Зрэшты, і да гэтага часу адносіны да ТБМ з боку палітычных партый, грамадскіх рухаў і арганізацый у большасці выпадкаў такія, што радавацца нам няма чаго. Скажам, з новаствораных і зарэгістраваных партый хіба што толькі БСДГ спрабуе ад першых крокаў сваіх даць прыклад шчырага шанавання беларускай мовы і прынцыпова патрабуе выканання Закона аб мовах. Сярод недасведчаных шырока ходзіць памылковая думка, што БНФ як рух аб'ядноўвае адных шанавальнікаў беларускай мовы, і больш таго — амаль адных «беларускіх нацыяналістаў». Рэальнасць гаворыць пра іншае. Помню, напрадвесні мінулага года актывісты БНФ сабралі на вуліцы мітынг, на якім заклікалі выбаршчыкаў галасаваць за свайго кандыдата ў народныя дэпутаты БССР. Беларускім словам і наогул беларускім духам там нават і не патыхала — ні ад кандыдата ў дэпутаты, ні ад яго давераных асоб. І менавіта гэтыя давераныя і іх сябры зрабілі ўсё, каб у дэпутаты не прайшоў канкурэнт іхняга кандыдата, сябар рэспубліканскай рады ТБМ прафесар Іван Міхайлавіч Жарскі. Галоўны козыр у руках бэнээфаўцаў быў такі: Жарскага вылучылі ў кандыдаты камуністы. Дастаткова, каб ні з чым іншым не палічыцца. Для чаго я запыніўся на гэтай ужо даўняй падзеі? А для таго, каб сказаць: тут прычына нашага нацыянальнага няшчасця. У нашым самаедстве. Замест таго каб усяляк падтрымаць кандыдатуру патрыёта беларускага слова — спадары «дэмакраты» безаглядна «рэжуць» яе нібыта ў імя дэмакратыі і свабоды. Свабоды — для каго і для чаго? Скажыце: вам трэба свабода, дзе не будзе гучаць беларускае слова? Дзе ад «свабоды» задыхнецца апошняя беларуская песня? Дзе будзе свабодна паміраць Беларусь? Мне такая свабода непатрэбна. І не трэба напускаць тэарэтычнага туману, што, так бы мовіць, спачатку здабудзем свабоду, здабудзем хлеб і каўбасу, а тады падумаем і пра беларускую мову. Дазвольце ў гэтыя байкі не паверыць. Свабоду для Беларусі і для беларускай мовы можа здабыць толькі народ, узброены родным словам! І ваяваць гэтым словам трэба цяпер, а не некалі пасля, тады, калі... Як жа, з увагі на сказанае, зразумець, што кіраўнікі дэмакратычных партый Беларусі апублікавалі ў «Народнай газеце» зварот да народных дэпутатаў рэспублікі на рускай мове? А чаму ж, шаноўныя спадары, не на мове народа, ад імя якога ўвесь час вяшчаеце? Што — для выказвання беларускіх клопатаў і беларускага болю іншая мова падыходзіць лепш, чым свая родная, беларуская? Значыць, вы такой думкі пра найкаштоўны скарб беларускага народа.
Вось пра што, дарагія дэлегаты і госці, трэба нам усім думаць. Не партыйным і не сацыяльна-класавым крытэрыем трэба нам, дбаючы пра ТБМ, кіравацца, а толькі любоўю да роднага слова і верай у яго прыгажосць і сілу!.. І радыкал-дэмакрат, раўнадушны да лёсу нашай мовы, а значыць, і нашай нацыі, нічуць не лепшы для нас, чым гэтакі ж раўнадушны партакрат-камуніст. Гэтаксама, як абыякавы да роднай мовы беларус праваслаўнай веры не менш грэшны перад Богам, як гэтакі ж абыякавы беларус-католік. Мова павінна яднасць усіх нас, мова!..
Дарэчы, можа быць, не ўсе прысутныя звярнулі ўвагу на адзін досыць прыемны факт. Колькі дзён назад бюро ЦК КПБ абмеркавала пытанне пра ажыццяўленне Закона аб мовах у Беларусі і паставіла перад партарганізацыямі задачу — зрабіць на працягу паўтара года беларускую мову сваёй рабочай мовай. Не будзем рабіць выгляд, што мы вельмі ўзрадаваны гэтым крокам ЦК КПБ, які можна было зрабіць і даўным-даўно, тым не менш — крок паказальны, сімптаматычны, ён сведчыць, што трохі-патрохі ў нашым грамадстве бурацца апоры нацыянальнага нігілізму, набірае сілу тэндэнцыя росту нацыянальнай самасвядомасці народа, а гэта — неабходная перадумова для поўнай у хуткім часе перамогі беларускай мовы на беларускай зямлі.
Якія, падсумоўваючы сказанае, можна зрабіць высновы? Па-першае, скажам так: Таварыства ёсць, яно жыве і працуе, дакладней — разгортвае працу, плён, вядома, яшчэ невялікі, вопыту накоплена яшчэ небагата, але будзем даражыць тым, што напрацавана, што дасягнута, і ісці наперад, паколькі і галоўныя цяжкасці, і галоўныя перамогі яшчэ наперадзе.
Па-другое, усім, каму сёння балюча за стан нашае мовы, трэба ясна ўсвядоміць неабходнасць кансалідацыі і згуртавання нашых шэрагаў, зразумець тую вялізную шкоду, якую прычыняе справе адраджэння беларускай мовы і культуры неразумная канфрантацыя, разлад і нязгода...