Выбрать главу

Вось чаму — раней, чым падхопліваць пэўны сацыяльны або палітычны лозунг, кідацца на падтрымку той або іншай эканамічнай праграмы, —трэба вельмі і вельмі сур'ёзна ацаніць рэальную сітуацыю, вельмі ўдумліва ўзважыць усе «за» і «супраць», каб не стаць на шлях палітычнага авантурызму, які можа занадта дорага ўсім нам абысціся, можа каштаваць народу не толькі пакут, але і крыві. На вялікі жаль, у генах многіх змагароў за перабудову, як правых, так і левых, сядзіць схільнасць да крайніх высноў і ўчынкаў, праяўляецца дух самаўпэўненасці, нецярпімасці і экстрэмізму, што сведчыць, несумненна, аб неінтэлігентнасці, нізкай маральнай культуры, абмежаваным ўзроўні духоўнасці.

Сёння нам перш за ўсё патрэбна стабілізацыя грамадска-палітычнай атмасферы, а гэтага не дасягнуць, калі ва ўсім і ўсюды не будзе пераважаць цвярозы, разважлівы падыход. Вельмі хочацца верыць, што ў нас, у Беларусі, з увагі на прыродную талерантнасць нашага народа, гэта зусім магчыма. І што прыклад такой разважлівасці, спакойнай і ўдумлівай працы будзе падаваць менавіта інтэлігенцыя. У сённяшнім друку нашу інтэлігенцыю, якая жыла і працавала ў часы ад Сталіна да Чарненкі, усё часцей і агулам называюць упадніцкай, паслужлівай. Наколькі гэта справядліва — вердыкт вынесе толькі гісторыя. Яна вызначыць беспамылкова, дзе была прыслужлівасць, а дзе — шчырае служэнне ідэалам дабра і справядлівасці. Але што несумненна ўжо сёння — дык гэта тое, што становішча беларускай інтэлігенцыі доўгі час было ў поўным сэнсе трагічным. Калі іншыя пласты насельніцтва вынішчаліся часткова, то беларуская нацыянальна свядомая інтэлігенцыя была высечана амаль цалкам уся і пад корань. І калі яна сёння ўсё-такі ёсць зноў — дык гэта таму, што не забіць і не знішчыць тую ідэю, якою яна жыве, тую веру, якую яна вызнае, што гэтая ідэя і гэтая вера — несмяротныя.

Паважаныя калегі! Я выказваю спадзяванне, што наша размова пройдзе ў добрай рабочай атмасферы, што абмен думкамі і поглядамі будзе цікавы, змястоўны і, само сабой зразумела, узаемашаноўны і што ён паслужыць справе, да якой мы ўсе прызваны.

ДАВАЙЦЕ Ж ГЛЯДЗЕЦЬ УПЕРАД!

Выступленне на ІІІ сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання 20 снежня 1990 г.

Я цалкам падтрымліваю выступленні дэпутатаў, якія гаварылі пра лёс нашай асветы і культуры.

Амаль усе мы тут — бацькі або ўжо дзяды, і ўсе мы хочам, каб нашы малыя дзеці і ўнукі, тыя, што сёння падобны ка анёлкаў і таму такія мілыя і любыя нам, мы хочам, каб яны выраслі добрымі, слаўнымі людзьмі... Але нас можа чакаць вялікае расчараванне. Нашы мілыя дзеці і ўнукі могуць стаць тымі патлатымі, бруднымі, няўцямнымі трасунамі, якіх нам нясцерпна бачыць на тэлеэкране ці на падмостках сцэны, на вуліцы, тымі алкаголікамі, наркаманамі, прастытуткамі, рабаўнікамі і забойцамі, што сталі для сваіх бацькоў цяжкім пракляццем. І здарыцца гэта толькі таму, што мы ўвесь час шкадавалі і шкадуем грошай на адукацыю і культуру.

Настаўнік даведзен да становішча парыя, жабрака... Мы хочам, каб ён укладаў у наша дзіця сваю душу, але гэта настаўніцкая душа атручана крыўдай і несправядлівасцю, ёй цяжка акрыліцца любоўю і ласкай. Такога няма нідзе ў свеце, каб настаўнік зайздросціў дабрабыту людзей літаральна ўсіх прафесій, хіба што — толькі работнікам культуры не зайздросціць. Настаўнікі — самыя цярплівыя людзі на гэтай зямлі — пагражаюць абвясціць забастоўку. Ёсць нешта асабліва горкае, каб не сказаць ганебнае, у тым, што наша настаўніцтва даведзена да стану, калі вымушана гаварыць пра такую крайнюю меру пратэсту супроць несправядлівасці... Я, відаць, не магу растлумачыць, чаму, але ніколі не было так сорамна за наша грамадства, за нелады і непарадкі ў краіне, як сёння, — пры думцы, да якой жа ступені мы адзічэлі, як жа гэта мы так нізка, выбачайце, апусціліся ў сваім стаўленні да асветы і культуры; скажу больш — як мы так катастрафічна пачалі траціць элементарны здаровы сэнс. Мы спрабуем глядзець у будучыню і кажам, што краіне патрэбны высокакваліфікаваныя кадры на ўсіх франтах гаспадарчай і іншай грамадска карыснай дзейнасці. Але ж усе інжынеры, урачы, аграномы, палітыкі і г. д. — усе яны спачатку школьнікі і вучні. Раней чым стаць спецыялістам — вучань павінен стаць чалавекам, а гэта школа зможа зрабіць толькі тады, калі яна будзе сапраўдным храмам духоўнасці, калі дзіцячая душа будзе ў ёй кожны дзень багацець і акрыляцца на добрыя справы.