Выбрать главу

И последний вопрос. С какими мыслями вы сегодня проснулись?

С мыслью: Господи, может, хоть сегодня ни радио, ни печать не сообщат, что опять где-то в Южной Осетии или Хорватии обезумевшие люди убивают друг друга.

«МОЙ БОГ — МАЁ СУМЛЕННЕ»

Адказы на пытанні журналіста Алеся Палынскага. «Чырвоная змена» за 29 верасня 1991 г.

Вы верыце ў Бога, Ніл Сямёнавіч?

Я веру ў сваё сумленне. Так, як людзі, што ходзяць у царкву маліцца, вераць у Бога. Я выхаваны на матэрыялістычным светапоглядзе. Але ў мяне Бог ёсць. Гэта народ і яго сумленне. Хачу спадзявацца, што маё сумленне з ягоным не разыходзіцца, не разыходзіцца з сумленнем простых, шчырых, добрых людзей, якія жывуць са свайго мазаля, жывуць так, каб тым, хто побач, было добра.

А адкуль вы сам і дзе вашы карані?

Я з Лагойшчыны, і наколькі я здалеў прасачыць свой радавод — да прапрадзеда, мае карані там сядзяць досыць глыбока. У тым куточку заходняй Лагойшчыны, дзе мая вёска, прозвішча Гілевічаў досыць пашырана, відаць, даўным-даўно ўкараніўся там наш род: ва ўсякім выпадку, ніякіх звестак аб тым, што мае продкі аднекуль прыехалі, няма.

А вершы пісаць вы пачалі яшчэ там, у вёсцы?

О-о, пісаць вершы я пачаў у 8 ці 9 гадоў, яшчэ да вайны.

Якія ж былі яны, вашы першыя радкі?

Ну, вядома, пераймальныя, не варта і гаварыць пра тое... Памятаю, прыйшоў у захапленне ад шэдэўра Тараса Шаўчэнкі «Садок вішнёвы каля хаты», ён тады быў на беларускай мове ў чытанцы, здаецца, для другога класа, і настолькі мне спадабаўся, што ўявілася, быццам гэта пра нашу вёску, пра нашу сям'ю — а нас было восем дзяцей у хаце, — і пад уражаннем гэтага верша я і напісаў першы свой... Гэта сведчыць, што з самага маленства цягнулася душа да паэтычнай мовы... Падчас вайны, падлеткам гадоў 11-12, таксама пісаўнейкія сатыры з сялянскага жыцця, а з 1945 года пяро ўжо не адкладваў надоўга. У сорак шостым пачаў друкавацца ў часопісе «Бярозка». Праз год, летам сорок сёмага, мяне выклікалі ў Мінск на першую рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. Уявіце, хлапцу няпоўных 16 год, а там — усе былыя франтавікі, партызаны, у тым ліку Шамякін, Макаёнак, Аўрамчык, Алена Васілевіч, усе ўжо досыць вядомыя... Яны ўжо і публікацыі мелі, і ў Саюз іх аднаго за адным прымалі, а я быў самым-самым зялёным... Прынамсі, гэта было калі не далучэнне да прафесійнай работы — пра гэта яшчэ рана гаварыць, — дык узыходжанне на тую прыступку, дзе ўжо трэба было не вачыма дзіцячага захаплення глядзець на рыфмы, на тое, што ты пішаш, а вачыма дарослага чалавека.

А калі вы першы раз завіталі ў «Чырвонку»?

У «Чырвонку» я першы раз завітаў ці ў снежні 50-га, ці ў студзені 51-га. Справа ў тым, што я саромеўся хадзіць у рэдакцыі — увогуле саромеўся, а яшчэ і проста таму, што не было чаго апрануць. У мяне была старая латаная ватоўка. Памятаю, аднойчы я нават пазычыў у аднакурсніка чыгуначны шынель, каб схадзіць у рэдакцыю. Як на сённяшняе маё разуменне, дык гэтага не трэба было рабіць, трэба было ў той ватоўцы ісці... Напрыканцы 50-га ў «Чырвонцы» ўтварылася літаб'яднанне, кіраваў ім Мікола Аўрамчык, па тым часе яшчэ малады чалавек. Пачаў я хадзіць на гэтае літаб'яднанне, і вясной 51-га там абмеркавалі мае вершы... А надрукаваўся я першы раз у «Чырвонцы» ў снежні 50-га. Ведаеце, студэнтам універсітэта я так часта друкаваўся ў «Чырвонцы», што ў 1956 годзе на 25-ую гадавіну газеты мяне нават узнагародзілі Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ.

Ніл Сямёнавіч, раней усе маладзёжныя, ды і не толькі маладзёжныя газеты трымаліся на адных лозунгах, ва ўсякім выпадку, склаўся такі стэрэатып. Але ж і тады людзі сваю душу вылівалі на гэтыя старонкі.

Ну чаму на адных лозунгах? Мяне здзіўляе такое ўяўленне! Можна падумаць, што тады не было жыцця, што тады людзі не працавалі, не кахалі, што тады не было танцаў, вечарынак, іншых забаў. Гэта ж проста смешна. Было жыццё! Вядома, лозунгі былі і наіўныя, тыя, што не вытрымалі выпрабавання часам, але ж былі заклікі і вечныя, якія ніколі не старэюць! Хіба лозунгі, што заклікалі маладога чалавека на грамадскую чыннасць, заклікалі быць грамадзянінам, а не запечным абывацелем, спажыўцом, заклікалі да чыстаты кахання, да пашаны бацькоў, — хіба такія лозунгі могуць састарэць? Вядома, трэба зрабіць карэктывы на час, і карэктывы значныя. Але крыўдна, калі хочуць перакрэсліць наша жыццё наогул, быццам яно было толькі недарэчным... Ды нічога падобнага! Жылі мы не толькі лозунгамі. Ва ўсе часы ўсё вырашае ўласнае сумленне.