Выбрать главу

Настаўнікам прадугледжана павышэнне зарплаты амаль на 50 %, ну і работнікам культуры трохі дадаецца. Але настаўнікі ў сотнях пісем і тэлеграм патрабуюць павышэння на 100-150 % — і справядліва, бо, дабавіўшы 50 %, мы толькі дацягваем зарплату настаўніка да сярэдняй у сферы матэрыяльнай вытворчасці. А трэба — каб сярэдняя настаўніцкая зарплата была намнога вышэй. Падкрэсліваю — намнога вышэй, таму што гэта — Настаўнік. Гэта — той, ад каго залежыць шчасце або няшчасце нашых дзяцей, наша будучыня. На вялікі жаль, гэта ісціна да нас усё яшчэ не даходзіць. І таму праблема застаецца нявырашанай. Яна вырашыцца, калі ў свядомасці грамадства адбудзецца карэнны пералом на карысць асветы і культуры.

Хто-небудзь скажа: што вы ў нашых сённяшніх умовах хочаце? Вы ж бачыце, які наш нацыянальны даход і які бюджэт! Бачу, вядома, і таму хацеў бы, каб мы тут усе разам больш думалі і ўрэшце нешта прыдумалі, як забяспечыць рост нацыянальнага даходу і павелічэнне бюджэту. Перш за ўсё — тут не павінна быць пацёмкаў: людзям трэба даць поўную, да апошняй капейкі, раскладку, што і куды, і колькі з нашых нацыянальных багаццяў ідзе? Можа, ідзе ў тую прорву, якую мы ніколі не загацім? Калі ж мы не вызначым і не скажам канкрэтна, як і за кошт чаго будзе наша рэспубліка багацець, то людзі не будуць бачыць перспектывы і ў грамадстве будуць нарастаць няўпэўненасць, страх за заўтрашні дзень і нават паніка і роспач, праявы чаго мы ўжо назіраем і сёння. Значыць, пытанне пытанняў — у гэтым: якім шляхам ці якімі шляхамі будзем выходзіць з цяжкай эканамічнай сітуацыі? Бачым мы гэтыя шляхі ці не бачым? Робім што-небудзь для выпраўлення становішча ці коцімся далей па інерцыі? У выступленнях дэпутатаў ужо прагучалі некаторыя канкрэтныя прапановы. Напрыклад, аб перадачы саюзна-рэспубліканскіх прадпрыемстваў рэспубліцы, аб скарачэнні выдаткаў на ракеты, танкі і крэйсеры, на бюракратычныя крэслы і на сёе-тое іншае. Тут нішто не будзе лішняе для эканоміі народных сродкаў. Давайце ўсёй сесіяй падтрымаем іх, гэтыя прапановы, і тым самым дапаможам ураду. Без дапамогі Вярхоўнага Савета урад такіх пытанняў не вырашыць.

МОВА — ДЛЯ ТАГО, КАБ АБ'ЯДНАЦЬ НАС

Даклад на ІІ з'ездзе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны 14 чэрвеня 1991 г.

Два гады назад на першым устаноўчым з'ездзе ў Мінску было створана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Гэта падзея ў культурным і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі мела і працягвае мець значэнне надзвычайнае — хто б што ні думаў і ні гаварыў наконт яе і тады, напачатку, калі Таварыства ўзнікала, і сёння, калі завяршаецца этап яго станаўлення. Што дае падставы менавіта гэтак глядзець на стварэнне і жыццядзейнасць нашай культурна-асветніцкай арганізацыі? Каб адказаць на гэта пытанне і — каб зразумець справядлівасць такой ацэнкі таго, што ўсе мы, сябры Таварыства, робім, — для гэтага неабходна вельмі ясна ўяўляць рэальны стан Беларусі на сучасным этапе гісторыі, рэальнае палітычнае, сацыяльнае і культурнае становішча нашага народа, яго духоўнае жыццё-быццё, становішча яго мовы, што значыць — лёс яго будучыні. Гісторыя — паўторым гэту відавочную ісціну яшчэ раз — дала нам шанц, упусціць які мы, беларусы, і ўсе, хто жыве побач з намі, па-брацку спагадае нам, не маем права. Больш таго — упусціць гэты шанц было б проста ганебна, бо гэта было б з нашага боку здрадай жыццёвым інтарэсам беларускага народа, яго адвечным запаветным марам і спадзяванням. Беларусь — у каторы раз за сваю трагічную тысячагадовую гісторыю — ставіць перад сабой задачу нацыянальнага Адраджэння, здабыцця дзяржаўнага, эканамічнага і духоўнага суверэнітэту. Беларусь уступіла ў вельмі адказную паласу свайго гістарычнага развіцця. Без усведамлення гэтага, без асабістай гатоўнасці кожнага падключыцца да Адраджэння, да беларусізацыі ўсяго нашага жыцця — беларускі народ як нацыя не ўваскрэсне, Беларусь як дзяржава не здзейсніцца. Вось чаму дзейнасць Таварыства беларускай мовы найцесным чынам звязана з беларускай ідэяй у яе агульным сэнсе і практычна падпарадкавана задачы нацыянальнага адраджэння Беларусі. У гэтым — адметнасць нашага Таварыства сярод аналагічных моўных таварыстваў у цывілізаваным свеце. У адрозненне ад іншых народаў мы ўсё яшчэ вымушаны змагацца за жыццё мовы. Ні ў адной цывілізаванай краіне свету гэткай праблемы — жыць або не жыць сваёй роднай мове — няма. Там ёсць іншыя праблемы, на якія скіроўваецца клопат навукоўцаў, дзеячаў асветы, культуры і ўсёй шырокай грамадскасці, а іменна: удасканаленне правапісу літаратурнай мовы, узбагачэнне і ачышчэнне нацыянальнага слоўніка, культура мовы, узаемаадносіны літаратурнай мовы і мясцовых гаворак і іншае. Але — паўтараю — няма праблемы: жыць або не жыць мове.