Выбрать главу

Увогуле ўсё адбывалася так, як і было прадугледжана, апроч драбязы нейкай. Але, мусіць, гэтая драбяза іх і загубіла. Па:першае, Каін прыпазніўся, мусіць, заспаў пасля п'янкі. Развіднелася, у вёсцы паўставалі людзі, пачалася звычайная гаспадарчая цяганіна — сюды-туды. Міклашэвіч пасля казаў, што яны дома за ўсю ноч не заплюснулі вока і што далей — усё болей трывожыліся: чаму не прыбягаюць дазорныя?

А дазорныя ўпарта чакалі машыну, а машыны ўсё не было. Замест яе на дарозе ранічкай з'явілася фурманка. Дзядзька Яўмен, нічога сабе не падазраючы, коціць у равок па дровы. Давялося Бародзічу вылезці са свае сховы і страчаць дзядзьку. Кажа: «Не едзьце, пад мастом міна». Яўмен спалохаўся, не стаў дужа цікавіцца той мінай і павярнуў у аб'езд.

Нарэшце гадзін, мабыць, у дзесяць на дарозе паказалася машына. На жаль, дарога была кепская, у выбоінах, хуткасці не было ніякай, дык яна і паўзла паціху, валюхаючы з боку на бок. Не было і разгону ў раўку. Паціху спаўзла над ухіл, на мастку шафёр яшчэ прымарудзіў, стаў пераключаць хуткасць, і тады папярэчына адна надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як пасля аказалася, седакі і свінні з курамі проста ссунуліся ўбок, у ваду, але тут жа паўскоквалі. Не пашэнціла толькі аднаму немцу, што сядзеў ля кабіны — якраз трапіў пад борт, і яго задушыла да смерці. Выцягнулі з-пад машыны ўжо мёртвага.

А хлопцы як згледзелі, чаго дамагліся,— ашалелыя ад шчасця і хвалявання шыбанулі па кустоўі да вёскі. На радасці, мабыць, здалося, што ўсім фрыцам і паліцаям капут, машыне таксама. I няўцям было нікому з двух, што Каін ды іншыя тут жа паўскоквалі, пачалі паднімаць машыну, і нехта тады ўгледзеў, як у кустах мільганула постаць. Постаць малога, хлапчука — болей нічога не удалося ўбачыць. Але і гэтага было даволі.

У вёсцы кожная чутка лятае маланкай. Праз якую гадзіну ўжо ўсе ведалі, што здарылася на дарозе ў раўку. Каін прыбег за падводай везці труп немца ў мястэчка. Мароз як пачуў пра гэта — адразу кінуўся ў школу, паслаў па Бародзіча, але таго не аказалася дома. Затое Міклашэвіч Паўлік, бачачы, як затрывожыўся іх настаўнік, не вытрымаў і расказаў яму пра ўсё.

Мароз не мог знайсці сабе месца, але заняткі ў школе не адмяніў, пачаў толькі з малым спазненнем. Хлопцы, што вучыліся, таксама ўсе папрыходзілі. Не было аднаго Бародзіча, хаця Бародзіч у той час ужо ў школу не хадзіў. Мароз усё паглядваў у акно, казаў, усе ўрокі правёў ля акна, каб убачыць, калі хто чужы паявіцца на вуліцы. Але ў той дзень ніхто не паявіўся. Як скончыліся заняткі, Мароз другі раз паслаў Смурнага за Бародзічам, а сам стаў чакаць. Як ён сам мне прызнаўся, становішча яго было да дзікасці недарэчнае. Ведама, хлопцы больш-менш паклапаціліся пра тое, што датычыла самой дыверсіі, але як быць далей, калі дыверсія ўдасца, яны проста аб тым не думалі. І настаўнік таксама не ведаў, што рабіць. Вядома, ён разумеў, што немцы гэтую справу так не пакінуць, пачнецца вэрхал. Магчыма, западозраць і хлопцаў, і яго таксама. Але ж у вёсцы тры дзесяткі мужыкоў, думаў, не так проста між іх знайсці менавіта таго, каго трэба. Калі б ён загадзя ведаў, што рыхтавалі гэтыя падшыванцы, дык, мабыць, нешта б прыдумаў. А цяпер усё абрынулася на яго так знянацку, што ён не ведаў, як ратавацца. Ды і якая пагражае ім небяспека, таксама было невядома. I каму яна пагражае найперш. Мусіць, трэба было ў першую чаргу пабачыць Бародзіча, усё ж той старэйшы, разумнейшы. Зноў жа, з суседняе вёскі можа быў сэнс да часу перахаваць у яго хлопцаў. А можа наадварот, найперш яго трэба было недзе схаваць.