Што дае знаёмства з гісторыяй і культурай іншых славянскіх краін? Вельмі многа! Хіба, напрыклад, не цікавы для нас гістарычны вопыт Балгарыі? Амаль пяцьсот гадоў над гэтым таленавітым жыццястойкім народам панавалі чужынцы-заваёўнікі. Што ўратавала Балгарыю, балгарскі народ як этнас ад канчатковай гібелі, ад смерці? Слова! Роднае балгарскае слова! Слова ярма не прыняло! Слова жывіла дух. Будзіла сілы. Слова вуснае — у паданнях і легендах, у казках і прыказках, у непаўторных і несмяротных народных песнях, і слова пісанае — у тых тысячах рукапісных фаліянтаў, што ствараліся і захоўваліся ў манастырах і цэрквах! Вуснамі вялікіх балгарскіх асветнікаў — а яны былі пераважна і святарамі — сцвярджалася: усе мовы на зямлі роўныя ад Бога, ад прыроды, і кожную з іх трэба берагчы! Роднае слова гучала ў балгарскіх цэрквах усе пяцьсот гадоў няволі! А што ўратавала ад асіміляцыі, ад нацыянальнай смерці колькасна немнагалікі славенскі народ, які каля тысячы гадоў знаходзіўся пад уладай чужынцаў? І зноў жа Слова! Гэта ж можна сказаць і пра славакаў, і пра чэхаў, і пра сербаў, і пра многія іншыя народы. Вось толькі адзін з урокаў, якія дае нам знаёмства і культурнае супрацоўніцтва з братнімі славянскімі народамі.
Свята ў гонар Слова, якое пачало праводзіцца ў нашай краіне, несумненна дасць багаты плён. Яно дапаможа ўскалыхнуць патрыятычныя пачуцці людзей, абудзіць жывую цікавасць да сваёй гісторыі, да каранёў і вытокаў духоўнасці свайго народа, да тых глыбокіх нацыянальных традыцый і звычаяў, якія, на вялікі жаль, занядбаны і адрадзіць якія — наш супольны святы абавязак. У гэтым сэнсе мы, беларусы, страцілі надзвычай шмат, хаця і шмат змаглі ўсё-такі захаваць — на шчасце для сябе і на радасць для чалавецтва. Разам з намі шмат са сваёй духоўнай культуры страцілі і этнічныя групы, якія здаўна жывуць на Беларусі. Віны беларускага народа ў гэтым няма — трацілі разам. Трацілі не толькі мову, традыцыі, звычаі, скарбы мастацтва, сацыяльнага і гаспадарчага вопыту, багацці душы і памяці народнай, — трацілі пад прэсам нялюдскай бюракратычнай сістэмы і самае каштоўнае, што ёсць у людзей: пачуццё братняй еднасці, братняй узаемапавагі і братняй любові.
Вось чаму сёння найпершы абавязак дзеячаў асветы, навукі, культуры — працаваць не пакладаючы рук на ідэю яднання народаў і нацый, на ўзаемаразуменне і давер. Адраджэнне і ўзвышэнне любой нацыянальнай культуры, мовы, нацыянальнай і гістарычнай самасвядомасці ні ў якой меры не павінны азначаць паслабленне духоўных сувязей паміж народамі, паслабленне нашай роднасці, нашага адзінства. Наадварот, і толькі наадварот! Нельга не думаць пры гэтым пра ролю інтэлігенцыі сёння. Калі на яе вачах ідзе разрыў духоўнай повязі паміж людзьмі розных нацый, адбываюцца акты вандалізму, разбураюцца і зносяцца помнікі героям вызвалення ад фашызму, калі знішчаюцца сімвалы такою высокай цаной здабытай свабоды, сімвалы нашай духоўнай еднасці, калі набываюць сілу працэсы адчужанасці і азлобленасці, — калі, паўтараю, усё гэта адбываецца на вачах інтэлігенцыі,— хіба яна можа маўчаць? Калі б такое маўчанне апанавала ёю, то гэта было б самае горшае, што магло з ёю здарыцца, да чаго можна дайсці ў трагічным разладзе з уласным сумленнем. Будзем, аднак, спадзявацца, што верныя гуманным запаветам вялікіх папярэднікаў, такіх, як геніяльныя стваральнікі нашага пісьма Кірыла і Мяфодзій, як наш нацыянальны геній Францыск Скарына, чый вобраз гэтак сонечна азарае нашу сённяшнюю ўрачыстасць, — сучасныя дзеячы асветы і культуры апраўдаюць сваё высокае прызванне, праявяць волю да барацьбы за яднанне пад сцягам міру, разумнай згоды і чалавекалюбства. Што такое жаданне ў інтэлігенцыі славянскага свету ёсць, сведчыць і гэта Свята.
І ЎСЮДЫ — КРЫК БОЛЮ, КРЫК РОСПАЧЫ
Выступленне на першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР дванаццатага склікання 28 чэрвеня 1990 г.
Паважаныя таварышы! З групай народных дэпутатаў я ездзіў у Хойніцкі раён. Пабывалі ва ўсіх зонах, у тым ліку і ў зоне адсялення, і ў зоне адчужэння, і нават там, на беразе Прыпяці, адкуль добра відаць карпусы Чарнобыльскай АЭС. Ніколі, з гадоў вайны, не было ў мяне такіх цяжкіх уражанняў, як тыя, з якімі я вярнуўся заўчора з Палесся. Пустыя, мёртвыя вёскі, пустыя, без вокнаў хаты, начыста абрабаваныя марадзёрамі, бязлюдныя, адзічэлыя палеткі, лугі, сядзібы. Ніколі не было ў мяне і такіх цяжкіх сустрэч з людзьмі. Што ні сустрэча — балючы крык, крык роспачы, крык «Ратуйце!». Слухаць проста не было сілы, ён раздзіраў сэрца. Крык цяжарных жанчын, якіх ахоплівае жах за дзяцей, што народзяцца, крык маці, у якіх на руках па трое-чацвёра малых, якім ні разу за ўсе гады пасля катастрофы не далі пуцёўку ў санаторый для лячэння. Плач, слёзы з першай хвіліны размовы: «Памажыце, людзі дарагія. Жыць жа хочацца, хоць дзяцей выратуйце».