Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак — рганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася — вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харошае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.
Цяпер трэба табе сказаць пра тых двух паліцаяў з Сяльца. Аднаго ты ўжо ведаеш, гэта былы пракурораў знаёмы Лаўчэня Уладзімір. Аказваецца, быў ён не такі, за каторага мы яго спярша прынялі. Праўда, у паліцыю пайшоў — сам ці прымусілі, цяпер ужо не дазнаешся,— ды ў сорак трэцім зімой немцы расстралялі яго ў Навагрудку. Дзядзька ўвогуле аказаўся харошы, многа нам добрага зрабіў і ў гэтай гісторыі з хлопцамі сыграў даволі прыстойную ролю. Лаўчэня быў маладзец, хоць і паліцай. А вось другі аказаўся апошнім гадам. Не памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося — чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец.
Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы. Мусіць, у адных умовах расцвітае адна частка характару, а у другіх — другая. Таму на кожным часе свае героі. Дык вось і ў гэтага Каіна да вайны драмала сабе паціху нешта нягоднае, і каб не гэтая калатнеча, можа б і не выперла з яго ніколі. А тут во налезла. Шчыра паслужыў немцам, нічога не скажаш. Ягонымі рукамі тут шмат чаго нароблена. Увосень параненых камандзіраў расстраляў. (З лета хаваліся ў лесе чацвёра параненых, хто-ніхто з мясцовых ведаў пра іх, ды маўчаў. А гэты высачыў, знайшоў у ельніку зямляначку і з дружкамі перабіў усіх ноччу). Сядзібу сувязнога аднаго, Крыштафовіча, спаліў. Сам Крыштафовіч паспеў уратавацца, а бацькі старыя, жонка з дзецьмі — усе ў агні пагарэлі. Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў. Ды ці мала што! Улетку сорак чацвёртага знік недзе. Можа дзе палучыў кулю, а можа і цяпер на Захадзе раскашуе. Такія і ў віры не тонуць.
Дык вось гэты Каін нешта ўсё ж западозрыў каля Марозавай школкі. Які б ні быў Мароз асцярожны, а, ведама, што-нішто вылезла, як шыла з мяшка. Мусіць, дайшло і да паліцэйскіх вушэй.
Аднойчы пад вясну (снег ужо стаў раставаць) з'яўляецца ён да Мароза. У таго якраз ішлі заняткі — чалавек дваццаць дзетвары ў адным пакоіку за двума доўгімі сталамі. Урываецца гэты Каін, з ім яшчэ двое і немец — афіцэр з камендатуры. Зрабілі вобыск, ператрэслі вучнёўскія торбачкі з кніжкамі, праверылі падручнікі. Ну але, ведама, нічога такога не знайшлі — што можна знайсці ў вучняў у школе? Праўда, нікога не зачапілі, не забралі. Толькі настаўніку допыт наладзілі, гадзіны дзве ганялі па. розных пытаннях. Але абышлося.
I тады Марозавы хлопцы, маладзейшыя, што вучыліся ў яго, і той пераростак Бародзіч, нешта ўдумалі. Увогуле яны былі шчырыя з настаўнікам, але тут затаіліся нават і ад яго. Аднойчы, праўда, гэты Бародзіч быццам між іншым намякнуў, што не лішне б прыстукнуць Каіна. Ёсць, маўляў, такая магчымасць. Ды Мароз .забараніў катэгарычна. Сказаў, што калі трэба будзе — прыстукнуць без іх. Самавольнічаць у вайну нягожа. Бародзіч не стаў пярэчыць, нібыта пагадзіўся. Але такі ўжо гэта быў хлопец, што калі браў што ў галаву, дык не хутка расставаўся са сваёй думкай. А думкі ў яго заўсёды былі адна за другую смялейшыя.
Далей мне ўжо расказваў сам Міклашэвіч, дык можна лічыць, што ўсё тут чыстая праўда.
Сталася так, што пад вясну сорак другога вакол Мароза ў Сяльцы склалася невялічкая, але адданая яму групка хлопцаў, якая ва ўсіх справах была з настаўнікам заадно. Хлопцы гэтыя цяпер вядомыя, на помніку ўсе іх імёны ў поўным складзе, апроч Міклашэвіча, канечне. Паўлу Міклашэвічу ішоў тады пятнаццаты год. Коля Бародзіч быў самы старэйшы, мусіць, год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Яшчэ былі браты Кажаны — Цімка і Астап, аднафамільцы — Смурны Мікола і Смурны Андрэй, усяго такім чынам шасцёра. Самаму малодшаму з іх, Смурнаму Міколу, было якіх гадоў трынаццаць. Заўжды ва ўсіх справах яны трымаліся разам. I вось гэтыя хлопцы як убачылі, што на іх школу і на іхняга Алеся Іванавіча насеў гэты Каін з немцамі, рашылі таксама не застацца ў даўгу. Сказалася Марозава выхаванне. Але ж гэта хлопцы, амаль хлапчукі, без зброі, амаль з голымі рукамі. Дурасці ды адвагі ў іх было аж занадта, а спрыту ды розуму недахват. Ну і скончылася гэта ведама чым.