У нетрах нашага грамадства выспяваюць новыя настроі, якія прадвяшчаюць рашучы паварот у гістарычным лёсе беларускага народа. У ліпені Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. 1 верасня ўступіў у дзеянне Закон аб мовах, згодна якому беларускай мове нададзены статус дзяржаўнай. Нядаўна Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб стварэнні ў Мінску Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, які, хочацца верыць, стане буйным асяродкам навуковай, асветніцкай і культурнай работы. Думаецца, што зусім не за гарамі час, калі ў нашым стольным горадзе, на рагу вуліцы Акадэмічнай і праспекта Скарыны, які працягваецца ну, прынамсі, ад плошчы Незалежнасці аж да Маскоўскай шашы, будзе стаяць прыгожы і велічны помнік яму — можа быць, самы прыгожы з усіх пастаўленых калі-небудзь на беларускай зямлі.
Благаслаўлёнае імя Скарыны сёння з тымі, хто клапоціцца пра адраджэнне душы чалавечай, хто дбае пра вялікую будучыню народа.
Тая вера, што калісьці вяла яго пакутніцкім шляхам да высакароднай мэты і асвятляла яму гэту дарогу, — з намі!
Тая любоў да роднага краю, што натхняла яго, і акрыляла, і падымала над крыўдамі і нягодамі, — з намі!
Тая прага тварыць дабро «людзям паспалітым», якая жывіла яго сілы, прыдавала яму мужнасці, стойкасці і цярпення, — з намі!
Будзем жа дастойнымі ў сваіх словах і справах яго памяці, яго спадчыны, яго запаветаў!
І СУВЕРЭНІТЭТ ДУХУ!
«Народная газета» за 1 кастрычніка 1990 г.
Гады два назад на старонках усесаюзнай газеты была змешчана прысланая з Беларусі аб'ява: на пасаду кіраўніка сельскага Дома культуры запрашаўся спецыяліст, якому, натуральна, сёе-тое абяцалася пры гэтым. Паколькі «дошка аб'яў» усесаюзная — значыць, запрашалі спецыяліста па культуры хоць з-за сямі тысяч вёрст, па аналогіі, як запрашаюць многія нашы калгасы механізатараў і жывёлаводаў. Не ад лёгкага жыцця, вядома, кінулі людзі кліч на ўвесь Саюз: рэспубліка не забяспечвае клубы і дамы культуры патрэбнымі кадрамі. Гэта — горкая праўда, канешне. І ўсё ж я міжволі задумаўся: запрашаецца не механізатар і не ветэрынар, а той спецыяліст, які, прыехаўшы з-за краю свету, будзе займацца жывымі душамі мясцовых, тутэйшых людзей, будзе гэтыя душы культываваць і выхоўваць, жывіць іх духоўным хлебам, будзе развіваць у раёне культуру... Ну і добра, скажаце, хай развівае. Згода, хай развівае. Але — на якой глебе? З чаго зыходзячы будзе ён рухаць у Беларусі культурны прагрэс? Якую мастацкую культуру будзе расціць, якія духоўныя традыцыі будзе працягваць? Беларускія? Калі ён на беларускай культуры вырас — пытання няма, а калі ён і элементарнага ўяўлення не мае пра асаблівасці гэтай культуры і гэтых традыцый? Значыць, будзе не працягваць, а перарываць іх і разбураць, падменьваць нечым іншым?..
Глядзеў я на тую аб'яву, і ўжо, можа, у тысячны раз мне цяжка-горка ўздыхнулася: «Прыйдзіце і апрацуйце нашы душы, калі ласка! Стварыце для нас культуру!..»
Старая-старая песня! Колькі давялося за жыццё яе наслухацца! Прыйдзіце!.. Самі мы тварыць культуру на ўласным нацыянальным грунце не ўмеем. Не ўмеем і па ўласных школьных праграмах вучыць сваіх дзяцей — і таму тысячы беларускіх школ перарабілі на рускія, каб былі, як блізняты, падобныя на тыя, што ў Кастраме ці ў Разані... Самі не ведаем, якія часопісы і газеты выпісаць для калгаснага ці заводскага клуба, — і таму ў бібліятэцы на адно беларускае перыядычнае выданне паўсотні небеларускіх... Самі не здольныя рабіць беларускае мастацкае кіно — і таму дзесяткі гадоў залётныя ўмельцы пастаўлялі нам кінапрадукцыю, паказвалі — паводле свайго залётна-пералётнага разумення, які мы народ, як мы ваявалі-змагаліся, як мы жылі-былі на сваёй роднай зямельцы... І шмат-шмат чаго іншага, што датычыць душы, мы самі не ўмеем. Прыйдзіце і апрацуйце!..
Не думаю, што трэба рабіць наўмысную агаворку і прасіць чытачоў, каб не спяшаліся абвінаваціць «у адрыве, у адасабленні, у нацыянальнай замкнутасці, у правінцыялізме» і іншых грахах смяротных. Можа, перастанем ужо, нарэшце, карыстацца гэтымі гнюснымі стэрэатыпамі? Размова аб тым, што, беручы, і шчодра беручы з сусветнае культуры, трэба ўсё ж помніць, што ўзятае духоўнае багацце павінна не забіваць сваё, а наадварот — як жыватворная вада, павінна спрыяць яго росту і росквіту. Але менавіта — свайго! Таго адметнага і самабытнага, чаго не дасць, не вырасціць аніякі іншы народ у свеце!..