Выбрать главу

Зазначу таксама, што пытанні аб назве, Сцягу, Гербе і Гімне Беларусі шырока абмяркоўваліся на старонках рэспубліканскага друку, і думка грамадзян, якія выказаліся, у большасці выпадкаў, рашуча на баку менавіта тых узораў Сцяга і Герба, якія прапануюцца ў законапраектах.

Шаноўныя дэпутаты, вельмі не хацелася б, каб мы тут з якіх-небудзь, можа і самых лепшых, меркаванняў ускладнілі і зацягнулі прыняцце законаў пра назву, Сцяг і Герб рэспублікі. У мяне асабіста, не буду ўтойваць, ёсць наконт гэтага пэўная трывога, і яна ўзнікла пасля таго, калі не было падтрымана і не стала ў парадак дня сесіі пытанне аб назве сталіцы Беларусі — Менску. Гэта мяне, вядома, засмуціла. Але я мушу засмуціць і вас — тых народных дэпутатаў, якія галасавалі супраць таго, каб паставіць пытанне аб адмене рэпрэсіўнага рашэння Вярхоўнага Савета БССР ад 29 ліпеня 1939 года ў дачыненні да сталіцы нашай рэспублікі, у якой адабралі яе гістарычную назву — Менск. Не думайце, што пастаўленае пытанне не прайшло. Яно прайшло, дарагія таварышы, прайшло! Як і многае іншае, яно прайшло і праходзіць у самім жыцці, і нам з вамі застаецца толькі выступіць у ролі нямудрых рэгістратараў. Ужо даўно многія людзі, асабліва маладыя, і ў пісьмовай і ў вуснай практыцы карыстаюцца назвай Менск — карыстаюцца таму, што не могуць мірыцца з гвалтам, які быў учынены невукамі і вандаламі над старажытнай назвай нашай сталіцы ў 1939 годзе. І вось аб чым варта помніць: на баку тых, хто за назву Менск, мільёны людзей многіх-многіх пакаленняў, пачынаючы з часоў заснавання горада, з Х стагоддзя, калі ён яшчэ быў Менеск, і аж да XVII стагоддзя, калі польскія феадалы, тагачасныя душыцелі беларускай незалежнасці, ператварылі яго ў Міньск-Літэвскі, а ў XIX стагоддзі расійскія картографы гэту назву, як і многія іншыя перакручаныя на польскі лад назвы нашых паселішчаў, перанеслі на геаграфічныя і палітычныя карты Расіі. На іх баку і сотні тысяч тых, што леглі ў Курапатах і іншых брацкіх магілах, якія жылі ў Менску і за межамі Менска і не збіраліся мяняць старажытную назву сваёй сталіцы. Назву Мінск нам навязалі гвалтам. Наогул, уся наша гісторыя — гэта, можна сказаць, гісторыя рэпрэсій; рэпрэсій супроць народа і яго творчага духу, яго мовы і культуры, яго нацыянальных інтарэсаў. Прыкладаў можна прыводзіць безліч, але за недахопам часу нагадаю толькі два: год 1697-ы — калі Сойм Рэчы Паспалітай забараніў беларускую мову як дзяржаўную, і год 1840-ы — калі царскі ўрад забараніў саму назву Беларусь і нашу краіну пачалі называць «Северо-Западным краем». Элементарнае пачуццё годнасці павінна падказаць нам: нельга сёння дзейнічаць так, каб нашы нашчадкі, дзеці і ўнукі нашы горка пасмяяліся з нас, абвінавацілі нас у бескультур'і і амаральнасці, паколькі непавага да гісторыі свайго народа, сваёй дзяржавы ёсць несумненная адзнака бескультур'я і амаральнасці. Нельга ісці на павадку ў тых, хто займаецца свядомай палітычнай спекуляцыяй на неразуменні пэўнай часткай насельніцтва важнасці пазначаных праблем. Пара зразумець, што прабіў час здзейсніць гэту важную гістарычную акцыю, што іншага выйсця ў нас проста няма.

Шаноўныя дэпутаты!

Наконт новай назвы нашай суверэннай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь — ніякіх пярэчанняў не паступіла. У друку была прапанова прыняць назву Беларуская Народная Рэспубліка, але камісія лічыць яе менш дакладнай, бо, па-першае, у слове «рэспубліка» этымалагічна заключана паняцце «народ», а па-другое, лепш, каб у назве дзяржавы галоўнае слова мела форму назоўніка, а не прыметніка, а іменна: Беларусь, а не Беларуская, не Беларуская Рэспубліка, а Рэспубліка Беларусь.

Што датычыць законапраектаў аб Сцягу і Гербе, якія маюць стаць дзяржаўнымі, то ў друку, а таксама ў некаторых выступленнях тут па іншых пытаннях парадку дня крытычныя заўвагі былі выказаны. На некаторых я коратка спынюся.

Спачатку — наконт бел-чырвона-белага сцяга. Самую ўразлівую заўвагу зрабіў, выступаючы па пытанню аб выбарах Старшыні Вярхоўнага Савета дэпутат Мікалай Іванавіч Дземянцей, які назваў усе клопаты аб атрыбутыцы нашай дзяржавы гульнёй у сімволіку і флажкі і патрабаваў, каб гэтыя пытанні рашыў сам народ, усе жыхары рэспублікі рэферэндумам. Асабліва ўразіла таму, што хто-хто, а чалавек, які займаў вышэйшыя партыйна-дзяржаўныя пасады ў рэспубліцы, павінен ведаць, што Дзяржаўны сцяг — гэта не флажок, флажкамі абкладаюць ваўка на паляванні, а Дзяржаўны сцяг — гэта тое, без чаго ты не можаш сесці за стол перамоў з іншымі дзяржавамі, бо з табой не стануць гаварыць.