Вось чаму на ўсю нашу літаратуру трэба глядзець як на трагічную ў самой яе змястоўнай сутнасці. У якіх бы жанрах яна ні стваралася — гэта трагедыя. Такой яе і трэба ўсведамляць. Так трэба нанава напісаць і яе гісторыю — як шматвяковую трагедыю перш за ўсё. Такога яна чакае новага прачытання, такой павінна быць, на мой погляд, новая навуковая канцэпцыя. Праўдзівая, г. зн. сапраўдная беларуская літаратура — немінуча трагічная, бо глыбока трагічнаю была сама праўда нашага гістарычнага існавання.
Прыйшоў час рашуча і канчаткова адкінуць ненавуковыя, фальшывыя і вульгарызатарскія канцэпцыі гісторыі Беларусі, беларускай грамадскай думкі, беларускай культуры, распрацаваныя ў нашай Акадэміі навук і на кафедрах ВНУ пасля 1930 года, г.зн. пасля пагрому і вынішчэння сапраўдных навуковых сіл. Чым хутчэй мы гэта зробім — тым лепш, бо для вялікай работы па адраджэнню Беларусі патрэбен сур'ёзны навуковы грунт.
Непасрэдна пра літаратуру гаворка на з'ездзе пакуль што, можна сказаць, не вядзецца. Што зробіш! Відаць, вельмі баліць, турбуе і займае думкі іншае. І калі ўжо працягваць гаворку пра іншае, дык, у маім разуменні, перад беларускімі літаратарамі стаяць дзве галоўныя задачы. Па-першае, ратаваць нашу зямлю і жыццё на ёй, жыццё людзей нашых; колькі хопіць сіл у нас — трэба рабіць усё, каб дапамагчы, пасадзейнічаць гэтаму выратаванню. Учора Вярхоўны Савет СССР зацвердзіў Чарнобыльскую праграму на бліжэйшыя два гады — на першы этап, праграму мінімум. Добра вядома, але нават само абмеркаванне, я лічу, было крыўдным для беларускага народа, на долю якога дасталося 70 % ад усёй тэрыторыі, забруджанай смертаноснымі радыенуклідамі.
Па-другое, ці другая задача, на якой я спынюся трохі больш, гэта — выратаванне нашай мовы і культуры, каб праз гэта жыццё на Беларусі зрабіць беларускім. Я не агаварыўся — іменна беларускім. Да гэтага часу мы яго рабілі савецкім, сацыялістычным, інтэрнацыянальным, усё гэта добра, і было б зусім добра, калі б пры гэтым яно не рабілася ўсё менш беларускім. Дык вось — трэба вярнуць яму нацыянальнае беларускае аблічча, трэба ўвесь стыль жыцця паступова перайначыць на наш адметны, самабытны беларускі лад, які ў нас калісьці быў. Без гэтага, як вы разумееце, уласнай будучыні ў нас, у нашага народа быць не можа. Як мы дапаможам свайму народу ў гэтым яго духоўным адраджэнні — пытанне няпростае. Тут ад нас, пісьменнікаў, патрабуюцца не толькі добрыя, таленавітыя, праўдзівыя творы, але і вельмі вялікая грамадская праца, і, калі хочаце, стойкасць, і мужнасць, і цярпенне, — і цярпенне, якое таксама не трэба траціць. Адносіны да беларускай культуры ў нашым грамадстве калі і пачалі мяняцца, дык толькі чуць-чуць — і, можа быць, перш за ўсё тут, у Мінску, у сталіцы. Ствараюцца курсы па вывучэнню беларускай мовы, праводзяцца семінары і лекторыі. У Савеце Міністраў распрацоўваецца дзяржаўная праграма ажыццяўлення Закона аб мовах у рэспубліцы. Напомню, дарэчы, што ў сілу Закон уступае з 1 верасня. Вядома, менавіта тады самыя вялікія цяжкасці ў сваёй працы мы і напаткаем. Тым больш што Вярхоўны Савет СССР абвясціў рускую мову афіцыйнай мовай СССР — і мы не наіўныя, разумеем, што гэта значыць «дзяржаўнай». Вы ведаеце, як далёка ў нас зайшло руйнаванне беларускай нацыянальнай культуры. Мабыць, ні ў аднаго народа ў гісторыі не было такіх гнюсных здзекаў з народнае душы, як у Беларусі — і пры шматлікіх каралях-царах, і доўга пасля... Пачытайце ў «Камунісце Беларусі», № 4, архіўную публікацыю-пісьмо ЦК КПБ ад 25.01.1929 года наконт нацыяналізму ў асяроддзі беларускіх навукоўцаў і літаратараў. Малапісьменныя жандары ад мастацтва і навукі нават прозвішчы нашых слаўных паэтаў і пісьменнікаў правільна напісаць не ўмелі, а як яны здзекаваліся з іх! З іх — і з нас, нашчадкаў тых, каго загналі ў Курапаты або на Калыму. Калі які народ і мае права крыкнуць — «Бог, няма цябе!», ды крыкнуць так, каб неба здрыганулася, — то гэта наш народ. Бо калі б Бог быў — ён бы не дапусціў да гэтага.