, канкрэтны змест у гэта слова не ўкладаўся, а «культура наогул» на практыцы аказвалася часцей за ўсё гэтак званай культурай масавай, той страшэннай дзікай пошасцю, якая працягвае дабіваць культуру сапраўдную, высокую, нацыянальную, а разам з ёй — дабіваць і апошнія астаткі здаровай народнай маралі, эстэтыкі, духоўнасці.
Ці веру я, што нашу самабытную беларускую культуру можна адрадзіць? Глыбока перакананы ў гэтым! І мы гэта зробім, мы мусім гэта зрабіць, бо іначай ніколі не вылезем з адсталасці. Развіццё нацыянальнай эканомікі можа быть паспяховым толькі ў непарыўнай супрэжанасці з развіццём нацыянальнай культуры. Сувязь і залежнасць тут вельмі глыбінныя, у кароткай гутарцы гэтага ўсяго не растлумачыш, але галоўнае запомніць варта: толькі тая чалавечая душа, якая выпешчана мовай, песняй, казкай, гукамі і фарбамі зямлі, дзе яна нарадзілася або прыжылася, якая адчула сваё натуральнае выяўленне ў мове і песнях гэтай зямлі, — толькі тая душа прасякнецца і сапраўдным клопатам пра зямлю-матухну, і будзе гаспадарыць на ёй абачліва, разумна, мудра, а значыць — і зажыве багата, заможна.
Цяпер ва ўсе галасы мы загаварылі аб тым, што для развіцця культуры неабходны сродкі, грошы, што трэба рэзка павялічыць лічбу ў адпаведнай графе бюджэту. Бясспрэчна, трэба, іначай размовы застануцца размовамі, і толькі. Але гэта яшчэ не ўся праўда, і калі забыць пра адну «дробязь», дык і вельмі вялікія грошы не дапамогуць. Чаму? А таму, што гэтыя вялікія грошы могуць пайсці на тую самую культуру масавую, г.зн. на бескультур'е. Прасцей кажучы — вылецяць у трубу. Грошы — і вялікія, і малыя — трэба выдаткоўваць на развіццё нацыянальнай культуры. Зразумела, не толькі беларускай. Трэба падтрымліваць і духоўную творчасць іншых нацыянальных груп насельніцтва.