Выбрать главу

— Пабілі?

— Не сказаць каб набілі — усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі — знатны бандзюга аказаўся.

— Гэта харашо! — ажывіўся Ткачук.— Глядзі, не спужаўся. Адзін супраць трох. Калі гэта было ў вашых Будзілавічах?

— Ну, у Будзілавічах можа і не было...

— Не было, не было. Знаю я вашыя Будзілавічы — бедная веска. Выселкі. Цяпер што, цяпер іншая справа:пад шыфер ды гонту ўбраліся, а ці даўно яшчэ на стрэхах мох зелянеў! Гэткая вёска пры бруку, і што дзівіла мяне — ніводнага дрэўца! Як у Сахары якой. Сапраўды, зямля — адзін пясок. Помню, неяк зайшоў — расказалі гісторыю. Аднаго будзілаўчаніна галадуха па вясне прышчаміла, дайшоў на крапіве, ну і надумаў па дарозе разжыцца. Ноччу падпільнаваў аднаго прахожага ды і стукнуў абушком. Вунь цяпер яшчэ на ваколіцы ля каменя крыж стаіць. Аказаўся жабрак з пустой торбай. А гэты катаргу атрымаў, так з Сібіры і не вярнуўся. А цяпер,глядзі ты — кавалер які знайшоўся ў Будзілавічах. Рыцар.

— Ну.

— А куды ў школу хадзіў? Не ў Сяльцо?

— Да пятага класа ў Сяльцо.

— Ну во бачыш,— шчыра ўзрадаваўся Ткачук.— У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.

«Што праўда, то праўда,— падумаў я.— Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог на болей такіх».

— А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? — яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.

— Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.

— Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе... Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.

Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаемы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.

— Знаеш, я дык не згодны,— натрапіўшы на нешта сваё, пачаў рязважаць Ткачук.— Навука навукай, але і чорную работу рабіць траба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. А то як толькі дзе хто аб'явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку.. Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў — і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, а для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадметаў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.

Машыны хутка ляцелі насустрач і яшча здадёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся, меншаў магутны нутраны гул дызеляў.

— Дарэчы, вы не даказалі... Дык як яно тады з Марозам абышлося? — напомніў я Ткачуку.

— Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну, настаўніка з Сяльца? — звярнуўся ён да нашага возчыка.

— Таго, што тады ў вайну?.. А як жа! Яшчэ манго племяша разам загубілі.

— Гэта каго?

— А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю...

— Дык во я таварышу ўсю гэту гісторыю расказваю.

— Ты то ведаеш, значыць? А то можаш даслухаць, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?

— А як жа! Быў,— крыўдліва азваўся чалавек.— У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.

— У Куруты? Камбрыга Куруты?

— Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.

— Ну, Курута не нашай зоны.

— Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент,— ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:

— Ды я нічога, я так. Маеш — насі на здароўе. Тут мы пра іншае... Мы пра Мароза.

— На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачыла яго сумленне і што ён перажываў доўга,— дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому.