Выбрать главу

Як я разумею, гэтыя, перш за ўсё, клопаты і мэты меліся на ўвазе, калі гады чатыры назад у асяроддзі рускай інтэлігенцыі — літаратараў, мастакоў, навукоўцаў — нарадзілася ідэя, па-першае, штогадова праводзіць Свята славянскага пісьменства і славянскіх культур, а па-другое, стварыць адпаведны міжнародны фонд у якасці арганізацыйнага цэнтра, які будзе аб'ядноўваць і падтрымліваць намаганні ўсіх, хто шчыра жадае, каб месца і значэнне вялікай, міралюбівай і гуманнай культуры славянства на планеце яшчэ больш узрастала, каб векавечнае славянскае слова разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, несучы мільёнам людзей праўду і святло.

Славянскае слова! Якое невымернае шчасце — валодаць ім і адначасова служыць яму! Якая радасць і асалода слухаць яго — слухаць і пераконвацца, што яно — табе роднае, што яно адгукаецца ў самых патаемных глыбінях тваёй душы, калі нават трохі і адрозніваецца ад таго, што ты ўпершыню пачуў з вуснаў маці! Менавіта пра гэта і мой даўні, прывезены колісь з Балгарыі верш, якім я і хацеў бы закончыць свой невялікі святочны роздум:

А ў Радопах суніцы завуць па-радопску «зуніцы» — Як і ў нас, толькі першая літара трошкі званчэй. Як і ў нас, тут вясёла бруяцца лясныя крыніцы. І ў дзятвы, як і ў нашай, праменіцца сонца з вачэй. Як і ў нас, тут паветра сунічным прапахла настоем. А яшчэ — баравою, здаровай, смалістай сасной. Як і ў нас, палавее на доспеве жыта густое І вясёлыя жаўранкі путаюць вецер струной. Ах, напэўна ж, усё — і зямля тут, і неба, і сонца, І ўсе гукі лясныя, і водар, і фарбы наўсцяж — Мне таму і здаліся сваімі, што роднае слоўца, Беларускае слоўца я раптам пачуў у гасцях! Ці ж не варта было ў гэты край старажытны забрацца, Каб не толькі па сэрцах, а нават па слове адным Распазнаць і адчуць векавечнае кроўнае брацтва, Не адолець якога нікому, ніколі, нічым!

АД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СМЕРЦІ РАТУЕ ВЕРНАСЦЬ РОДНАМУ СЛОВУ

Прамова на адкрыцці Свята славянскага пісьменства і культуры. 24 мая 1990 г.

Вялікая падзея ў духоўным жыцці беларускага народа, сведкамі і ўдзельнікамі якой мы з'яўляемся, мае сваю дакладную назву: Свята славянскага пісьменства і культуры. Мы называем гэту падзею святам, хаця сёння ў Беларусі гаварыць «народ святкуе» — не вельмі выпадае, бо не ўвязваецца з клопатамі і настроямі, якія ў нашых сэрцах ужо даўно пераважаюць. Шчыра кажучы, не можа народ безаглядна святкаваць, на ўсю шырыню душы весяліцца, калі над яго лёсам навісла страшная, чорная бяда, — такая бяда, паследкі якой ніхто і прадбачыць не бярэцца. Таму і ўдзел у Свяце шаноўных і дарагіх гасцей з многіх славянскіх краін наш народ успрымае не толькі як знак павагі да яго культуры, яго духоўных набыткаў, але і як сведчанне сардэчнай спагады і нераўнадушнасці братоў-славян да яго лёсу. На маё разуменне, гэта, апрача ўсяго іншага, яшчэ і падтрымка нам у бядзе, а таксама падтрымка ў нашым змаганні супраць духоўнага Чарнобыля, супраць заняпаду нашай роднай мовы і культуры.

Зрэшты, аказанне такой падтрымкі тым, хто ў ёй мае патрэбу, заўсёды было маральным абавязкам, няпісаным законам цывілізаваных грамадстваў, і перш за ўсё — абавязкам інтэлігенцыі. Успомнім тое, што сёння асабліва прыемна ўспомніць. Адразу ж пасля заканчэння грамадзянскай вайны, калі Савецкая Беларусь рабіла першыя крокі свайго дзяржаўнага станаўлення і праблемы адраджэння нацыянальнай культуры, развіцця беларускай асветы і навукі былі праблемамі першаступеннай значнасці, да нас, у край апустошаны, зруйнаваны гадамі ліхалецця, прыехалі сотні вядомых рускіх вучоных, каб дапамагчы нашаму нацыянальнаму адраджэнню. І хачу падкрэсліць: многія з іх сталі патрыётамі нашай культуры, хутка авалодалі беларускай мовай, чыталі на ёй лекцыі і вялі ўсю навуковую і педагагічную працу.

Беларускі народ заўсёды са шчырай удзячнасцю прымаў і прымае дзеі і словы братняй падтрымкі, увагі і павагі і ў сваю чаргу рупіцца аб тым, каб не застацца ў даўгу. У нас прыкметна нарастае цікавасць да духоўных скарбаў іншых славянскіх народаў, да іх вопыту ў галіне асветы і культурнага будаўніцтва і, вядома ж, да іх мастацтва і твораў іх прыгожага, ці, як у нас гаварылі раней, краснага пісьменства.