Выбрать главу

Прымаць станоўчае рашэнне па такіх пытаннях цяжка і таму, што нам не хапае гістарычнай самасвядомасці і дзяржаўнага мыслення, дзяржаўнага самапачування. Наколькі мы ведаем і шануем сваю гісторыю, наколькі мы дзяржаўныя людзі — красамоўна сведчыць адзін факт. Мы адкрылі сваю нечарговую сесію ў дзень вялікага свята беларускага народа — і ніхто з нас, ні адна душа нават не ўспомніла пра гэта, і мы не павіншавалі ні саміх сабе, ні ўсіх грамадзян рэспублікі. Пра якое свята ідзе гаворка? Пра Свята ўз'яднання Беларусі і беларускага народа, сэрца якога на доўгі час было па-жывому разрэзана ўдзельнікамі бандыцкага Рыжскага дагавору.

Пакідаю трыбуну са спадзяваннем, што законапраект аб назве, Сцягу і Гербе Беларусі сёння стане Законам.

ПЕРШАЯ ВЯХА ПА ДАРОЗЕ ДА СВЯТА

«Літаратура і мастацтва» за 26 ліпеня 1991 г.

За доўгія дзесяцігоддзі існавання партакратычна-бюракратычнай дзяржаўнай сістэмы ў нас у кіраўнічых органах усіх узроўняў выпрацавалася вельмі дрэнная звычка: пакласці закон, або пастанову, або рашэнне «пад сукно» і на другі ж дзень забыцца, што такая чарговая дэкрэтыўная папера паявілася. Успомніце: «Бюро ЦК КПБ разгледзела пытанне аб ходзе падрыхтоўкі да... і прыняло пастанову...» Колькі на працягу аднаго года праводзілася такіх «разглядаў» і прымалася адпаведных пастаноў! Людзі прывыкалі да іх, наперад ведаючы, што выконвацца яны не будуць, што гэтакім чынам толькі ствараецца бачнасць працы і заклапочанасці гаспадарчымі ці якімі іншымі праблемамі жыцця, а на самай справе — як ішло-ехала дасюль, так будзе ісці-ехаць і далей. Ну пагаварылі, ну прынялі пастанову — і яно сабе! Ніхто ж з «пастаноўшчыкаў» за невыкананне не адказвае і пакаранню не падлягае. Так і ўсе мы прывыклі да фабрыкацыі падобных дэкрэтыўных папер, якія нікога ні да чога не абавязваюць. Гэта — паперы наогул. Папяровая рыторыка. Мы прывыклі абвяшчаць, заяўляць, агалашаць дэкларацыі...

Ага, вось і тое слова, якое павінна было тут прагучаць, — дэкларацыя, — бо менавіта наконт адной з дэкларацый, у сувязі з гадавінай яе прыняцця, мне і хацелася б трохі паразважаць.

Год назад у жыцці народа Беларусі адбылася вялікая гістарычная падзея: сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Я назваў гэту падзею «вялікай гістарычнай», але скажыце, паважаны чытач, вы гэта адчулі і ўбачылі — што сапраўды так, што падзея сапраўды надзвычайная? Што гэта — паваротны момант у гісторыі народа? А як і па чым вы маглі гэта ўбачыць і адчуць? Па-першае, прэса і іншыя сродкі інфармацыі тады ж адразу падалі гэту падзею як з'яву зусім звычайную, радавую, а праз дзень-другі і зусім на яе забыліся. Па-другое, і адразу, і пасля мала хто з дзяржаўных мужоў паспяшаўся засведчыць, што ўся яго чыннасць, як і само мысленне, з гэтага часу набывае прынцыпова іншы характар, што ён пачынае працаваць на абвешчаны суверэнітэт, на ажыццяўленне Дэкларацыі. Па-трэцяе, і гэта галоўнае, нам (г.зн. нам з вамі, браткі-беларусы) цяжка было што-небудзь убачыць і адчуць таму, што мы ўнутрана, у душы сваёй, у большасці зусім не гатовы да належнага ўспрымання і асэнсавання такіх падзей, мы проста не ўяўляем, а што гэта такое — дзяржаўны суверэнітэт рэспублікі, і, выбачайце, не верым, што гэта можа стацца рэальнасцю. Мы прывыклі, што за нас усе нашы жыццёвыя праблемы і наш лёс наогул вырашаюць недзе, у нашу плоць і кроў увайшла звычка глядзець на цэнтр і чакаць загаду-распараджэння адтуль. Мы яшчэ не навучыліся, як ні горка гаварыць пра гэта, пачувацца гаспадарамі на сваёй зямлі, гаспадарамі свайго лёсу, не прыйшлі да рашучага ўсведамлення, што наш дабрабыт залежыць у першую чаргу ад нас саміх, ад таго, як мы самі распарадзімся сваімі прыроднымі багаццямі і сваімі талентамі, сваім інтэлектуальным патэнцыялам.

Я сказаў «не навучыліся» не для таго, каб больш пасеяць грамадскай апатыі, каб мы і змірыліся з гэтым сваім няўменнем, а, наадварот, для таго, каб мы, беларусы, масава, усенародна пачалі праходзіць гэту школу дзяржаўнай самастойнасці, незалежнасці, суверэннасці, каб мы троху-патроху пазбаўляліся шкоднай псіхалогіі нацыянальна закамплексаваных і набывалі самапачуванне гаспадароў, пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах і магчымасцях. Менавіта з гэтага трэба пачынаць, з гэтага — з псіхалагічнага пераўзбраення, з глыбока ўсвядомленага павароту да новых — на ўзроўні чалавечай і нацыянальнай годнасці — адносін з блізкімі і далёкімі суседзямі. Зразумеем жа нарэшце: да таго часу, пакуль нам будуць аднекуль навязваць і дыктаваць сваю волю, а мы будзем паслухмяна яе выконваць, — добра, па-людску жыць на сваёй зямлі, у сваім уласным доме мы не зможам. Ці, можа, трэба яшчэ дзве сотні гадоў, каб пераканацца ў гэтым?..