У пэўным сэнсе вам гэта ўдалося. Менавіта цяпер вам паднеслі падарунак на дзень нараджэння — бел-чырвона-белы сцяг над Домам урада. Як жа пачынаўся шлях да гэтай перамогі?
— Такое пытанне можна задаваць кожнаму з тых, хто і ў Вярхоўным Савеце, і на плошчах змагаўся за гэта. Прыйшоў час — і гэта адбылося, але ў кожным часе павінны быць людзі, якія лепей за іншых свой час разумеюць, якія распараджаюцца гэтым часам так, каб было на карысць народу і дзяржаве. На жнівеньскай надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі была атрымана перамога — Дэкларацыя аб незалежнасці стала законам. З гэтага выцякае неабходнасць паставіць сябе належна, з годнасцю перад суседзямі, блізкімі і далёкімі, якія будуць паважаць нас толькі тады, калі ўбачаць, што мы ўсё задуманае робім сур'ёзна, а не гуляем у незалежнасць, маўляў, давайце пацешымся, а далей усё пойдзе, як ішло. Калі мы хочам, каб нас паважалі, свой закон аб незалежнасці мы павінны праводзіць у жыццё. З чаго пачынаць? Бясспрэчна: трэба было падумаць пра ўласныя дзяржаўныя атрыбуты, сімвалы, без якіх мы элементарна не можам весці перамовы, без якіх нас проста не прызнаюць у свеце. На жаль, цяпер, можа, нават большасць нашых мілых, добрых, слаўных людзей гэтага не разумеюць, яны думаюць, што мы спяшаемся рабіць не тое... Але ж дзяржава павінна мець сваё аблічча, яна павінна мець свой сцяг, герб, гімн, назву, якія дапамогуць нам згадаць свае карані, адчуць, што мы сапраўды дзяржава. Кожны зараз павінен адчуць, што ён жыве ў Беларусі, што мы не аднекуль, а адсюль, што род адвеку-вякоў жыве на гэтай зямлі! Усё гэта павінна надаць жыхарам Беларусі ўпэўненасць у заўтрашнім дні, упэўненасць, што з намі лічацца. Не трэба баяцца перамен, казаць, што яны надта рэзкія. Гэтыя перамены рыхтаваліся ўсёй нашай гісторыяй. Але я хачу звярнуцца да моладзі, якая настроена найбольш рэвалюцыйна — маўляў, усё, што было да гэтага, трэба зруйнаваць, зламаць, знішчыць, парваць на шматкі і гэтак далей. Гэта памылка! Гісторыю перакрэсліваць ніхто права не мае, якая б яна ні была — цяжкая, трагічная, нават змрочная. Тым больш што гісторыя наша ішла палосамі — было трагічнае, але было і светлае. Людзі ж жылі, было ў іх і гора, былі і радасці, і таму нельга крыўдзіць тых, хто жыў пад тым сцягам, які зараз зняты... Іх нельга крыўдзіць, іх трэба зразумець. 51 застаюся пры глыбокім перакананні, што толькі сумленне, культура дапамогуць нам, толькі маральнасць выцягне з багны... Як жа не разумеюць тыя, хто ганьбіць ветэранаў вайны, што яны за незалежнасць, за жыццё гнілі ў акопах, пакутавалі ў шпіталях... Многія з новага пакалення ставяцца з непавагай да перажытага ветэранамі вайны і працы. Гэта сведчанне іх уласнай невысокай маральнасці і культуры. Хіба старыя людзі — а я кажу пра людзей добрых, сумленных, шчырых — у нечым вінаватыя? Гэта лёс іх — і яго ўжо не пераменіш. Я б хацеў проста прасіць маладых людзей больш аб гэтым думаць. Без гэтага нас таксама не будуць паважаць, тут законы вельмі жорсткія. Хіба можна, напрыклад, лічыць ворагамі людзей, якія зараз яшчэ не гатовы прыняць новы Сцяг або Герб Беларусі? Не спяшайцеся вінаваціць, дайце людзям падумаць, асэнсаваць, звыкнуцца!
Ніл Сямёнавіч, калі б Бог даў вам магчымасць пражыць адзін дзень вашага жыцця яшчэ раз, які б дзень вы абралі?
З усяго пражытага я, відаць, выбраў бы дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Тое, да чаго я ішоў усё жыццё праз вялікія душэўныя пакуты, праз незлічоныя знявагі і абразы, — пачало здзяйсняцца. Гэта самае вялікае шчасце. Праўда, асноўная барацьба яшчэ наперадзе, і я хачу спадзявацца, што яна будзе бяскроўнай. Тут я вельмі спадзяюся на характар нашага народа, на яго мудрасць.