Выбрать главу

Паважаныя дэпутаты! Выснова можа быць толькі адна: перасяленне, і неадкладнае. Проста не верыцца, што толькі ў кастрычніку з Масквы нам дадуць навуковую канцэпцыю, пры якім узроўні радыяцыі перасяляць, дзе правесці мяжу зоны адсялення. Значыць, самі мы вызначыць не можам. Кажуць, патрэбна дэталёвае вывучэнне сітуацыі. А колькі яно будзе цягнуцца, гэта вывучэнне? У дзяржаўнай саюзна-рэспубліканскай праграме, якую мы атрымалі, сказана: няма поўнай і дэталізаванай інфармацыі аб забруджанні тэрыторыі рыдыенуклідамі. А інфармацыя такая...

Зайшлі мы на ферме ў кароўнік, замералі фон. Лічбы на дазіметры 25-30. Замералі нарыхтаваны корм — 50 з гакам. Выйшлі з фермы, замералі ў двух метрах ад варот, там, дзе вадасцёк — з даху, у траве, лічбы — 1170-1460. Значыць, амаль у сто разоў больш дапушчальнай дозы. Вось я і пытаюся, якімі ж паказчыкамі кіравацца? Тымі нейкімі сярэднімі, афіцыйна аб'яўленымі па гэтай тэрыторыі, ці канкрэтнымі, рэальнымі?

З гэтай трыбуны было выказана шмат слушных прапаноў наконт перасялення. Не буду паўтараць сказанае, вылучу толькі два моманты, пра што асабліва гаварылі людзі. Перасяляць трэба вёскамі, вуліцамі, калектывамі. Ва ўсякім разе так, каб побач былі блізкія, свае людзі. І другое: у першую чаргу перасяляць трэба сем'і з дзецьмі, паколькі на дзяцей радыяцыя дзейнічае ў шмат разоў мацней.

Далей, трэба неадкладна спыніць на забруджанай тэрыторыі ўсялякае будаўніцтва і вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта тут гаварыў літаральна кожны дэпутат. Ідзе нейкае недаравальнае злачыннае ашуканства. На першым плане не людзі, а вытворчасць. Хто ў гэтым зацікаўлены? Дзеля гаспадарчых планаў мы не ратуем людзей. Простыя людзі, механізатары, даяркі, кажуць: «Труцім сябе, бо ядзім тое, што маем. Але за што мы труцім людзей там, куды наша прадукцыя пасылаецца?» Для іх, простых людзей, гэта яшчэ і маральныя пакуты, іх сумленне не можа змірыцца з тым, што іх нехта робіць, па сутнасці, саўдзельнікамі злачынства. І, вядома, на час да перасялення, паколькі яго за месяц-два не правядзеш, трэба забяспечыць людзей чыстымі прадуктамі, вітаміннай гароднінай, садавінай і медыкаментамі.

Што яшчэ трэба сёння? Трэба гаварыць на ўвесь голас праўду, што Беларусь у вялікай бядзе і што гэта бяда датычыць усяго насельніцтва, да апошняга чалавека. Трэба сказаць, што на пэўны час, можа на некалькі гадоў, нам будзе вельмі цяжка, цяжэй, чым было дагэтуль. Цяжэй, бо, па-першае, на адну пятую скарачаюцца сельгасугоддзі. Па-другое, вялікія грошы патрэбны на выратаванне людзей. Колькі б сродкаў ні даў урад СССР, як бы ні дапамагалі добрыя людзі з усяго свету, перш за ўсё мы павінны разлічваць на свае сілы, на свае магчымасці. Значыць, давядзецца тэрмінова перагледзець гаспадарчыя планы, у прыватнасці планы будаўніцтва.

Прычына таго, чаму на сёння ўсё-такі мала зроблена па ліквідацыі паследкаў Чарнобыля, хоць, здаецца, і стараліся рабіць нешта, усё там жа, у тармазным дзеянні механізма нашай грамадскай сістэмы. Вось паважаны міністр аховы здароўя сказаў: «Запланавалі чатыры дзіцячыя санаторыі і, на жаль, ніводнага не пабудавалі». А чаму? Хто вінаваты? А ці ёсць у нас інфармацыя, колькі пабудавалі за гэтыя гады шыкоўных будынкаў, кожны на многа мільёнаў коштам, для раённых і гарадскіх камітэтаў партыі, для раённых і гарадскіх выканкомаў, для іншых дзяржаўных устаноў? Давайце пачнём з гэтага: перададзім пад бальніцы і санаторыі гмахі, якія занялі пад кабінеты нашы партыйныя апараты. Хто ж дасць прыклад, калі не самыя свядомыя, самыя ідэйныя сярод камуністаў? Аўтарытэт партыйнай арганізацыі залежыць не ад таго, у якім будынку засядае камітэт, а ад таго, і толькі ад таго, што добрае ён робіць для людзей.

Трэба ж, каб людзі ўбачылі і паверылі, што да іх гора павярнулася тварам уся рэспубліка. Трэба па тэлебачанні, па радыё, у друку, з усіх трыбун сказаць народу, сказаць самім сабе, чаго ж мы вартыя як людзі, як нацыя, як дзяржава, калі мы ведаем, што ў небяспецы жыццё кожнага пятага, што пагібель можа напаткаць усіх нашых нашчадкаў, і мы церпім. Мы мірымся з тым, што бачым, пра што ведаем. Больш таго, перасяленцы, як ужо пра гэта гаварылі і іншыя таварышы, вяртаюцца назад пакрыўджаныя, абражаныя нячуласцю і чэрствасцю. Людзі шукаюць паратунку, а на іх глядзяць як на рабочую сілу, і толькі. Як бы яны прыехалі па вярбоўцы, нават пачынаецца своеасаблівы гандаль: маладых возьмем, старых — не. Тыя, хто ўсё жыццё сумленна працаваў і жыў нялёгка, сёння нікому зусім не патрэбны. І гэта ў нас, у Беларусі, жыхароў якой адвеку паважалі за спагаду і міласэрнасць. Проста сорамна думаць пра гэта. Сорамна, што так бязладна, так бяздарна мы страцілі чатыры гады і працягваем траціць дарагі час.