Гэта міратворная раскоша прыроды мяне аднак ніколькі не супакойвала, а толькі гняла і раздражняла. Я спазняўся, адчуваў гэта, перажываў і кляў сябе за ляноту, душэўную чэрствасць. Думалася на дзіва пакаянна з нейкай самакрытычнай бескампраміснасцю: ніякія мае ранейшыя прычыны не здаваліся цяпер слушнымі, ды і наогул — ці былі якія прычыны? З такой медзведзяватаю разваротлівасцю нядоўга было дашчэнту пражыць адведзеныя табе гады і нічога не зрабіць з таго, што, можа, толькі і магло скласці гонар твайго жыцця. Дык прападзі яна пропадам, тая нікчэмная мітусня дзеля бясконцага, ненаежнага дабрабыту, калі праз яе застаецца ўбаку самае важнае. Мусіць, тым самым абіраецца і абясцэньваецца ўсё жыццё, якое толькі здаецца аўтаномным, адасобленым ад іншых людскіх жыццяў, скіраваным на тваім, асабістым кірунку. На самай жа справе, як гэта не сёння заўважана, калі яно і напаўняецца чымсь значным, дык гэта разумнаю добрасцю і клопатамі аб іншых — блізкіх ці хоць бы далёкіх табе людзях, якія маюць патрэбу ў гэтым тваім клопаце. Аддаць, а не ўзяць або адчуць задаволенасць аддаючы — як неахвотна і спазнела прыходзіць чалавек да гэтай не новай, такой зайздросна простай высновы... На самай справе, чаго варта жыццё толькі дзеля здавальнення свайго, такога дробязнага, самалюбівага, капрызлівага і ненасытнага Я?
Мабыць, гэта лепш за другіх разумеў Міклашэвіч.
I, здаецца, не было ў яго асаблівых для таго прычын, надзвычайнай адукаванасці ці адмысловага выхавання, якія б яго вылучалі з кола ягоных бліжніх. Гэта быў звычайны сельскі настаўнік, мабыць, не лепшы і не горшы за тысячы іншых гарадскіх і сельскіх настаўнікаў. Праўда, я чуў, што ён перажыў страшную трагедыю ў вайну і цудам уцалеў ад «мерці. I яшчэ — што ён быў дужа хворы. Для кожнага, хто яго бачыў упершыню, было відавочна, як уходала яго тая хвароба. Але я не чуў, каб ён паскардзіўся на яе ці даў каму зразумець, як яму трудна. Успомнілася, як мы пазнаёміліся з ім у часе перапынку на нейкай настаўніцкай канферэнцыі. Ён стаяў тады, з кімсь размаўляючы ля акна ў шумлівым вестыбюлі гарадскога Дома культуры, і ўся яго надта худая вастраплечая постаць з выпнутымі пад пінжаком лапаткамі і худой доўгай шыяй здалася мне ззаду на дзіва недарослай, амаль хлапечай. Але варта было яму праз момант павярнуцца да мяне сваім непрыемна абвялым, густа зморшчаным, шэрага колеру тварам, як стала відаць, што гэта даволі патрапаны жыццём, амаль пажылы чалавек. На справе ж — і я гэта ведаў дакладна — у той час яму ішоў толькі трыццаць чацвёрты год.
— Чуў пра вас і даўно хацеў звярнуцца а адной заблытанай справай,— сказаў тады Міклашэвіч сваім глухім голасам. Ён курыў, абтрасаючы попел у пусты карабок ад запалак, які трымаў у пальцах. I я ажно. жахнуўся, убачыўшы гэтыя яго нервова-дрыготкія пальцы, абцягнутыя жоўтай зморшчанай скурай. З кепскім прадчуваннем я паспяшаўся перавесці позірк на твар — змарнелы твар яго, аднак, быў на дзіва спакойны.
— Друк — вялікая сіла,— жартаўліва і са значэннем працытаваў ён. На яго лбе, шчоках, ля вуснаў, збегліся заўчасныя маршчыны, і праз іх праглянула добрая, з пакутлівым сумам усмешка.
Я ведаў, што ён нешта шукае ў гісторыі партызанскай вайны на Гродзеншчыне, што сам яшчэ падлеткам-хлапчуком прыняў удзел у партызанскіх справах, што ягоныя сябрыпшольнікі былі расстраляны немцамі ў сорак другім, і клопатамі Міклашэвіча пасля іх памяці збудаваны невялікі абеліск у Сяльцы. Але вось, аказваецца, была ў яго і яшчэ нейкая справа, па якой з'явілася пэўная патрэба ўва мне. Што ж, я быў гатовы. Я абяцаў прыехаць, пагаварыць і па магчымасці разабрацца, тым болей калі справа сапраўды заблытаная — у той час да заблытаных спраў я яшчэ быў аматар.
I вось — спазніўся.
У невялікім прыдарожным барку з высока ўзнёслымі над дарогаю шапкамі хвой шаша пачала шырокае плаўнае закругленне, за якім паказалася ўрэшце і Сяльцо. Гэта быў колішні панскі маёнтак з разбуялымі за гады сукаватымі кронамі вязаў і ліп, што хавалі ў сваіх нетрах старасвецкі панскі палац — школу. Машына нетаропка набліжалася да павароту ў маёнтак, і гэтае набліжэнне новаю хваляй узрушэння ахапіла мяне — я прыязджаў. На момант з'явілася здрадніцкая думка: навошта? Навошта я еду сюды, на гэтую жалобу, трэба было прыехаць раней, а цяпер каму я патрэбны тут ды і хто тут можа спатрэбіцца мне? Але, мабыць, разважаць такім чынам не мела ўжо сэнсу, машына наша пачала замаруджваць хаду. Я гукнуў хлопцу-спадарожніку, які, мяркуючы па яго спакойным выглядзе, ехаў далей, пастукаць шафёру, а сам па шархоткіх рулонах толю пасунуўся да борта, каб скочыць на жвір абочыны.