Цяпер — некалькі слоў у абмеркаванне праекта Закона аб выбарах. Асноўныя спрэчкі ў нас ідуць наконт выбараў ад грамадскіх арганізацый. Пытанне гэта няпростае, і на першы погляд ёсць многа «за» — довадаў у карысць такіх выбараў. І аднак жа, калі ўдумацца... Паставім пытанне так: чаму ўзнікла сама ідэя выбараў ад грамадскіх арганізацый? Адказ, відочна, адзін: каб гарантаваць выбранне тых, каго хацелася б бачыць у Вярхоўным Савеце. Іначай сказаць, каб назначыць пэўных асоб у дэпутаты, як гэта рабілася ўвесь час раней, калі выбары былі, па сутнасці, фікцыяй. Вось гэтых, маўляў, «пусцім» па прафсаюзах, вось гэтых — па Камітэту міру, вось гэтых — па Камітэту жанчын і г. д. У аснове такога назначэння ў дэпутаты — боязь, што іначай некаторыя заслужаныя людзі розных прафесій могуць не прайсці. А замест іх могуць прайсці крыкуны, дэмагогі, палітыканы. Я хацеў бы спытаць у прысутных: ці не перабольшаны гэты страх? Па-першае, пэўная колькасць дэмагогаў і палітыканаў усё роўна пройдзе — да іх паслуг 240 выбарчых акруг, так бы мовіць, 240 вакантных месц. Некалькі месц з гэтых 240 яны захопяць. Абавязкова! Хаця б таму, што ў іх будзе багата часу, каб ваяваць за мандат. Пакуль рабочы, або аграном, ці старшыня калгаса будзе думаць, як бы вырвацца хоць бы на адну сустрэчу з выбаршчыкамі, гэты самы дэмагог-кар'ерыст за дзень выступіць 9-10 разоў і з дапамогай хаўруснікаў навярбуе шмат галасоў. Але калі ён сапраўды хітры дэмагог, і не больш,— ён будзе хутка выкрыты, у тым ліку і тут, у гэтай зале, бо тут пераважная большасць людзей дастойных, годных высокага звання народнага дэпутата рэспублікі. Дык ці трэба, я паўтараю пытанне, баяцца, што пройдзе некалькі недастойных? Па-другое, ці такі апраўданы страх, што не будуць выбраны заслужаныя, вядомыя людзі? Напэўна, сёй-той можа не прайсці, не быць выбраным, напэўна. Але тыя, што відочна гараць, як мы кажам, на рабоце, каго людзі паважаюць, цэняць і нават любяць за чалавечыя і дзелавыя якасці, — тыя, напэўна, пройдуць.
Мне можна запярэчыць, што я недаацэньваю сілу і здольнасці дэмагогаў. Не спяшайцеся. Я «высока» цаню іх здольнасці. Не раз іх на сваёй скуры адчуў. І аднак жа давайце лепш думаць пра свае здольнасці і вышэй цаніць свае магчымасці. І не проста лепш думаць, а лепш мабілізоўваць свае магчымасці на барацьбу з дэмагогіяй.
Праўда, я не чакаю і таго, што калі мы адхілім выбары ад грамадскіх арганізацый, дык у рэспубліцы, як тут было заяўлена адным таварышам, адразу ж значна стабілізуецца палітычная сітуацыя. Думаю, што нічога падобнага не адбудзецца. Разнамасныя псеўдадэмакраты актыўна возьмуцца за работу. Але маральная перавага будзе на баку Савецкай улады, якая прыняла дэмакратычны закон аб выбарах па акругах, і толькі па акругах.
Цяпер я хацеў бы коратка сказаць аб тым, што мяне найбольш засмуціла і на нядаўніх выбарах народных дэпутатаў СССР, і, прадчуваю, можа, не менш засмуціць на выбарах у Вярхоўны Савет рэспублікі. Вельмі прашу паверыць, што буду гаварыць не як асабіста пакрыўджаны — няма мне ўжо калі пра асабістыя амбіцыі думаць, ды і ніколі раней часу на гэта ў мяне не заставалася. Я прасіў бы тых, хто будзе пляскаць у ладкі, калі выбары ад грамадскіх арганізацый сесія адхіліць, не ўпадаць у эйфарыю. Асабліва я прасіў бы не радавацца прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Як вядома, у народныя дэпутаты СССР ад тэрытарыяльных і нацыянальных акруг Беларусі не прайшоў ні адзін дзеяч беларускай нацыянальнай мастацкай культуры. Ні адзін! Для параўнання: у невялікай Літве толькі пісьменнікаў выбралі ў народныя дэпутаты СССР дзевяць чалавек — толькі пісьменнікаў, не кажучы пра мастакоў, кампазітараў, артыстаў і інш. У маленькай Малдавіі — толькі пісьменнікаў выбралі восем чалавек. Падобная карціна і ў некаторых іншых рэспубліках. А ў нас — па акругах — не выбралі ніводнага дзеяча беларускай літаратуры і мастацтва! Так мы ў Беларусі прагаласавалі за нацыянальную мастацкую культуру. Такія нашы адносіны да сваёй культуры, да культуры наогул. І пры такіх адносінах мы хочам будаваць культурнае, цывілізаванае сацыялістычнае грамадства. Грамадства, у якім павінны быць высокі ўзровень маралі і этыкі, эстэтычнай культуры, духоўнасці ў цэлым; грамадства, якое павінна вызначацца інтэлігентнасцю сваіх грамадзян. Не можа наша рэспубліка разлічваць на сапраўдны эканамічны, сацыяльны і культурны прагрэс, пакуль у нас будуць такія адносіны да нацыянальнай культуры, да беларускай мовы і літаратуры, да беларускага мастацтва, да культуры наогул. Зрэшты, праблема гэта ўсесаюзная. Была б у краіне на належным узроўні культура — не было б чарнобыльскай аварыі. Чарнобыль — гэта антыкультура. Чарнобыль — гэта амаральнасць. Чарнобыль — гэта безадказнасць, гэта разгільдзяйства, гэта нечалавечнасць!