Мабыць, ён быў правы: не трэба было спадзявацца — не было б і расчаравання. Значыць, будзем топаць памалу далей. Трошкі, праўда, прытаміліся ногі, але калі мой старэйшы спадарожнік маўчаў, дык і мне, мусіць, належала сябе паводзіць спакойней.
— Але. Дык, значыцца, пра Мароза,— сказаў Ткачук, прадаўжаючы свой перарваны расказ.— Другі раз наведаўся я ў Сяльцо зімой. Маразы стаялі лютыя, памятаеце ж, напэўна, зіму саракавога года. Сады вымярзалі. Пашэнціла, пад'ехаў у санях з нейкім дзядзькам, ногі закапаў у сена і то змерзлі — думаў, адмарозіў зусім. У школу ледзьве дабег, было позна, вечар, у адным акенцы святло гарыць, пастукаў. Бачу, быццам глядзіць нехта праз замерзлую шыбу, а не адчыняе. Што, думаю, за ліха, ці не шуры-муры якія завёў тут мой Алесь Іванавіч. «Адчыні,— кажу,— гэта я, Ткачук з райана». Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. «Ты што тут робіш?» — пытаюся. «Нічога,— кажа.— Чыстапісанне пішу».— «А чаму дамоў не ідзеш? Ці можа Алесь Іванавіч пасля ўрокаў пакінуў?» Маўчыць. «А дзе сам Алесь Іванавіч?» — «Павёў Ленку Удодаву з Вольгай».— «Куды павёў?» — «Дамоў». Нічога не разумею. Чаму трэба вадзіць вучняў дадому? «А што, ён усіх вучняў па дамах разводзіць?» — пытаюся, трохі ўжо злуючыся, вядома, за такую сустрэчу. «Не,— кажа,— не ўсіх. Бо гэтыя малыя, а ім праз лес ісці трэба».
Ну што ж, ладна, думаю. Распрануўся, пачаў трохі грэцца, настрой мой пайшоў угору. Але мінула з гадзіну часу, а Мароза няма. «Дык колькі ж,— пытаюся,— да той іх вёскі?» Кажа: «Вярсты тры будзе». Хай. Сядзім, чакаем. Хлопец у сшытку піша. «А цябе ён пакінуў, мусіць, печку паліць? — пытаюся.— Ты дзе жывеш?» «Тут,— кажа,— жыву. Бо мяне Алесь Іванавіч узяў, а то мой тата б'ецца». Э, вось яно, аказваецца, якая справа. Як бы яна не абярнулася новым клопатам. I, скажу табе, так і выйшла. Як я прадчуваў, так і атрымалася.
Гадзіны праз тры вяртаецца Мароз. Ні стуку, ні крокаў — нічога, здаецца, не было чутно, толькі хлопец мой, Паўлік... Да, да, ты здагадаўся правільна. Іменна Паўлік, Павел Іванавіч, будучы таварыш Міклашэвіч... Тады быў такі чарнавокі, худзенькі, рухавы хлопчык. Дык гэты Паўлік зрываецца, бяжыць цераз клас і адчыняе дзверы. Увальваецца Мароз, увесь заінелы, заснежены, паставіў у кут свой кіёчак з такой, накшталт казлінае галавы, ручкай. Павіталіся. Тлумачыць сваю затрымку. Аказваецца, такая справа: у маці гэтых дзяўчат штось здарылася з каровай, не магла расцяліцца, ну вось і затрымаўся настаўнік, даваў рады. А дзяўчаты? Ну то простая гісторыя. Пачаліся халады, маці зняла іх са школы, маўляў, кепскі абутак ды і далёка хадзіць. Усё гэта звычайна тады было, але справа ў тым, што дзяўчаты — блізняты, надта слаўныя былі дзеўкі, вучыліся добра, і Мароз разумеў, што гэта значыла для маці-ўдавы (бацька з нямецкай вайны не вярнуўся, забілі пад Гдыняй). Ну дык Мароз, вядома, суцешыў бабу, купіў дзеўкам па пары чаравікаў — сталі вучыцца. Толькі вось як пабольшалі ночы, забаяліся адны хадзіць праз лес, трэба было некаму праводзіць. Звычайна гэта рабіў пераростак Коля Бародзіч, той, што некалі пілаваў з настаўнікам дрэва. Але цяпер Бародзіч не прыйшоў нешта, мусіць, дома якая патрэба здарылася, вось і давялося ісці з малымі самому.
Расказвае ён гэта, а я маўчу. Чорт ведае, што сказаць яму, педагагічна гэта ці не — тут усе нашы педпастулаты паблыталіся. Мароз гэты наогул быў майстра блытаць пастулаты, і я ўжо стаў прывыкаць да гэтай яго рысы. А пра ягонага кватаранта мы тады не дужа і гаварылі. Ён сказаў толькі, што хлопчык пакуль пабудзе ў школе, дома нелады. Ну што ж, думаю, хай. Тым болей такія халады на вуліцы.
I вось праз якіх пару тыдняў выклікаюць мяне да пракурора раёна. Што яшчэ, думаю, за ліха, не любіў я гэтых законнікаў, ад іх заўжды чакай непрыемнасцяў. Прыходжу, там сядзіць нейкі дзядзька ў кажусе, і пракурор — таварыш Сівак — строга гэтак загадвае мне ехаць у Сяльцо і адабраць у грамадзяніна Мароза сына гэтага вось грамадзяніна Міклашэвіча. Я паспрабаваў пярэчыць, ды наткнуўся на адзін аргумент, якім заўжды, бы даўбнёй, біў пракурор: закон! Ладна, думаю, закон дык закон. Селі ў міліцэйскі вазок і з участковым і селянінам пакацілі ў Сяльцо.
Прыехалі пад канец заняткаў, выклікалі Мароза, узяліся яму тлумачыць, у чым справа: пракурор загадаў, на баку грамадзяніна Міклашэвіча закон, трэба вярнуць хлопца. Мароз выслухаў усё моўчкі, паклікаў Паўла. Той убачыў бацьку, сцяўся, як звярок які, блізка не падыходзіць. А тут уся дзятва за дзвярыма, апранулася, а дамоў не ідзе, чакае, што будзе. Мароз і кажа Паўліку: так і таж, маўляў, пойдзеш дамоў да бацькі. Так трэба. А той ні з месца. «Не пайду,— кажа.— Я ў вас жыць хачу». Ну, Мароз няўмела так, вядома няшчыра, тлумачыць, што жыць у яго больш нельга, што па закону сын павінен жыць з бацькам і ў даным выпадку з мачахай (маці перад тым памерла, бацька ажаніўся з другой, ну і ўсчаліся там нелады з хлопцам — вядомая справа). Ледзь угаварыў хлопца. Той, праўда, заплакаў, але апрануў свой пінжачок, сабраўся ў дарогу.