Да многіх з нас усё ніяк не даходзіць, што клопат пра развіццё беларускай мовы і культуры мае першаступеннае значэнне для лёсу нашай нацыі наогул. Калі мы хочам быць самі сабою, зразумела. Культура, духоўнасць — гэта тая вельмі тонкая матэрыя, якая непарыўна і моцна яднае нас. Нас — гэта значыць усіх жыхароў Беларусі. Натуральна, каб людзі прыезджыя маглі ўжыцца ў яе, урасці душою, зрабіць сваёю роднай — на гэта патрэбна і вялікае жаданне, і багата часу. Для добрых людзей умова гэта зусім зразумелая, бо, не ўжыўшыся, не адчуўшы гэту культуру сваёй, роднай, — плённа супрацоўнічаць з ёю не зможаш. Скарэй за ўсё будзеш насаджаць усесаюзна-шэры псеўдакультурны стандарт.
Хацелася б думаць, што сёння ўжо ўсім ясна: каб стрымаць эканамічна-сацыяльны рэгрэс у рэспубліцы, стабілізаваць спажывецкі рынак, навесці парадак і лад і затым пайсці абноўленым шляхам далей, наперад, — патрэбна яднанне ўсіх здаровых сіл грамадства, незалежна ад партыйнасці, нацыянальнасці, веравызнання, прафесіі, адукацыі... Інакш кажучы — патрэбна нацыянальная згода, патрэбна адзінства нацыі ў галоўным. А па чым вызначана, што мы — нацыя, калі найпершы вызначальны прызнак — культура, наша, беларуская, у сваім уласным доме, на сваім уласным падворышчы, на сваёй роднай зямлі, — варты жалю экзатычны даважак?
Паўтараю: для рашучага выпраўлення становішча ў рэспубліцы, апрача неадкладнага прыняцця пэўных законаў, трэба мабілізаваць духоўныя сілы народа — так, як гэта было ў час вайны, старэйшыя людзі помняць. Трэба абудзіць усё лепшае, што ёсць у яго душы, у яго маралі, аднавіць усе яго прыгожыя і плённыя традыцыі, звычаі... А што — у нас — лепшае? Ці ведаем мы самі гэта?
Я думаю, гэта тое, што складае апору народнага характару: надзейная маральная чысціня, трываласць душы і сэрца. Непрымальнасць здрады, адступніцтва, фальшу і крывадушнасці, блазенства і юродства, цынізму. Прыроднае патрабаванне — ад сябе і іншых — маральнай чыстаплотнасці, элементарнай чалавечай прыстойнасці, пачуцця абавязковасці. Прыроднае адчуванне высокага, духоўна прыгожага, чалавечага і — нізкага, нікчэмнага, нялюдскага.
У нашым народзе яшчэ шмат гэтай маральнай сілы, духоўнай самастойнасці, незалежнасці, свабоды самапачування. Не даць растранжырыць гэтыя сілы даастатку, абудзіць іх, падтрымаць і памножыць — вось задача задач для ўсіх, хто сёння шчыра зацікаўлены ў адраджэнні нашай нацыі.
Жыццё кожнага народа мае свой адметны характар, вызначаецца сваім уласным стылем, які бачым ва ўсім: у асаблівасцях гаспадарання, у абыходжанні з прыродай, у характары народных майстроў, само сабой — у побыце, у звычаях і абрадах, у сям'і і ў адносінах з суседзямі, у мастацкай творчасці. Усё гэта мае вельмі вялікае значэнне. Такі народ можа сказаць: «Вось — я, і падобны на іншых, і ўсё ж адметны ад іх, маю сваю культуру і мову, сваю галаву на плячах, жыву сваім уласным розумам — хаця і люблю параіцца з суседзямі і запазычыць у іх што-небудзь мудрае, трымаюся сваіх маральных правілаў, якія мне дасталіся ў спадчыну, умею тое, чаго не ўмеюць іншыя, чуюся гаспадаром тут, на сваёй зямлі, і я здольны зрабіць сваё жыццё і заможным, і цікавым...»
Такім народам быў, ёсць і будзе наш беларускі народ, хоць сёння яго долю інакш як праклятай і не назавеш. Нацыянальную годнасць яго, што была так хораша загаварыла ў 20-ыя гады, прынізілі, заглушылі, а сям-там і зусім вытравілі, культуру яго, падрэзаўшы крылы, пасадзілі на галодны паёк, нацыянальную школу знішчылі, мову ператварылі ў прадмет насмешак і крыўляння. Мала гэтага — нашы першыя актыўныя высілкі, скіраваныя на дзяржаўнае і духоўнае адраджэнне Беларусі, у значнай меры паралізаваны Чарнобылем. Здавалася б, перад гэткай страшнай бядой ідэя нацыянальнай згоды аб'яднае нас, грамадзян рэспублікі, цесна-моцна. На вялікі жаль, такога не назіраецца. Сляпыя пачуцці, неразумныя амбіцыі, бяздумнасць, безадказнасць і ўсё, што хочаце, толькі не самаадданая мазольная праца, толькі не жаданне згуртавацца ў адзіным клопаце пра будучыню Беларусі, нашых жа дзяцей і ўнукаў. Ну і, канешне ж, адкрытае і замаскіраванае супраціўленне суверэнітэту рэспублікі, нашаму нацыянальнаму адраджэнню. Ды яшчэ якое супраціўленне! Чаго варта адно нядаўняе публіцыстычнае выступленне А. І. Салжаніцын («Как нам обустроить Россию? Посильные соображения»). Калі нават ён, пісьменнік, адмаўляе нам, беларусам, у праве на дзяржаўны і духоўны суверэнітэт, на самастойнае гістарычнае жыццё, — дык што ж тады хацець ад іншых, скажам, ад чыноўнікаў, ад абывацеляў?..