Паколькі такі «кантэкст» мяне не толькі не задавальняў, але і абражаў як чалавека і пісьменніка, я з першых жа дзён стараўся даць зразумець калегам, якую і ў які бок усім нам патрэбна весці працу. Мэты і накірунак новага курсу выкладаліся мною зусім ясна: усю грамадскую і творчую дзейнасць Саюза пісьменнікаў трэба падпарадкаваць вялікай культурнай палітыцы, а менавіта — адраджэнню беларускай нацыянальнай культуры, мовы, школы, гістарычнай памяці, народнага мастацтва, традыцый і наогул усяго нацыянальнага стылю жыцця. Пісьменнікі павінны быць духоўнымі павадырамі народа, а для гэтага трэба думаць і клапаціцца не пра асабістыя выгады, а пра творчы і грамадскі аўтарытэт літаратара, пра аўтарытэт усяго СП, трэба павышаць ролю і актыўнасць яго камісій, секцый і ўсіх іншых падраздзяленняў, трэба развіваць у пісьменніцкім асяроддзі дух дэмакратызму, інтэлігентнасці, сацыяльнай справядлівасці...
У сваю чаргу з першых жа дзён сёе-тое далі зразумець і мне, а іменна, што працаваць мне будзе вельмі і вельмі цяжка і што мяне чакае тут «худая доля». Паявіліся «ценявыя сакратары», хадакі ў высокія інстанцыі — са скаргамі і парадамі. «Звысоку» прасачыліся чуткі: «Не ко двору», «Неуправляемый», «Создает проблемы».
Ну а паколькі праблем у тыя часы страшна не любілі — хто ж будзе спрыяць і дапамагаць іх «стваральніку»? Ужо ў 1982 годзе мяне пачалі настойліва «сватаць» на высокую пасаду ў іншае месца, у 1983 і 1984 гадах гэта «сватанне» працягвалася. Тыя ярлыкі, якія былі начэплены на мяне ў часы яшчэ і хрушчоўскія, і брэжнеўскія, ніхто здымаць не спяшаўся. Колькі прыйшлося перажыць абраз і прыніжэнняў — пра гэта можна расказваць доўга.
Гэта — з аднаго боку. Адносіны зверху. Ну а што было з другога боку — знізу? Колькі разоў на партыйным сходзе вылазіць бессаромны паклёпнік, бэсціць тваё імя, тваю добрасумленную працу — і каб хоць хто адзін у зале заступіўся! Няйначай як усім даспадобы чуць такое плявузганне агрэсіўнага хама. А апляваны слуга творчага калектыву ідзе пасля гэтага ў Савет Міністраў прасіць-кленчыць, каб дапамаглі закончыць будаўніцтва Дома творчасці, ідзе ў гарсавет выбіваць для пісьменнікаў кватэры і ўсё такое іншае. А самому яму пісаць няма калі, задумы гадамі ляжаць некранутыя.
Мяркуйце самі: з 1970 па 1980 год як навуковец-фалькларыст і літаратуразнаўца я выдаў дзевяць кніг (дарэчы, восем з іх — безганарарныя), з 1980 па 1990 — толькі адну, і тая была падрыхтавана раней. А ў фальклорным архіве дома — яшчэ па некалькі тамоў запісаў народнай творчасці, якія трэба давесці да ладу. Ад аднаго ўсведамлення, што тваё жыццё ідзе міма адпушчаных табе Богам творчых радасцей, — учарнееш. Так што, думаю, папракаць мяне за просьбу аб «адстаўцы» не трэба. Просьба была задаволена толькі па чацвёртай маёй заяве на дзесятым годзе службы.
Людзям у вочы глядзець мне не сорамна, я ўсё рабіў так, як дыктавала сумленне, жыў тымі ж клопатамі, што і да прыходу на працу ў СП. Цешу сябе думкай, што за гэты час сёе-тое для Саюза пісьменнікаў, для беларускай літаратуры і культуры, для выратавання нашае мовы зрабіць удалося. Нягледзячы на вар'яцкі рытм жыцця і пастаянныя фізічныя перагрузкі, прыняў чынны ўдзел у стварэнні Таварыства беларускай мовы і выпрацоўцы «Закона аб мовах у Беларускай ССР». Таварыства пачынае разгортваць вялікую рознабаковую дзейнасць — і гэта цяпер мой найпершы грамадскі клопат. Ну а працягваць далей працу ў Саюзе пісьменнікаў ёсць каму — нараслі, падняліся маладыя і таленавітыя людзі, поўныя сіл і натхнення. Калі яшчэ на іх не ўспадзе, як на папярэднікаў, корць самаедства — дык і зусім будзе добра. Паздароў іх Божа! І не дай ім збіцца з дарогі, якая вядзе да храма!..
ШТО Ж НАС АБ'ЯДНАЕ?
Выступленне на Х з'ездзе пісьменнікаў Беларусі. 26 красавіка 1990 г.
Сёння — 4 гады чарнобыльскай трагедыі. Для нас — 4 гады новага летазлічэння. Да гэтага часу лік гадоў мы вялі ад нараджэння Хрыста — і налічылі амаль 2000. Цяпер будзе справядліва, як бачым, пачаць нам, на Беларусі, новае летазлічэнне. У тым ліку — і ў дачыненні да літаратуры, да яе гісторыі. Я паўтараю тое, што сказаў яшчэ ў кастрычніку 1986 года ў Балгарыі, у Сафіі, на міжнародным форуме пісьменнікаў «Мір — надзея планеты»: для беларускай літаратуры пачынаецца новая гістарычная эра — настолькі вялікая і страшная падзея здарылася. Гэта ўсенародная бяда прымусіла, ці павінна прымусіць, нас па-іншаму паглядзець на ўсю гісторыю Беларусі і на гісторыю беларускай літаратуры ў прыватнасці. А менавіта паглядзець на нашу гісторыю як на несупынную, непарыўную трагедыю. Калі нават пачнём не з самай глыбокай старажытнасці — першым яе страшным актам была Люблінская унія 1569 года, затым — Берасцейская унія 1596 года, затым — забарона беларускай мовы ў 1697 годзе, пасля — разгром паўстання Каліноўскага, пасля — грамадзянская вайна 1918-20 гадоў, пасля — усё тое жахлівае, што суправаджала калектывізацыю, пасля — дзікі гвалт над душой народа ў акупіраванай палякамі Беларусі, пасля — пагалоўнае вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі і наогул цвету нацыі ў рэпрэсіях 30-ых гадоў, пасля — Вялікая Айчынная вайна і жахлівая фашысцкая акупацыя Беларусі з масавым вынішчэннем насельніцтва, а праз увесь гэты час — апусташэнне і нявечанне мільёнаў душ няпраўдай, хлуснёй і страхам. І вось, нарэшце, — Чарнобыль — нешта настолькі страшэннае для лёсу нашага народа, чаго і ў самых кашмарных снах прысніць не маглі мы...