Выбрать главу

А калі вы ўсвядомілі, што паэзія — ваш шлях?

Я хачу думаць, што зразумеў гэта вельмі рана, і ўсведамленне таго, што я павінен гаварыць з людзьмі мовай верша, мяне не пакідала. Ва ўсякім выпадку, пасля той першай нарады маладых пісьменнікаў я ўжо ў сваім шляху не сумняваўся. Дарэчы, у той жа год я падаў дакументы ў Мінскае педагагічнае вучылішча, раней яно называлася Белпедтэхнікум імя Ігнатоўскага, пакуль гэта імя не выкінулі з гісторыі. Падаў я ў гэта вучылішча дакументы не таму, што мне так ужо хацелася стаць настаўнікам. Я ведаў, што гэтае вучылішча ў свой час скончылі паэты, якія былі для мяне прыкладам, — Паўлюк Трус (а гэта незвычайны лірык, я і зараз яго вельмі цаню), Пятро Глебка, што там выкладаў Якуб Колас, — і мне гэтае вучылішча ўяўлялася нейкім літаратурным ліцэем.

Ёсць два паняцці: паэт і палітык. Іншым часам гэтыя паняцці настолькі адасабляюцца, што іх лічаць антонімамі. А вы аб'ядноўваеце ў сабе і паэта, і палітыка. Паэта, які выдаў вялікую колькасць зборнікаў, якога ведаюць далёка за межамі краіны, і палітыка, які мае свой кабінет у вышэйшай установе рэспублікі, стол, завалены паперамі...

Ну, каб быць палітыкам, не абавязкова патрэбны кабінет і стол, можна пісаць свае палітычныя выступленні, адозвы і гэтак далей, паклаўшы аркуш паперы ці нататнік на калене. Я ў гэтым сэнсе не выключэнне. Прыгадайце гісторыю і Беларусі, і Расіі, прыгадайце паэтаў, якія займаліся палітыкай, настолькі займаліся, што нават галаву паклалі на гэтым. Прыгадайце Рылеева, якога павесілі за палітыку, а ўжо 200 гадоў народ ад Сахаліна да Брэста пяе яго песню «Ревела буря, дождь шумел...». А хіба Янка Купала не быў вялікім палітыкам? Ды ўжо з першых вершаў сваіх ён не раздзяляў сябе надвое — паэт асобна, палітык асобна. А вазьміце яго публіцыстыку: перыяду грамадзянскай вайны, ранейшую — перыяду «Нашай нівы», дзе ён працаваў як рэдактар і публіцыст. На маё разуменне, ён быў выдатны палітык, буйнейшы ідэолаг нашага беларускага адраджэння! Сцяганосец яго! А хіба не за палітыку Алесь Гарун пайшоў у Сібір, на катаргу? Можа, і ёсць іншыя краіны, дзе іншая літаратурная гісторыя, дзе больш шчаслівым быў народ, дзе не вымагалася ад паэта ісці на барыкады, адкрыта займацца палітыкай... А ў нашай, беларускай літаратуры, ды і рускай, украінскай, спалучэнне паэта і палітыка — гэта натуральная з'ява. Што і казаць, вельмі добра было б, калі б мовай, дадзенай паэту, можна было б гаварыць аб дабрыні, аб каханні, каб ён толькі аб гэтым з людзьмі і гаварыў... Але ж не паэт вызначае лёс народа, ды і свой уласны лёс... Гісторыя дыктуе, і паэт не можа быць раўнадушным. Ён кіруецца боскім прызначэннем — гаварыць мовай паэзіі, бярэ Слова — і гаворыць... Я не шкадую, што мая работа ў літаратуры мае такі характар: сёння — верш пра родную зямлю, пра добрыя, пяшчотныя пачуцці да маці, да каханай жанчыны, а заўтра — верш-заклік: давайце абярэм шлях, давайце прачнёмся!

Ніл Сямёнавіч, у вас было шмат нядобразычліўцаў. Ці хочаце вы адпомсціць ім?

