Усе, без вынятку, кампазіцыі, ацэнкі і танцы фальклорнага вечара «Чатыры пары года» пастаўлены студэнтамі, — вядома, пад кіраўніцтвам і з удзелам выкладчыкаў, прафесійных харэографаў і канцэртмайстраў. Аднак жа студэнтамі — яны і пастаноўшчыкі, і выканаўцы. Гэта не можа не радаваць. Таленавітая моладзь ідзе ў мастацтва! Вучыцца, узбагачае сябе ведамі, вопытам, развівае свае задаткі, каб з цягам часу стаць рупліўцамі роднай культурнай нівы, панесці «галоўную вахту» на службе народу, Бацькаўшчыне, чалавецтву. Вось чаму, думаючы пра шчыры энтузіязм гэтых маладых людзей і іх настаўнікаў, пра адзіна правільны агульны накірунак іх творчых пошукаў, хочацца ад душы прывітаць іх першыя крокі і выказаць пажаданне-ўпэўненасць: «Працуйма, сябры! Плён будзе, ды яшчэ які плён!..»