Выбрать главу

У сувязі са сказаным справядліва было б, на маю думку, забараніць у нас у Беларусі карыстацца сёння кляймом «беларускі нацыяналізм». Іначай — нейкі абсурд: нацыянальная культура ў страшным заняпадзе, вытраўлена з душ мільёнаў нацыянальная самасвядомасць, выхавана ў тых жа мільёнаў абыякавасць, а то і пагарда да роднай мовы — і ў такой сітуацыі крычаць пра пагрозу беларускага нацыяналізму.

Гэтаксама нельга гаварыць, а тым больш крычаць, пра рэальнае двухмоўе ў Беларусі, бо гэта святатацтва і здзек з народа, мова якога знаходзіцца ў такім трагічным становішчы. Не трэба і такіх высокіх слоў, як інтэрнацыяналізм, хоць яны і вельмі добрыя самі па сабе, не трэба. Лепш хоць на нейкі час устрымацца ад іх — з элементарнага пачуцця прыстойнасці.

З гэтай трыбуны справядліва крытыкаваліся выданні, якія некаторымі сваімі артыкуламі па сутнасці спрыяюць абуджэнню міжнацыянальнай непрыязні і варажнечы. Брыдка ўсё гэта, непрыгожа і вельмі крыўдна, што гэта мае месца на зямлі народа, адвеку слыннага сваёй талерантнасцю, міралюбнасцю і дружалюбнасцю, чым мы заўсёды даражым і, спадзяюся, будзем даражыць. Ну, але добра, што ў гэтых выданняў хоць тыраж невялікі, за межы рэспублікі, бадай, і не выходзяць. А вось што рабіць мне, якога месяцы тры назад абвясціла ваяўнічым шавіністам многамільённая ўсесаюзная «Литературная газета»? У публікацыі двух бойкіх на пяро супрацоўнікаў Інстытута літаратуры АН БССР сцвярджаецца, што нібыта я ў вершы «На новым вітку» патрабую выгнання з Беларусі «некоренного населения». Ні больш ні менш. Уяўляеце, калі б таварышы крытыкі апублікавалі такое ў 1937-ым? Абвінавачванне настолькі недарэчнае і абсурднае ў сваёй несправядлівасці, у сваёй паклёпніцкай зададзенасці, што лепш за ўсё было б ніяк на яго не рэагаваць. Але і не рэагаваць нельга. Калі ніхто не абараняе — трэба самому абараняцца. Я з абурэннем адмятаю гэты паклёп. Ні адзін з маіх рускіх, украінскіх, яўрэйскіх, татарскіх і інш. па нацыянальнасці сяброў і таварышаў, побач з якімі я жыву і працую тут, у нашым агульным доме, не паверыць гэтай подлай інсінуацыі. Навошта ж яна спатрэбілася паважанай «Литературной газете»? Я думаю, для таго, каб падтрымаць тых «патрыётаў» Беларусі, якія дзесяткі гадоў вешалі на мяне падобныя ярлыкі. Але гэта яшчэ не ўсё. Месяц з гакам назад ужо наша рэспубліканская газета «Знамя юности» апавясціла сваіх чытачоў, што ў тым жа вершы «На новым вітку» ёсць «спекуляция на национальных чувствах»,— вядома ж, у артыкуле аднаго з тых самых акадэмічных аўтараў. Уявіце сабе: цяжка хворы чалавек знаходзіцца ў крытычным стане, калі нічога не рабіць — то можа пачацца перадсмяротная агонія, і родныя-блізкія, якім гэты чалавек бясконца дарагі, кідаюцца шукаць хоць якой-небудзь рады, хапаюцца ў роспачы за любы сродак, каб толькі ўратаваць, ні ўдзень, ні ўночы не адыходзяць ад хворага, знебыліся ад пакут, выбіваюцца з апошніх сіл, а ім — дасведчаныя адукаваныя людзі заяўляюць: што вы спекулюеце на стане яго здароўя? Што вы без падстаў падымаеце паніку?

Якое ж трэба мець сумленне і сэрца, каб дазволіць сабе такое!

Уся прычына ў тым, што для адных пытанне аб беларускай мове і культуры — пытанне іх уласнага лёсу, сэнсу жыцця, а для другіх — толькі «предмет досужих разговоров», кажучы па-руску, практыкаванне ў пустаслоўі. У гэтым і ўся розніца. Мне няма чаго баяцца, каб сказаць, што ўсё свядомае жыццё, з маладых гадоў, ува мне несціхана крычыць адзін боль — боль за нашу бяспраўную, занядбаную, адціснутую на задворкі жыцця мову. І нічога больш. Ведаю, што гэта і боль многіх маіх сяброў-паплечнікаў, бо гэты боль майго і нашага народа. Праз гэта мне заўсёды было цяжка знаходзіць агульную мову як з раўнадушнымі чыноўнікамі, так і з беспардоннымі цынікамі.

Хацеў бы ў сувязі з гэтым нагадаць пра адзін факт з нашай нядаўняй літаратурнай гісторыі. Вядома, што пасля XX з'езда КПСС некаторыя крытыкі з каманды Лукаша Бэнды хадзілі па публічных бібліятэках, бралі старыя падшыўкі газет і, па-зладзейску азіраючыся, выразалі свае артыкулы, у якіх яны выкрывалі «беларускіх нацыяналістаў», — каб не засталося слядоў іх подлай работы. Ці не прыйдзецца аднойчы і сяму-таму з нашых сучаснікаў заняцца такой жа зладзейскай справай?