Па-трэцяе, нам трэба вызначыць найбольш важныя канкрэтныя задачы і галоўныя накірункі дзейнасці ТБМ на блізкую і на далёкую перспектывы. Не прэтэндуючы на ўсёахопнасць, абазначу сёе-тое з таго, што ўяўляецца значным і важным. Тут не будзе нейкай іерархічнай паслядоўнасці, а проста свабодны накід думак, якія здаліся мне ў большай ці ў меншай меры слушнымі.
Трэба ўсімі магчымымі, зразумела, канстытуцыйнымі спосабамі дабівацца ажыццяўлення Закона аб мовах у Беларускай ССР, каб беларуская мова заняла ў Беларускай дзяржаве сапраўды дзяржаўнае становішча.
Трэба патрабаваць ад усіх дзяржаўных і іншых службоўцаў хутчэйшага авалодання імі беларускай мовай і пераходу на гэту мову на працы, ставячы ім у прыклад... ну хаця б сабе цяперашняга папу рымскага, які, у адрозненне ад дзяржаўных татаў беларускіх, гаворыць з беларускімі дзецьмі па-беларуску.
Трэба асабліва настойліва змагацца за беларусізацыю школ, дзіцячых садкоў і ясляў, помнячы, што скрозь, на ўсім свеце выхаванне дзіцяці яшчэ ад калыскі пачынаецца ў гуках роднай мовы, што, напрыклад, у заможнай і культурнай Швецыі вывучэнне іншай, другой мовы ўводзіцца ў школе толькі з 5-га класа, калі ўжо дзіця ў стыхіі сваёй роднай мовы плавае, як рыбка ў вадзе.
Трэба зрабіць нашым, я сказаў бы, дзяржаўным і ўсенародным клопатам — клопат пра культуру роднай мовы, пра яе чысціню і прыгажосць, вучачыся гэтаму ў іншых высокакультурных нацый, напрыклад у французаў, якія яшчэ ў 1634 годзе прынялі закон аб ахове чысціні мовы, у якіх, не кажучы пра шматлікія моўныя таварыствы і асацыяцыі, створаны ажно тры спецыяльныя дзяржаўныя органы, што кантралююць стан мовы, і якія перакананы, што ўзвелічэнне і ўзвышэнне Францыі і яе культуры залежыць ад мовы, здзяйсняецца праз культуру, прыгажосць і велічнасць мовы. Больш таго, у Францыі ад валодання роднай мовай можа залежаць вынік палітычнай барацьбы ў перадвыбарчай кампаніі, абвінавачванне: «Ён не ведае граматыкі французскай мовы» — вельмі моцнае, яго можа быць дастаткова, каб кандыдат у дэпутаты праваліўся.
Трэба вярнуць нашай роднай мове яе сапраўднае беларускае аблічча, страта якога пачалася яшчэ ў праклятыя часы сталіншчыны і працягваецца дагэтуль, помнячы, што ворагамі нашай культуры, яе свабоды і самабытнасці стаўка была зроблена менавіта на гэта — пазбавіць беларускую мову яе ўласнага аблічча, яе непаўторнага цудоўнага гучання. Зрабіць нам гэта будзе няпроста' і нялёгка, бо перашкодай тут будуць не толькі афіцыйна замацаваныя пачварныя нарматывы, не толькі казённы дагматызм, але і тое разгульнае моўнае свавольства, якое пачынае набываць у нас небяспечныя памеры і сведчыць не пра што іншае, як пра нізкі эстэтычны густ, прыродную глухату да слова і звычайную непісьменнасць.
Трэба пакончыць з гвалтоўнай палітызацыяй і ідэалагізацыяй у мове, у нашай тапаніміцы і антрапаніміі, зрабіць жыццё мовы і развіццё яе жывога арганізма свободным і натуральным, што магчыма толькі тады, калі ў сваіх адносінах да мовы, да яе граматыкі, да яе слоўніка, сінтаксісу і фразеалогіі будзем абапірацца на навукова-аб'ектыўныя асновы, будзем паважаць вялікую навуку лінгвістыку, помнячы, што гэта навука не толькі пра законы развіцця мовы, пра структуру і жыццядзейнасць Слова, якое было напачатку і якое даў Бог, але і навука пра законы развіцця чалавека, пра строй і жыццё душы чалавечай, душы народа.
Трэба павесці вялікую выхаваўчую работу сярод тых людзей — а іх у нас вельмі многа, — у галовах якіх усё яшчэ сядзіць недарэчнае, нялюдскае перакананне, што шанаваць і любіць беларускую мову — гэта нацыяналізм і адсталасць, а вось выракацца сваёй мовы, пагарджаць і грэбаваць ёю — гэта інтэрнацыяналізм і адзнака культуры; такую работу мы павінны весці не толькі сярод беларусаў, але і сярод людзей іншых нацыянальнасцей, пераконваючы гэтых апошніх, што ад іх адносін да беларускай мовы і культуры вельмі залежыць агульны грамадска-палітычны клімат у рэспубліцы, што справа гонару кожнага з іх спрыяць нашаму нацыянальнаму адраджэнню, толькі справядлівасць у адносінах да мовы і культуры беларускага народа абернецца выйгрышам на карысць іх нацыянальнай культуры.
Трэба наогул шырэй і актыўней заняцца філалагічна-лінгвістычным выхаваннем насельніцтва Беларусі, асабліва моладзі, моладзі і яшчэ раз моладзі, чыя моўная практыка і культура іншы раз не проста засмучае, а выклікае пачуццё, блізкае да роспачы: гэта ж няшчасныя людзі, як ім жыць, абяздоленым, асуджаным на такі бездухоўны прымітыў, на такое ўбогае бязмоўнае існаванне! З пачуццём пашаны і любові да роднае мовы трэба выхоўваць у людзей і веру ў яе несмяротнасць, напамінаючы залатыя словы Вісарыёна Бялінскага, што «лёс мовы не можа залежаць ад нораву той ці іншай асобы. У мовы ёсць ахоўнік надзейны і верны: гэта яе ж уласны дух, геній...».