Выбрать главу

Шкада, што наша сесія не пачала работу з гэтага пытання, што мы не паставілі яго першым. Але сёння ўжо справа не ў маіх ці кагосьці асабістых эмоцыях. Мы гаворым пра канкрэтную дзяржаўную праграму, якую павінны прыняць. Я заклікаю вас, паважаныя калегі, праявіць вялікую прынцыповасць і сёння, і заўтра. Кажу, і заўтра, бо мне вельмі трывожна, што праграму мы прымем, абавяжам урад да дзеяння, а ці будзе яно, гэта самае дзеянне? Пэўнасці ў гэтым няма. І вы ведаеце чаму. Калі б панеслі пакаранне, хаця б маральнае пакаранне, вінаватыя, тады б, можа, іначай ставіліся да ўсёй чарнобыльскай праблемы, да сваіх абавязкаў тыя, хто надзелены ўладай сёння. Але па даўняй завядзёнцы ў нас ніхто ні за што не адказвае. Дакладней, ніхто не баіцца, што панясе пакаранне, нават паніжэннем на пасадзе. Так што трэба, відаць, пачынаць з гэтага. Ці ёсць у нас законнасць? І калі ёсць, дык для каш яна?

І апошняе. Калі ў хаце цяжка хворы, там не пяюць, не скачуць, не весяляцца. Прашу зразумець правільна. Гаворка не аб тым, каб нагнятаць цяжкі настрой, пачуццё роспачы. Але, думаю, трэба ў тэатрах, у філармоніях, па тэлебачанні, на радыё і гэтак далей адмяніць усе ўвесяліцельныя праграмы, хаця б на год. А далей час пакажа. Наогул трэба істотна змяніць увесь стыль жыцця: сам характар нашага мыслення, накірунак нашых жыццёвых клопатаў. Як гэта было, старэйшыя помняць, у гады вайны. У нашай агульнай хаце гора, пра гэта трэба помніць кожную хвіліну. Значыць, ніякага дурнога аптымістычнага пафасу, да якога мы прывыклі. Ён недарэчы, не да месца, ды і шкодзіць справе. Трэба перайсці на дзелавы, рабочы лад усюды і скрозь. Як я разумею, гэта і будзе сапраўды чалавечы стыль, стыль натуральнага чалавечага жыцця, да якога нам даўно пара вярнуцца. Дзякую за ўвагу.

ДЗЯРЖАЎНЫ СУВЕРЭНІТЭТ — ЦІ ЗОНА СВАБОДНАГА ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ?

Выступленне на II сесіі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання 26 ліпеня 1990 г.

Шаноўныя калегі дэпутаты!

Паводле ўсіх слоўнікаў, якія ёсць на свеце, суверэнітэт азначае «незалежнасць дзяржавы ад іншых дзяржаў у яе ўнутраных справах і міжнародных адносінах». Суверэнны — значыць незалежны, самастойны. Суверэнны ўрад — урад, які ажыццяўляе вярхоўную ўладу, — безагаворачна вярхоўную! Ці такім будзе ўрад, які мы тут, на сесіі, назначаем? Ці такою будзе беларуская дзяржава, суверэнітэт якой мы збіраемся абвясціць?

Сумняваюся, і нават больш чым сумняваюся — не веру. Сумняваюся, таму што слаба праглядваецца і адчуваецца ў нас, у Беларусі, тое галоўнае, без чаго дзяржаўнага суверэнітэту не можа быць. Усякаму рэальнаму дзяржаўнаму суверэнітэту, іначай сказаць — рэальнай эканамічнай і палітычнай незалежнасці, папярэднічае суверэнітэт або незалежнасць духу, душы народа, незалежнасць самапачуцця нацыі, суверэнітэт нацыянальнай самасвядомасці. Рэальнаму дзяржаўнаму суверэнітэту патрэбен духоўны грунт, духоўны хлеб, духоўнае забеспячэнне. Без гэтага мы створым у лепшым выпадку вялікую — ад Буга да Дняпра і Сожа — зону свабоднага эканамічнага развіцця, а не суверэнную дзяржаву.

Незалежнасць духу, незалежнасць самасвядомасці — гэта, апрача ўсяго іншага, незалежнасць слова, свабода слова, паўнаўладнасць роднага слова на сваёй роднай зямлі. Як мы баімся гэтага апошняга — сведчыць адзін факт, які мяне ўразіў надзвычайна. Учора я трымаў у руках новую рэдакцыю Закона аб мовах у БССР, распрацаваную ў кабінетах Вярхоўнага Савета, паводле якой наш Закон падганяецца пад нядаўна прыняты ўсесаюзны Закон аб мовах, якім руская мова абвешчана афіцыйнай, г.зн. дзяржаўнай мовай краіны. Новая рэдакцыя, па сутнасці, паралізуе важнейшыя артыкулы нашага Закона аб мовах — артыкулы, якія гарантуюць рэальную дзяржаўнасць беларускай мовы. Што самае сумнае ў гэтым факце? Тое, з якою хуткасцю таварышы кінуліся рэвізаваць Закон сваёй рэспублікі, насуперак кроўным інтарэсам беларускага народа, з якою гатоўнасцю мы падымаем рукі ўгору і капітулюем перад націскам збоку. Вось вам і ўвесь суверэнітэт, і ўся самастойнасць нашай нацыянальнай свядомасці, вось вам і наша здольнасць пастаяць за вяршэнства законаў Беларусі! Не кажу ўжо пра маральны бок справы — тут застаецца толькі горка-цяжка ўздыхнуць ад такой маралі. Гэта мараль, заснаваная на самаедстве, на самагубстве і самавынішчэнні. Вось чаму, помнячы пра сваю адказнасць за лёс нацыі, мы абавязаны сёння яшчэ і яшчэ раз задумацца: што мы хочам абвясціць і затым ажыццявіць? Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі — ці эканамічна-гаспадарчы суверэнітэт пэўнага тэрытарыяльнага рэгіёна, ну, скажам, паўночна-заходняга краю, накшталт краю Стаўрапольскага ці, скажам, Прыморскага? Калі мы сапраўды зразумелі, што нам, беларусам, беларускаму народу, гісторыя дала, можа быць, апошні шанц для свайго нацыянальнага самасцвярджэння, і калі мы сапраўды намераны дабіцца рэальнай дзяржаўнай незалежнасці, то нашу Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі трэба зрабіць больш канкрэтнай — на ўзор Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны. Я рад, што апошні варыянт праекта Дэкларацыі, які вы атрымалі сёння, досыць блізка стаіць да ўкраінскага. Ён больш дэталізаваны, каб нашы людзі, нашы выбаршчыкі, ужо цяпер, не чакаючы новай Канстытуцыі сваёй нацыянальнай дзяржавы, маглі ўбачыць, наколькі рэальны будзе суверэнітэт гэтай дзяржавы. Дарэчы, самы першы варыянт нашага дакумента быў таксама вельмі блізкі да ўкраінскага.