Выбрать главу

Хто-небудзь спытае: а чым вам не падабаюцца Сцяг і Герб, якія былі дагэтуль? Справа не ў тым, падабаюцца ці не падабаюцца, хаця, на мой погляд, новыя сімвалы дзяржавы з эстэтычнага боку значна выйграюць. Справа ў тым, што цяперашнія Сцяг і Герб Беларусі не адпавядаюць новай гістарычнай рэальнасці, яны былі зроблены па адным стандарце з усімі іншымі сцягамі і гербамі рэспублік — так, як гэта вымагалася імперскай дактрынай зліцця ўсіх народаў і нацый у адно аморфнае цэлае. Гэтая дактрына, бадай, нідзе не мела такой сілы, як на Беларусі, якую, пад апекай партыйнага кіраўніцтва і КДБ, пераўтварылі ў палігон гэтага пачварнага нялюдскага эксперымента. Сённяшні Сцяг і Герб не маюць свайго ўласнага аблічча і ніяк не звязаны з нацыянальнымі традыцыямі, з гісторыяй Беларусі. Пагадзіцеся: не вялікі гонар, калі твой Дзяржаўны сцяг і твой Герб — амаль дакладна такія ж, як яшчэ цэлых пятнаццаць.

Наконт старажытнага беларускага герба «Пагоня», які прапануецца зацвердзіць у якасці дзяржаўнага, — галоўная, бадай, заўвага зводзіцца к наступнаму: навошта ў руцэ конніка меч? На каго ён падняты? З кім збіраецца ваяваць наша Беларусь? Чаму не даць гэтаму конніку ў руку ну, скажам, паходню ці вярбовую галінку? Будзе, маўляў, больш адпавядаць мяккаму, добраму характару народа і яго міралюбівай сучаснай палітыцы. Што можна адказаць на гэта? Тое, што контраргумент крытыкі не вытрымлівае. Па такой логіцы можна паставіць пытанне перад многімі народамі свету, якія таксама не вызначаюцца ваяўнічасцю, але дзяржаўныя гербы якіх зусім не з анёльскімі выявамі. Так, многія краіны маюць на сваім гербе выяву страшнага драпежнага звера льва. Чаму — леў, а не, скажам, рахманая бязрогая авечка? У некаторых дзяржавах, у тым ліку і ў нашых суседзяў, на гербе — драпежны крыжадзюбы арол. Зноў жа — чаму арол, а не той жа міраносец голуб ці, скажам, бяскрыўдны бусел? А таму, што і адзін і другі вобраз увасабляюць дзяржаўную сілу-моц і дзяржаўную мудрасць, яны сталі выявамі на гербах менавіта тады, калі трэба было падкрэсліць і сваю моц, і сваю мудрасць, і з таго часу народы не ўсумніліся ў правільнасці выбару гэтых вобразаў, — з павагі да сваёй гісторыі, а гэта значыць да саміх сябе. Не ўсумніліся — і не сталі ў іншым гістарычным часе абнаўляць, перарабляць, мяняць свае дзяржаўныя атрыбуты на іншыя.

Яшчэ адна заўвага па законапраектах у тым, што гэта замена дзяржаўнай атрыбутыкі будзе вельмі дорага каштаваць рэспубліцы. У каторы раз на сесіях гэтага склікання, як і дзесяць, і дваццаць гадоў назад, калі толькі заходзіць гаворка пра пытанні, што датычаць нацыянальнай культуры, нацыянальнай самабытнасці, нашай гістарычнай памяці, — пачынае гучаць занепакоенасць: а ў што гэта, у якую капейку, нам абыдзецца? Дзесяткі, сотні мільёнаў рублёў — з-за, халатнасці, з-за жахлівай безгаспадарчасці — вылятаюць у трубу, на вецер, і нікому не баліць, ніхто не пакутуе ад страт. А тут — адразу ж пачынаем хапацца за кішэнь. Між іншым, цікава было б ведаць, як дорага нашы фінансісты цэняць нацыянальны гонар Беларускай дзяржавы, за якую суму яны будуць таргавацца? Ці трэба тлумачыць — адкуль гэта, адкуль такі меркантылізм там, дзе гаворка ідзе менавіта пра гонар нацыі? Ды ўсё адтуль — ад недаацэнкі нацыянальнага моманту і, скажам мацней, ад нацыянальнага нігілізму, ад глыбокай раўнадушнасці да лёсу нацыі. Калі гаварыць зусім проста, дык гэта пазіцыя зводзіцца да прымітыўнага махання рукой: маўляў, ды кіньце вы гэту сваю беларускасць і беларушчыну, жылі мы без усяго гэтага і будзем жыць далей! Ва ўсякім разе, нам гэта вельмі мала абыходзіць — ёсць у нас сваё нацыянальнае аблічча ці няма, ёсць свой уласны, адметны, непадобны на іншыя сцяг, герб, гімн ці няма, маюць нашы гарады і вёскі свае, адвеку родныя імёны ці — чужыя, пакінутыя заваёўнікамі.

Шаноўныя народныя дэпутаты, я свой невялікі даклад заканчваю. Я выходзіў на гэту трыбуну з ясным разуменнем, што ў нас такія пытанні вырашаюцца неймаверна цяжка: занадта багатыя традыцыі нацыянальнага самаедства, занадта вялікая практыка барацьбы з нацыянальнымі беларускімі сімваламі і клейнотамі. Успомніце: нават за бяскрыўдныя малюнкі-вобразы роднай прыроды і стужкі-пасачкі з беларускім арнаментам, у дзень загукання вясны, у Траецкім прадмесці Менска тагачасныя амонаўцы збівалі дзяцей. І гэта было не так даўно — ужо ішла перабудова... Да таго ж вырашаць падобныя пытанні нам замінае ўсё ячшэ непераадолены страх: а ці не запрацуе зноў машына па фабрыкацыі «ворагаў народа», яна ж яшчэ дарэшты не зламана?!