СВЯТА — ЧАС ВЯЛІКАЙ РАБОТЫ ДУШЫ
З даклада на VII сесіі Вярхоўнага Савета РБ. 24 кастрычніка 1991 г.
Пытанне аб святочных, нерабочых днях — зусім не другараднае ўжо хаця б таму, што датычыць літаральна ўсіх людзей, усіх жыхароў рэспублікі. Гэта толькі здаецца, што яно не такое ўжо і важнае, каб разглядаць яго менавіта на гэтай сесіі.
Мы прынялі Закон аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Закон, які вельмі і вельмі да многага нас, усіх грамадзян Бацькаўшчыны, абавязвае. Мала абвясціць незалежнасць. Яе трэба зрабіць рэальнай. Калі яна стане рэальнасцю, тады іншай, лепшай рэальнасцю стане і само наша жыццё. Зрабіць жа гэта можа толькі чалавек добры і мудры, чалавек, які ўпэўнена чуецца на гэтай зямлі, чалавек, душа якога не абкарнана і не знявечана. Чалавек, які ўсведамляе сябе працягам шматвяковага духоўнага развіцця народа. Чым багацейшы будзе духоўны свет нашых людзей, тым скарэй і лягчэй мы зробім сваё жыццё такім, каб яно нам падабалася; іначай сказаць — тым больш паспяхова будуць вырашацца ў нас эканамічныя, сацыяльныя і іншыя задачы. Гэта — ісціна, даказваць якую няма патрэбы. Не ўсе, аднак, усведамляюць, што чалавечай душы, для таго каб яна была багатай і прыгожай, апрача многага іншага, патрэбна свята. Абавязкова! Для гэтага яшчэ спрадвеку і былі ўсталяваны ў народным побыце нерабочыя, святочныя дні. Так, гэтыя святы ўводзіліся не толькі для адпачынку пасля цяжкіх дзён працы. У святочны нерабочы дзень адпачывала цела, затое больш актыўна працавала душа. Свята — гэта час вялікай работы душы. У дзень свята чалавек знаходзіцца ў коле сям'і, сярод родных і блізкіх, або ў коле сяброў, сярод песень і забаў, або на ўлонні прыроды, або сам-насам са сваімі запаветнымі думкамі і — у залежнасці ад свята — сам-насам з усёй гісторыяй свайго народа. Чалавек святкуе не толькі пэўныя паваротныя моманты ў жыцці прыроды — скажам, Новы год ці прыход вясны, але і дарагія яму даты ў гісторыі краіны, а таксама і іншае, асабліва дарагое і любае яму, ну, скажам, свята ў гонар маці або свята ўшанавання продкаў.
Чаму ўзнікла патрэба нанова паглядзець нам на нашы святы і ўзаконіць пэўныя перамены ў іх календары? Таму, што мы ўступілі ў новую гістарычную рэальнасць, адбываецца пэўная пераацэнка духоўных і маральных каштоўнасцей, дакладней — мы вяртаемся да некаторых сапраўдных каштоўнасцей, якія былі абясцэнены і занядбаны, ад чаго ўсім нам стала горш жыць. Нарэшце мы схамянуліся і агледзеліся, што далей так нельга. Што ёсць няпісаныя законы, традыцыі і звычаі, якія трэба шанаваць. А найлепш яны будуць шанавацца тады, калі іх узаконіць. З векавымі традыцыямі абавязкова трэба лічыцца — інакш выходзіць нешта ненатуральнае і нават пачварнае, нешта такое, што не на здароўе душы чалавечай. Напрыклад, больш 70 гадоў назад быў узяты курс на выцясненне з жыцця, на выкараненне такіх традыцыйных народных свят, як Каляды, Вялікдзень, Купалле і некаторыя іншыя, і што ж мы бачым? А тое, што намаганні былі дарэмныя: людзі ў пераважнай большасці ўсё адно святкавалі гэтыя святы — толькі ў панявечанай форме, іншы раз амаль у падполлі, і не на ўсю — як мае быць — шырыню душы. Гэта быў, калі хочаце, здзек і над святам, і над душою. Законна спытаць: а дзеля чаго? У імя якой высакароднай мэты? Адказу няма. Апраўдвалі гэта барацьбой з г. зв. «рэлігійным дурманам». Цяпер усім зразумела, што гэта была вялікая памылка. Або: узяліся былі адвучваць і ад традыцыі памінання продкаў, наведання іх магіл у спецыяльна вызначаны дзень. Гэта была ўжо не проста памылка, а сапраўднае злачынства; дзякуючы такой барацьбе з рэлігіяй, з міфалагічнай даўніной, якую абзывалі забабонамі, са старымі адвечнымі звычаямі, чарсцвела душа чалавечая, людзі ўсё больш трацілі ў сабе тое, што траціць нельга, — дабрыню, пашану да тых, хто нас пакінуў, пачуццё святасці памяці. І людзі не змірыліся. Вы ведаеце, што ўвесь гэты час усе мы хадзілі на могілкі — каб ушанаваць памяць дарагіх і блізкіх нам людзей: або на Радаўніцу, або на Сёмуху (Тройцу), або на трэці дзень па Вялікадні, або на Усіх Святых восенню. Людзі вымушаны былі хлусіць, каб атрымаць права на адгул, выдумлялі прычыны, чаму не могуць быць на працы, — адным словам, ставілі сябе ў няёмкае, прыніжанае становішча. У апошнія гады гэты ўсенародны звычай стаў асабліва прыкметны. І дзякаваць Богу! Дык чаму ж у такім разе не ўзаконіць дзень памінання продкаў — каб усё рабілася па-людску, па-чалавечы?