Выбрать главу

Дык Бог з імі з усімі! Няхай шчыруюць! Тыя, што не хацелі прызнаваць нас трыста, і дзвесце, і семдзесят гадоў назад, шчыравалі не меней. І ўсё-такі мы жывема! І глядзім у будучыню аптымістычна. Верым у свой вялікі лёс гэтак жа моцна, як верылі Францішак Скарына і Васіль Цяпінскі, Кастусь Каліноўскі і Францішак Багушэвіч, Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Цётка, Алесь Гарун і Максім Гарэцкі, і многія іншыя апосталы, духі-заступнікі Беларусі, чые імёны сёння на нашым сцягу.

ПРЫКЛАД ПАВІННА ДАВАЦЬ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ

Слова на адкрыцці рэспубліканскага форуму «Інтэлігенцыя ў нацыянальным адраджэнні і ажыццяўленні суверэнітэту Беларусі». 1 снежня 1990 г.

Шаноўная грамада! Паважаныя калегі!

Колькі месяцаў назад рэспубліканская рада Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны пастанавіла правесці сход інтэлігенцыі рэспублікі з мэтай — абмяняцца думкамі, як нам лепш супольна садзейнічаць ажыццяўленню Закона аб мовах у Беларускай ССР, як з большай карысцю і плёнам прыкладаць свае сілы і намаганні да справы нацыянальнага адраджэння Беларусі, яе асветы і мовы, яе гісторыі і культуры. Ідэя гэта ўзнікла не на пустым месцы. Яшчэ ў 1988 годзе абмяркоўвалася пытанне аб правядзенні аб'яднанага пленума творчых саюзаў рэспублікі — у мэтах згуртавання разрозненых сіл мастацкай інтэлігенцыі дзеля вялікай агульнай справы. Пленум, аднак, не адбыўся — належнай зацікаўленасці ў ім не было. У ходзе падрыхтоўкі гэтага сходу тэму размовы на арганізацыйным камітэце рашылі пашырыць.

Пытанняў, якія дазваляе закрануць абвешчаная ў запрашэнні тэма, вельмі шмат. Галоўнае вынесена ў загаловак: «Інтэлігенцыя ў нацыянальным адраджэнні і ажыццяўленні суверэнітэту Беларусі». Іншымі словамі — роля і месца інтэлігенцыі ў духоўным, культурным і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, яе правы, яе абавязкі, яе магчымасці і як яны ёю выкарыстоўваюцца.

Сабраліся мы ў час настолькі трывожны, настолькі складаны і адказны, калі ўсякае эгаістычна-бяздумнае самапачуванне раўназначна злачынству. Час, калі, склаўшы рукі, сядзець і маўчаць нельга. Час, калі трэба дзейнічаць і дзейнічаць. Але толькі пытанне — як? Як будзем дзейнічаць? Як людзі культуры і цывілізацыі ці — як у самыя цёмныя часы нашай гісторыі? Навукоўцам, педагогам, літаратарам, мастакам, дзеячам культуры Беларусі належыць вытрымаць экзамен на грамадзянскую сталасць, на годнасць інтэлігента. У сённяшніх умовах справіцца з гэтай задачай неймаверна цяжка, асабліва — калі не адчуваць, што ты не адзінокі, што побач з табою калегі і таварышы, якія таксама пранікнуты гэтым клопатам, хаця і не ўсе яны твае аднадумцы, і не ўсе твае адзінаверцы.

Зрэшты, вытрымаць гэты экзамен на сталасць належыць не толькі інтэлігенцыі, але і ўсяму грамадству, якое або знойдзе сілы супыніцца на краі бездані, або не справіцца з напорам нядобрых сляпых пачуццяў, самавыбухне і абрынецца ў апраметную. Хто дапаможа грамадству апомніцца, задумацца і схамянуцца? Думаю — перш за ўсё інтэлігенцыя, як гэта было і заўсёды.

У Беларусі, як і па ўсёй краіне, працягваецца працэс падзення дысцыпліны, парадку і — заняпаду маральнасці, культуры, духоўнасці. Гэта не можа не трывожыць кожнага сумленнага грамадзяніна рэспублікі, а тым больш — сумленнага інтэлігента. Пытанне: што будзе з нацыяй? што яе чакае ў недалёкай і самай блізкай будучыні? — паўстала, як ніколі раней, пагрозліва. І не думаць пра гэта, не глядзець у будучыню мы проста не маем права.

«Этыка нігілізму» панавала ў нас 70 гадоў; цяпер мы абвясцілі адраджэнне, значыць — аднаўленне, будаўніцтва, аднак жа зноў бачым той жа самы нігілізм, толькі з адваротным значэннем, і таксама з праявамі экстрэмізму. Дык што — іначай мы ўжо не можам? Выходзіць — рабы аднае псіхалогіі, аднаго настрою назаўсёды, на ўсё жыццё? Прымірыцца з гэтым немагчыма, ні ў якім разе! Трэба выпрацоўваць іншы маральны светапогляд. Гэта будзе неймаверна цяжка, гэта дасягаецца хіба што праз колькі пакаленняў, але іншага шляху, думаецца, няма. І, вядома ж, работа гэта кладзецца перш за ўсё на плечы інтэлігенцыі — навукоўцаў, настаўніцтва, дзеячаў літаратуры і мастацтва. І пачынаць трэба з усведамлення неабходнасці такога павароту ў самім светапоглядзе. Адна з нашых бед — недастатковая дасведчанасць, кепскае веданне гісторыі станаўлення розных сацыяльна-эканамічных сістэм, іх асаблівасцей з улікам такіх фактараў, як нацыянальныя традыцыі, псіхалогія мас і інш. І адсюль — няўменне зазірнуць наперад, прадбачыць вынікі, выпрацаваць стратэгію і цвярозую тактыку. І адсюль жа — механічны перанос чужых мадэлей на нашу рэчаіснасць. Інтэлігенцыя абавязана бачыць, адчуваць і разумець рэальны стан рэчаў, рэальныя вытворчыя, палітычныя, духоўныя і іншыя жыццёвыя сувязі, дакладней — узаемасувязі, якія складваюцца паступова і на працягу доўгага часу; узаемасувязі на розных узроўнях і самага рознага характару, не лічыцца з якімі, раптам, з ходу разарваць, разбурыць якія — значыць асудзіць грамадства на разлад, развал і хаос, значыць — наклікаць бяду і трагедыю. Для народа, для простых працоўных людзей перш за ўсё будзе гэта бяда і трагедыя, і надоўга. Гісторыя XX веку засведчыла гэта неаднойчы і дастаткова пераканаўча.