Заходжу у калідор — на вешалцы поўна адзення. Ну, думаю, слава богу, значыць, паправіўся, пэўна, ідуць заняткі. Адчыняю дзверы ў клас — стаяць штук дзесяць парт і — пуста. Што, думаю, за ліха, дзе ж дзеці? Прыслухаўся: недзе быццам размова, ціхая такая, складная, бы моліцца хто. Яшчэ прыслухаўся: зусім дзіва — чую маналог князя Андрэя над Аўстэрліцам. Ведаеш, гэты: «Где оно, это высокое небо, которого я не знал до сих пор и увидел нынче... И страдания этого я не знал также... Да, я ничего этого не знал до сих пор. Но где я?»
Мне таксама здалося: дзе я? Такога я не чуў ужо дзесяць год, а некалі, будучы студэнтам, гэты ўрывак таксама дэкламаваў на літаратурным вечары.
Ціхенька, вядома, адчыняю дзверы — у Марозавай бакоўцы поўна дзяцей — паселі хто дзе: на стале, на лаўках, на падаконніку і на падлозе. Сам Мароз ляжыць на сваёй канапцы, укрыты кажушком, і чытае. Чытае Талстога. I такая цішыня і ўвага, што муху чуваць. На мяне ніхто не звяртае ўвагі — не чуюць. I я стаю, не ведаю, што рабіць. Першае пачуццё: проста зачыніць дзверы ды ехаць назад.
Але усё ж успомніу, што я — начальства, загадчык райана і адказны за педпрацэс у раёне. Гэта добра — чытаць Талстога, але ж і праграму выконваць трэба. А калі ты ўжо можаш чытаць «Вайну і мір», дык, мусіць, і вучыць можаш? А то чаго ж вучням брысці за столькі кіламетраў у гэта Сяльцо?
Прыкладна так я і сказаў яму, калі мы адправілі вучняў і засталіся адны. А ён кажа, што ўсе тыя праграмы, усе тыя веды, што ён прапусціў з вучнямі за месяц хваробы, не варты дзвюх старонак Талстога. Я дазволіў сабе не пагадзіцца, і мы паспрачаліся.
Тую вясну Мароз вывучаў Талстога, сам перачытаў наскрозь усяго, многае прачытаў вучням. То была навука! Гэта цяпер, знаеш, любы студэнт ці нават старшакласнік, толькі завядзі з ім гаворку пра Талстога ці там Дастаеўскага, адразу табе выпаліць усе іх хібы, памылкі і абмежаванасці. Пра вартасці і значэнне трэба яшчэ дачытацца, а недахопы найперш у кожнага па палічках раскладзены. Наўрад ці хто ведае, на якой гары ляжаў паранены пад Аўстэрліцам князь Андрэй, а заблуджэнні Талстога ў кожнага напералік. А Мароз вось не раскладваў нічога па палічках — проста чытаў вучням і сам убіраў у сябе ўсё спрэс, душой убіраў. Чулая душа — яна выдатна сама разбярэцца, дзе добрае, а дзе так сабе. Добрае ўвойдзе ў яе, як свае, а так сабе — хутка забудзецца. Усё раздзеліцца, як на ветры зерне з мякінаю.
Цяпер я гэта зразумеў выдатна, а тады што ж... Быў малады ды яшчэ начальнік.
Звычайна ў хлапечай кампаніі знаходзіцца нехта адзін, старэйшы ці там разумнейшы, які сваім характерам ці аўтарытэтам хутка падначальвае сабе астатніх. У той школе, у Сяльцы, як мне пасля гаварыў і Міклашэвіч, такім хлопцам стаў іменна Коля Бародзіч. Калі ты памятаеш, яго прозвішча ішло першым на помніку, а цяпер стала другім пасля Мароза. I гэта правільна. Ва ўсёй гэтай гісторыі з мостам іменна Коля сыграў першую скрыпку. Трагічную, вядома, скрыпку. Але што ж...
Я бачыў яго некалькі разоў, заўжды ён быў поруч з Марозам. Плячысты такі, прыкметны юнак, упартага маўклівага характару. Мяркуючы па ўсім, вельмі любіў настаўніка. Проста быў адданы яму бязмежна. Праўда, я ніколі не чуў ад яго ніводнага слова — заўжды пазірае з-пад ілба і маўчыць, быццам злуецца за што. Было яму ў той час, мабыць, гадоў шаснаццаць, пры паляках, вядома, не дужа вучыўся, у Мароза хадзіў у чацвёрты клас. Да, яшчэ адна дэталь: у саракавым скончыў гэты чацвёрты, далей трэба было падавацца ў НСШ за шэсць кіламетраў у Будзілавічы. Дык ён не пайшоў. Папрасіўся ў Мароза хадзіць другі год у чацвёрты. Абы ў Сяльцо.
Мароз, апроч таго, што вучыў па праграме і наладжваў чыткі кніжак без праграмы, яшчэ займаўся і самадзейнасцю. Мастацкай, вядома. Ставілі, помню, «Паўлінку», нейкія п'ескі, дэкламавалі, спявалі, ну як звычайна. Ну і, вядома, былі ў іх антырэлігійныя нумары, байкі там пра папа і ксяндза. I вось гэтыя нумары, пэўна, камусь не спадабаліся, аб тым уведаў ксёндз у Скрылёве, які ў часе службы на нейкае свята зняважліва сказаў пра настаўніка з Сяльцоўскай школы. Як высветлілася потым, даволі подла абразіў яго за кульгавасць, быццам ён быў у тым вінен. Зрэшты, пра гэта даведаліся пасля. А перш: здарылася вось што.
Неяк аднаго разу сустракае мяне ў сталоўцы пракурор, усё той жа Сівак, кажа, каб зайшоў у пракуратуру. Я ўжо казаў, што страх як не любіў гэтых візітаў, але што ж, не адмовішся, мусіш ісці… I вось, аказваецца, у пракуратуру паступіла скарга ад скрылёўскага ксяндза на злодзея, які ўлез у святы храм і асквярніў алтар, ці як там у іх, католікаў, называецца гэта штуковіна. Нешта напісаў там.