Я не думаю, што так ужо і многа было ў мяне ў мінулым нядобразычліўцаў, можа, больш іх зараз... Але хачу вам сказаць, ніколі, ніколі, ні тады, ні сёння, не нараджалася ў мяне пачуццё помсты. Я кожны раз гаварыў: Бог вам суддзя. Час рассудзіць, ацэніць. Ну, а што да дробных зласліўцаў, аматараў напаскудзіць... Проста ў мяне не хапала часу звяртаць на іх увагу. Такія людзі-чалавечкі круцяцца звычайна вакол літаратуры, мастацтва. Калі я стаў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў, запрасілі мяне ў ЦК і ў такім добрым тоне размовы паведамілі, што ў іхнім сейфе на мяне папер ляжыць цэлы стос. Тады яшчэ Сяргей Законнікаў працаваў у ЦК, дык ён мне кажа: «Ну, Ніл Сямёнавіч, тут пішуць на вас і пішуць...». Такое гісторыя літаратуры заўсёды ведала, калі той ці іншы літаратар не толькі аб кветках піша, але і мае свой палітычны твар — доля яго такая, і пісьмы будуць, і даносы. Трэба стаяць вышэй гэтага, яно адпадзе, хаця і вельмі непрыемна адчуваць вакол сябе гэты бруд...

Відаць, нялёгка было столькі часу ўзначальваць такую буйную ўстанову, як Саюз пісьменнікаў?

Цяжка... У мяне нават супярэчлівыя думкі наконт таго, ці трэба было даваць тады згоду... Але што было, тое было, я адчуваў, што трэба нешта зрушыць, адчуваў, што мы коцімся кудысьці. Падчас хрушчоўскай адлігі ў маім светапоглядзе шмат што змянілася. Так, я застаўся «верны ідэалам», але ўсвядоміў, што трэба менш слухаць высокія і пустыя лозунгі, а больш прыглядацца да жыцця, да лёсу простага чалавека, і менавіта тады — а гэта можна прасачыць па маіх публікацыях — я пачаў уздымаць голас у абарону мовы, культуры, наогул беларускасці. У 56-ым, калі я пісаў сваю кандыдацкую дысертацыю, перагарнуў шмат прэсы 20-ых гадоў, перада мной адкрылася жудасная карціна, я ўбачыў, якая расправа ўчынялася над нацыянальнай культурай, дзеячамі беларускай літаратуры... Тады я з кожным днём рабіўся ўсё больш свядомым у гэтым сэнсе чалавекам, і калі пачаліся новыя замаразкі і на нашу культуру пачаўся новы наступ — нават ніводнай беларускай школы не засталося ў гарадах і гарадскіх пасёлках — я не мірыўся, выступаў, калі хочаце — крыкам крычаў... Бывала так, што заставаўся адзін, бывала, што, паціскаючы руку, некаторыя азіраліся... Былі страшэнныя дні роспачы... І тут раптам такая прапанова — заняць пасаду першага сакратара Саюза. На гэтым вельмі настойваў Машэраў Пётр Міронавіч, і я падумаў, што мне ўдасца многа зрабіць менавіта ў гэтым сэнсе, гаворачы з пісьменнікамі, сваімі калегамі, пабрацімамі, тлумачачы ім... Будзіць, абуджаць думку — гэта ж трэба! У той час ні ў адным творчым саюзе беларускасцю і не пахла. Гэта цяпер Саюз мастакоў такі патрыятычны, а 25 гадоў таму назад проста жах ахопліваў... Цяпер гавораць: вось Ніл Гілевіч нешта зрабіў у саюзе — «Іслач» пабудаваў, хадзіў, не баяўся — кватэры выбіваў для пісьменнікаў, машыны... Усё гэта, вядома, я рабіў, але не гэта было галоўнае. Галоўнае — я спадзяваўся, што нейкім чынам удасца актывізаваць вялікую работу па выратаванню беларускай мовы, культуры, нацыі нашай.