Вось і я задаю пытанне — сабе, усім вам, дэлегаты і госці з'езда, усім сябрам Таварыства і ўсім добрым людзям — сумленным грамадзянам Бацькаўшчыны: колькі яшчэ мы будзем змагацца за жыццё нашае роднае мовы? Калі мы пачнём радавацца і толькі радавацца, што яна ёсць, і ёсць менавіта такая, якая ёсць, і што ёй нішто не пагражае? Колькі стагоддзяў назад за жыццё нашай мовы змагаліся Скарына, Будны, Цяпінскі, Сапега і іншыя вялікія, паўтараста ці трохі менш гадоў назад за яе жыццё змагаліся Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч і іншыя вялікія, на пачатку XX стагоддзя за жыццё роднага слова змагаліся Купала, Колас, Цётка, Багдановіч, Гарэцкі і іншыя вялікія, пазней — за яе жыццё пайшлі на Калыму, на Салаўкі або ў Курапаты тысячы і тысячы іншых і вялікіх, і радавых патрыётаў Бацькаўшчыны. Прайшло яшчэ паўстагоддзя, завяршаецца XX век — і што ж? А ўсё тое ж: барацьба працягваецца! І сёння наша мова застаецца на асобым становішчы. І сёння мы думаем і клапоцімся аб тым, як яе ўратаваць, што маем рабіць, каб наш беларускі народ не страціў сваю мову канчаткова. Што ж гэта за такая праклятая доля, калі на працягу цэлых стагоддзяў мы вымушаны адваёўваць для роднае мовы права на жыццё? Ці не задоўга гэтае змаганне цягнецца? Ці не пара рашуча пакончыць з гэтым бяспраўным становішчам народа і яго культуры? Ці не пара ўсім зласліўцам-нядобразычліўцам нашым, як і ўсім тутэйшым слепакам, зразумець, што геній нашае мовы несмяротны, што яе сіла і моц неадольныя і што ўсе намаганні паглынуць яе, растварыць у стыхіі іншай мовы — марныя?
У такой гістарычнай сітуацыі, у такой грамадска-палітычнай атмасферы і ўзнікла і пачало працаваць наша Таварыства.
Якія галоўныя задачы ставіла і старалася яно вырашаць?
Па-першае, стварэнне суполак і арганізацый Таварыства на ўсёй тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі — там, дзе жывуць беларусы. На сёння нашы арганізацыі створаны амаль ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі — прынамсі, хоць першасныя разрозненыя суполкі, калі не раённыя і гарадскія арганізацыі. Раённых сябрын — па апошніх звестках — 90. Заснаваны і жыццядзейнічаюць суполкі і сябрыны Таварыства ў Маскве і Ленінградзе, у Сібіры і на Украіне, у Эстоніі, Латвіі і Літве, а таксама ў ЗША, Канадзе, Італіі, Аўстрыі, Польшчы. Існаванне філій Таварыства па-за межамі Беларусі мае асаблівае значэнне — бо гэта працуе на вялікую беларускую ідэю, спрыяе абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, садзейнічае згуртаванню ўсіх патрыётаў Бацькаўшчыны вакол ідэі адраджэння.
Па-другое, нашым клопатам было стварэнне курсаў і гурткоў па вывучэнню беларускай мовы — на прадпрыемствах, у дзяржаўных установах, у грамадскіх арганізацыях, у ВНУ, тэхнікумах і вучылішчах. Справа гэта аказалася нялёгкай, маштабы і плён гэтай працы задаволіць нас, на жаль, не могуць. Якія, спытаеце, таму прычыны? Галоўнае — слабае выкананне Закона аб мовах у Беларускай ССР: людзі ў большасці сваёй яшчэ не адчулі, што названы Закон пачаў здзяйсняцца, што беларускую мову сапраўды і ўсур'ёз неабходна вывучаць: авось, маўляў, і абыдзецца, ці мала ў нас прымалася розных законаў, якія не дзейнічалі. Апрача таго, тармозіць справу і недахоп кадраў выкладчыкаў на курсах беларускай мовы; тут жа патрэбны свядомыя, шчырыя, калі хочаце, апантаныя энтузіясты, а яны не ўсюды знаходзяцца.
Трэцяе, што мы лічылі і лічым надзвычай важным, — выдавецкая дзейнасць Таварыства. Перш-наперш нам патрэбна было сваё перыядычнае выданне — у дапамогу ўсёй практычнай рабоце і, галоўнае, для размовы з чытачамі пра наш агульны вялікі клопат аб роднай мове і культуры. Такім выданнем, як вы ведаеце, стаў бюлетэнь «Наша слова», які ў мінулым годзе выходзіў цалкам на апякунскія сродкі Дзяржкамдруку БССР раз у месяц, а сёлета — ужо на дзяржаўным фінансаванні, раз у тыдзень, праўда, пакуль што ўдвая меншым аб'ёмам. Паставіць на ногі выданне, якое б адпавядала свайму прызначэнню і набыло свайго вернага чытача, — нялёгка. Але іншага лёсу мы нашаму тыднёвіку не жадаем. І мы ўскладаем на яго вялікія спадзяванні. Цяжкасць задачы, якая стаіць перад рэдакцыйным калектывам і рэдкалегіяй, вынікае з таго, што наша выданне ў вядомым сэнсе павінна быць узорным і, калі хочаце, непераўзыдзеным. Маю на ўвазе культуру мовы, бляск стылю, эстэтычны і маральны ўзровень матэрыялаў, якія ў ім публікуюцца. Каб — ні ценю пошласці, каб і на дух нічога ад дэмагагічна-таннай і вульгарнай мітынгоўшчыны, ад дробязнага абывацельскага крытыканства і ўжо, крый Бог — ад элементарнай непісьменнасці. Спадзяюся, дэлегаты і госці скажуць, якой яны хочуць бачыць сваю галоўную газету. Гэтаксама, як і іншыя выданні Таварыства, што пачалі выходзіць у некаторых раёнах і гарадах рэспублікі (напрыклад, у Навагрудку, у Маладзечне). Надзвычай важна, каб такія бюлетэні мясцовых арганізацый Таварыства хоць зрэдку выходзілі — не забудзем, што друкаванае слова ўсё яшчэ валодае вялікай магічнай сілай.