Выбрать главу

І яшчэ адна элементарная ісціна, пра якую трэба абавязкова помніць: адраджэнне беларускай культуры немагчыма без адраджэння гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці. Так што пачынаць трэба з гэтага — з вывучэння палітычнай і культурнай гісторыі беларускага народа.

Што ж датычыць даверу творчай інтэлігенцыі ў нас — дык тут застаецца толькі цяжка ўздыхнуць. Леташнія выбары паказалі, які гэты давер, сёлетнія, мяркуючы па выніках першага этапу, тое самае пакажуць. Сумна і горка! Калі ж мы станем сапраўды цывілізаванай, культурнай нацыяй?

Нярэдка можна пачуць, што «грамадзянская вайна» перакінулася ўжо і на творчыя саюзы, у прыватнасці на літаратуру, і што не выключэнне і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Якая ваша думка наконт гэтага?

Тое, што сёння адбываецца ў вялізнай (звыш 4 тысяч членаў) пісьменніцкай грамадзе РСФСР, асабліва — у яе маскоўскай і ленінградскай арганізацыях, мяне асабіста засмучае надзвычай. Раскол там паглыбляецца з кожным днём, і ўсё больш абвастраецца тое, што вы называеце «грамадзянскай вайной». Не ўнікаючы ў прычыны гэтай вельмі шкоднай для грамадства міжусобіцы, скажу толькі адно: прыйдзе час, калі за некаторых сённяшніх «змагароў» іх нашчадкам будзе сорамна. За тых, хто дазваляе сабе цынічнае зубаскальства, ёрнічанне там, дзе павінен быць шчыры і глыбокі боль, за тых, хто відочна пераступае мяжу ўласцівай сапраўднаму інтэлігенту талерантнасці і даходзіць да небяспечных абагульненняў. На вялікі жаль, «водападзел» праходзіць не паміж талентам і бяздарнасцю і не паміж культурай і невуцтвам... Характар спрэчак паказвае, што прычыны канфрантацыі трэба шукаць па-за межамі эстэтычнага — яны там, дзе ўжо трэба гаварыць пра светапогляд і мараль, пра ідэалогію і палітыку...

Ці не ахапіла такога ж характару «вайна» і Саюз пісьменнікаў Беларусі? Я не сказаў бы гэтага. Не трэба механічна пераносіць грамадска-літаратурную сітуацыю аднаго нацыянальнага рэгіёна на іншыя. Бо — выбачайце за банальнасць — у кожнага народа свая, сфарміраваная гістарычным лёсам маральная філасофія, псіхалогія, культура, свае норавы, звычаі, традыцыі. У тым ліку — што асабліва хацелася б падкрэсліць — традыцыі міжнацыянальных узаемаадносін, за якія нам, беларусам, ніколі не было сорамна.

Гэтым я зусім не хачу сказаць, што на нашым літаратурным алімпе, як на той Шыпцы, «усё спакойна». Ні ў якім разе! Ёсць свае, і вельмі вострыя, жыццёвыя праблемы, свае супярэчнасці ў развіцці жывога літаратурнага працэсу, свае асобныя цяжкасці, абумоўленыя ўсенароднай трагедыяй Беларусі — заложніцы чарнобыльскай катастрофы. Але «вайны», падобнай на тую, што вядзецца на старонках многіх усесаюзных выданняў, у нас яшчэ няма, і справа гонару ўсёй беларускай інтэлігенцыі — не дапусціць, каб дайшло да такога ганебнага з'явішча.

Я сказаў, «вайны» яшчэ няма, але спробы кінуць подлае д'яблава насенне на выбухованебяспечную глебу, на вялікі жаль, робяцца. І не толькі ў выглядзе вульгарных самавыдавецкіх лісткоў правакацыйна-чарнасоценнага зместу. Не менш небяспечную правакацыйную ролю адыгрываюць і некаторыя выступленні высокаадукаваных аўтараў на старонках выданняў усесаюзных, ды яшчэ і якіх аўтарытэтных! Уражанне такое, нібы гэтыя аўтары паставілі за мэту неадменна даказаць, што і сярод вядомых беларускіх літаратараў ёсць носьбіты галавешак з атрутным шавіністычным чадам. «Не можа быць, каб іх не было! Павінны быць!» — ледзь не крычаць яны, смакуючы загадзя, які ў выніку можа падняцца вэрхал, колькі гэтакім чынам можна нарабіць у чыстай вадзе муту ды і ўсплыць наверх самім у якасці «герояў нашага часу».

Больш дзевяці гадоў вы былі першым сакратаром СП БССР. Ваша просьба аб «адстаўцы» многімі ўспрынята з засмучэннем і, я б сказала, з неадабрэннем. Упэўнена, лёс пісьменніцкай арганізацыі вам неабыякавы і цяпер.

Вялікая і цяжкая для мяне тэма. Пачну з таго, што я доўга і ўпарта адбіваўся ад прапановы пайсці на працу ў штат СП БССР. З ідэолагамі ЦК КПБ мы ў вуснай форме дамовіліся, што праз тры гады я змагу, калі пажадаю, гэту пасаду пакінуць. Прыйшоў я на працу ў СП у час самы што ні ёсць горшы — на закаце брэжнеўскай эпохі, калі міязмы маральнага распаду і загнівання адчуваліся з кожным днём мацней. Усё мацней, хоць і глуха, амаль у падполлі, нарастала ў грамадстве і супраціўленне гэтаму распаду, ад якога, як вядома, не ўберагліся і творчыя саюзы краіны.

Мой погляд на ролю пісьменнікаў і іхняй арганізацыі ў тагачасных умовах ні для каго сакрэтам не быў — дастаткова прыгадаць апублікаваны вясной 1978 года ў «Правде» артыкул «Именем и честью дорожа», не кажучы пра дзесяткі падобных публікацый у рэспубліканскім друку. Прыняўшы кіруючую пасаду ў СП, я трапіў у пэўны, усталяваны за дзесяцігоддзі, маральна-псіхалагічны «кантэкст», які ўжо даўно меў сваю рэпутацыю як жыццёва ўтульнае «месца пад сонцам» (на мове больш пашыранай — «каля карыта»), як магчымасць забяспечыць сябе ўсялякімі выгадамі і прывілеямі.