Выбрать главу

Канкрэтна я прапаную ў артыкул 9, абзац першы, дадаць словы «забяспечвае функцыяніраванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця», І яшчэ — дзеля дасягнення неабходнай нацыянальнай згоды, без чаго мы можам зайсці з нашай Дэкларацыяй у тупік, — я хацеў бы прасіць дэпутатаў — аўтараў праекта Дэкларацыі ад БНФ — не настойваць сёння на адным сваім патрабаванні. А менавіта — на патрабаванні аб тым, каб «пацвердзіць» незалежнасць Беларусі паводле Трэцяй. Устаўной Граматы Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 г. Нам трэба думаць і клапаціцца аб суверэнітэце той дзяржавы, якая ёсць. А адкуль будзе пачынацца радаслоўная нашай суверэннай дзяржавы — ці з сакавіка 1918-га, ці са студзеня 1919-га, ці з XIII або XIV стагоддзя — гэта пакажа час. Іншая справа, што погляд нашых афіцыйных гісторыкаў на абвяшчэнне БНР не вытрымлівае крытыкі. Ён навукова неаб'ектыўны, гэты іх погляд на той гістарычна несумненна прагрэсіўны акт 25 сакавіка 1918 года.

ВЯЛІКІ СЫН БЕЛАРУСІ

Слова на ўрачыстым вечары ў гонар 500-годдзя Ф. Скарыны. 06.09.90 г.

Выдатны гуманіст і асветнік, мысліцель і вучоны-энцыклапедыст, усходнеславянскі першадрукар, самабытны мастак-графік, таленавіты пісьменнік, паэт і перакладчык, высокародны грамадзянін і патрыёт — усё гэта цалкам справядлівыя характарыстыкі, якімі ўшаноўваецца сярод людзей дасведчаных наш зямляк, беларус са слаўнага горада Полацка Францыск, або Францішак, Скарына.

500-ыя ўгодкі яго нараджэння, якія мы разам з многімі добрымі людзьмі адзначаем, выпалі на час вельмі незвычайны, на час, які ў пэўных вымярэннях супадае або адчувальна пераклікаецца з ягоным часам. Яго, скарынаўская, эпоха ў гісторыі чалавечай цывілізацыі называецца эпохай Адраджэння. Сёння гэтае слова зноў стала адным з самых назыўных — прынамсі, у дачыненні да многіх народаў свету, у тым ліку і да нас, беларусаў. Што ж гэта быў за час, які належаў яму, Скарыне, час, за межы якога ён ступіў у вечнасць, час, які на землях усходняга славянства ўвасобіўся ў ім, у яго справах і дзеях найбольш прыгожа, найбольш поўна і ярка?

Тры адметныя рысы характарызуюць тую непаўторную эпоху, што прыйшла на змену застойным, як бы мы сказалі сёння, сярэднім вякам, — эпоху Адраджэння. Першая — гэта свабоднае пачуццё чалавечнасці, узвышэнне і самасцвярджэнне асобы, яе права на зямныя радасці жыцця; другая — гэта вызваленне чалавечага розуму ад усялякіх догмаў, бунтоўны і неадольны дух вальнадумства; трэцяя — гэта арыентацыя і апора на антычнасць, на старажытныя аўтарытэты. Дабавім, што гэтыя памечаныя гуманізмам духоўныя працэсы суправаджаліся ростам этнічнай і нацыянальнай свядомасці, крышталізацыяй і станаўленнем нацыянальных культур, увагай да жывой мовы народа. На дарозе Адраджэння, а значыць — развіцця навукі, асветы, літаратуры і мастацтва, стаяла косная сіла сярэднявечча, усталяваныя за тысячу гадоў традыцыі, мараль і светапогляд, і каб гэтыя перашкоды расхістаць і пераадолець — патрэбна была сіла волатаў, тытанаў духу. Эпоха, як мы ведаем, задаволіла гэту патрэбу. Нагадаем, што сучаснікамі Скарыны былі такія геніяльныя вучоныя, мастакі, пісьменнікі, як Капернік, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Батычэлі, Дзюрэр, Рабле і іншыя, у сузор'і якіх дастойна свеціцца і воблік нацыянальнага генія Беларусі.

Нагадаем таксама, што малады палачанін, да таго як пайсці па навуку ў славутыя еўрапейскія універсітэты, атрымаў належную адукацыю дома, на Бацькаўшчыне, дзе яшчэ ад часоў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага пашыралася і была ў вялікай пашане рукапісная кніга і наогул пісьменнасць. Што ён нарадзіўся і вырас не ў адсталым, апавітым цямнотай, духоўна паралізаваным краі. На яго радзіме ў той час ужо славіліся актыўным гаспадарчым, грамадска-палітычным і культурным жыццём такія буйныя гарады, як Полацак, Віцьбеск, Берасце, Гародня, Наваградак, Менск, Слуцак, а таксама Орша, Магілёў, Тураў, Пінск і іншыя. Тон у жыцці ўсё больш пачыналі задаваць новыя сацыяльна-грамадскія сілы — шляхта і заможныя гараджане, купцы і рамеснікі. Час Скарыны — гэта час інтэнсіўнага фарміравання беларускай нацыянальнай мовы, росквіту рукапіснага мастацтва і ўзнікнення прыватных бібліятэк, час шырокага бытавання апакрыфічнай і перакладной літаратуры, найбольш актыўнага стварэння беларускіх летапісаў — такіх, як знакамітая «Хроніка Быхаўца», час першага Статута Вялікага княства Літоўскага, як тады называлася наша магутная дзяржава. Час Скарынін — гэта час масавага паяўлення на Беларусі царкоўных і свецкіх хораў, капэл і аркестраў, час выдатных дасягненняў у мастацтве (іканаграфія, дрэварыт, манументальны жывапіс) і асабліва — у галіне нацыянальнага дойлідства (цэрквы-крэпасці ў Сынковічах, у Супраслі, у Заслаўі, у Малым Мажэйкаве, замак у Міры і многае іншае). Час Скарынін — гэта час, калі маладыя беларусы атрымлівалі вышэйшую адукацыю ва універсітэтах Кракава, Прагі, Падуі, Балоньі, Базеля, Лейпцыга, Кёнігсберга, калі ў дзяржаве высока шанаваліся пачуцці патрыятызму і грамадзянства, калі найвышэйшым заканадаўчым і кантрольным органам быў вальны сейм, які ўнаследаваў традыцыі даўніх вечавых сходаў, калі ў краі панавала канфесійная талерантнасць і яшчэ было далёка ад адкрытых агрэсіўных выпадаў супроць іншаверцаў.