Выбрать главу

Будзем жа і мы ўсе верыць у гэты геній і пакланяцца несмяротнаму духу нашай роднай беларускай мовы.

Будзем усім сэрцам і кожнай клетачкай душы слухаць, што ён нам, дзецям Маці-Беларусі, гаворыць.

Жыве Беларусь!

КАБ ЖЫЦЬ ПА-ЛЮДСКУ!

Даклад на шостай нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 19 верасня 1991 г.

Шаноўны старшыня!

Паважаныя калегі, народныя дэпутаты!

Я хачу пачаць з таго, што пытанні, якія мы пачынаем абмяркоўваць, далёка не ўсімі ў нашай рэспубліцы разумеюцца як жыццёва важныя, актуальныя, а ўспрымаюцца як нешта такое, на што не варта сёння траціць ні час, ні сілы, ні сродкі. Асабіста я амаль усё свядомае жыццё, ужо колькі дзесяцігоддзяў адчуваю, наколькі гэтыя пытанні непапулярныя і нявыгадныя для тых, хто імі жыве, наколькі гэта няўдзячная тэма. Тэма, якую многія або зусім не ўспрымаюць, або ўспрымаюць з глухім ці адкрытым раздражненнем, з нейкай прыкрасцю або ў лепшым выпадку — з недаўменнем: маўляў, што гэта, для чаго і каму патрэбна? Самае сумнае, што сказанае датычыць і людзей, якія не сумняваюцца ў сваёй інтэлігентнасці, людзей з дыпломам у кішэні. Куды выгадней ставіць пытанні эканамічныя, экалагічныя, сацыяльныя, гаварыць пра хлеб надзённы, пра ўсё, што на патрэбу жывата нашага, але не душы, не духа. Мы дзіўныя ў гэтым сэнсе людзі: да святынь у нас вульгарна-спажывецкі падыход. Нідзе ў свеце і ў галаву нікому не прыйдзе разважаць так: спачатку — каўбаса, а потым — культура, або — спачатку цукар, цыгарэты, панчохі, а потым — нацыянальны сцяг, герб, гімн і г. д. Нідзе ў свеце проста не дапусцяць такога — з павагі да сябе, да сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасці. А ў нас — мы галасуем нават супраць уключэння ў парадак дня пытанняў культуры, не кажучы пра тое, каб іх спакойна і, канешне ж, станоўча вырашыць. Мы ствараем праблемы там, дзе ў добрых людзей на свеце іх няма і не можа быць.

Асаблівасць сённяшняй палітычнай сітуацыі на Беларусі ў тым, што працэс арганізацыі незалежнай дзяржавы супадае з працэсам нацыянальнага адраджэння беларускага народа, адраджэння яго духоўнасці, яго мовы, культуры і яго гісторыі — Гісторыі з вялікай літары і ў самым дакладным значэнні гэтага слова. Чаму — іменна адраджэння? Чаму іменна гэтым словам, гэтым тэрмінам мы карыстаемся? Таму што на працягу стагоддзяў пад сцягам імперыі і пад лозунгам росквіту нацый уся гэта наша нацыянальная духоўнасць, наша гісторыя, мова, культура забіваліся, тапталіся, падвяргаліся планамернаму вынішчэнню і генацыду. Цяпер нам патрэбна ўсё гэта адраджаць, аднаўляць, падымаць з руін, вяртаць да жыцця, вяртаць у нармальнае, натуральнае становішча. Рабіць гэта няпроста, але рабіць трэба — для таго, каб лягчэй вывесці наша грамадства з агульнага крызісу.

Мы аб'явілі незалежнасць сваёй Беларускай дзяржавы — з упэўненасцю, што гэта самы верны шлях, каб нарэшце зажыць па-чалавечы, па-людску. Але ж гэту дзяржаўнасць трэба арганізаваць, усталяваць, а перш за ўсё — абазначыць яе абсалютна неабходнымі атрыбутамі. Дзяржаве трэба мець сваё імя, свой Сцяг, свой Герб, свой Гімн. Што трэба мець — не прадмет для дыскусій. Дыскусіі могуць узнікнуць з разыходжанняў у поглядах, якімі павінны быць назва і сімвалічныя атрыбуты нашай дзяржавы. У вас на руках, шаноўныя дэпутаты, праекты законаў аб назве, Сцягу і Гербе рэспублікі. Аб Гімне мы будзем тут гаварыць пазней — калі пройдзе конкурс на яго новы тэкст і музыку, такое рашэнне Прэзідыума. Разам з праектамі законаў вы маеце і навуковыя абаснаванні — высновы вучоных-гісторыкаў, якія пацвярджаюць прадуманасць, узважанасць, навуковую і палітычную абгрунтаванасць прапануемых праектаў назвы дзяржавы, яе Сцяга і Герба. Да вашых паслуг — змястоўная выстава ў фае, экспазіцыя малюнкаў і фотаматэрыялаў — яны дапамагаюць наглядна ўявіць прадметы, якія мы разглядаем. Абмеркаванне законапраектаў прайшло ў камісіях, прынцыповых пярэчанняў не паступіла, апрача як з Камісіі па таварах народнага спажывання, гандлю і паслугах насельніцтву, якая прапануе пытанне аб назве, Сцягу і Гербе рэспублікі разглядаць адначасова з праектам новай Канстытуцыі Беларусі. Нашай камісіі гэтая прапанова не здаецца слушнай, яна мае хутчэй фармальны характар. У новую Канстытуцыю якраз і павінны ўвайсці прынятыя ўжо Вярхоўным Саветам палажэнні аб атрыбутах дзяржавы. Камісія па заканадаўству прапанавала абазначыць тэрміны, калі законы павінны ўступаць у сілу, — гэта заўвага нашай камісіяй улічана.