— Цікава,— сказаў я, калі Ткачук ненадоўга змоўк.—Каб жа я раней ведаў!
— Цяпер ужо ўсё зроблена, знайшліся дзе трэба і заступнікі. Цяпер ужо можна расказваць. I напісаць можна. Нават патрэбна. Міклашэвіч дамогся праўды. Толькі вось сам... У цябе закурыць няма? — запытаў ён, лапаючы па сваіх пустых кішэнях. Я даў яму сігарэту, мы закурылі абодва, пастараніліся, прапускаючы чорную, з нікелем «Волгу», якая порстка прашмыгнула міма. Мусіць, «Волга» ішла ў горад, але цяпер ні ён, ні я не зрабілі ніякай спробы яе спыніць — я прадчуваў, што Ткачук нешта раскажа, а той на хвіліну неяк роздумна-засяроджана паглыбіўся ў сябе, пазіраючы ўслед машыне.
— Можа б узяла? А, ліха з ёй! Хай едзе. Пойдзем памалу. Табе колькі гадоў? Сорак, кажаш? Ну, гэта малады яшчэ век, яшчэ многае наперадзе. Не ўсё, канешне, але многае яшчэ засталося. Калі здароўе, вядома, нішто сабе. У мяне здароўе таксама не сказаць каб кепскае, яшчэ і чарку магу часам узяць. Але ўжо не тое, што было раней. Раней я, брат, аўтобуса гэтага рэдка і чакаў калі.А што, у тыя, даўнейшыя часы дык і аўтобусаў ніякіх не было. Трэба ў горад — бярэш палку і айда. Дваццаць кіламетраў — за тры з паловай гадзіны і ў горадзе. Цяпер, мусіць, болей спатрэбіцца, даўно не хадзіў. Ногі яшчэ нішто. Вот горай — нервы здаюць. Знаеш, не магу глядзець кіно, каторае жаласлівае ці пра вайну асабліва. Як убачу тое гора наша, хоць і даўно ўжо ўсё перажыта і памалу забываецца, а знаеш, душыць нешта за горла. Ды яшчэ музыка прытым. Не кожная, вядома, не джазы якія, а песні, што тады спявалі. Як пачую, ну проста нервы пілой пілуе.
— Падлячыцца б трэба. Цяпер жа няблага лечаць.
— Не, мае ўжо не вылечаць. Шэсцьдзесят два гады,што ж ты хочаш! Жыццё іх удрызг пашкуматала, вяроўкі з іх віло. А тым болей вучоныя кажуць, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца... Да. А некалі таксама малады быў, нежанаты, здаровы, як Жабацінскі які. У трыццаць дзевятым пасля ўз'яднання наркамат асветы накіраваў у Заходнюю арганізоўваць школы. Арганізоўваў школы, калгасы, круціўся, матаўся, сам у школах рабіў. Тут во, у Сяльцы, пасля вайны сем год адбухаў...
— Так. Час ідзе.
— Не ідзе, а імчыцца. Знаеш, некалі ўсё думаў: ну год, два, тры папрацую, а там у Мінск падамся, у педінстытуце вучыцца хацеў. Я ж да вайны толькі настаўніцк двухгадовы скончыў. Ну а жыццё інакш закамандавала, вайна ўсчалася, ніякага педа не выйшла, тут во на ўсё жыццё і прыкіпеў. Раней райком не пушчаў, школа, кватэра, а цяпер во, калі можна каціцца на ўсе чатыры бакі,нікуды ўжо і не цягне. Так, відаць, і прыйдзецца застацца ў гэтай зямліцы, як Марозу. Хіба з некаторым спазненнем.
Ён змоўк. Я дакурыў цыгарэту і таксама маўчаў, не хочучы парушаць яго зразумелага мне настрого і ладу думак. Мы ўжо міналі гаёк, дарога ішла ў выемцы, па абодва бакі высіліся пясчаныя адхоны з хвоямі. Зачынаўся вечаровы прыцемак, і нават вяршыны хвой ахінаў цень, толькі бясхмарнае неба ўгары яшчэ адсвечвала развітальным святлом нябачнага сонца.
— Сёння якое чысло? Чатырнаццатае? Во акурат у гэтую пару першы раз наведаўся ў Сяльцо. Цяпер ужо прывычная справа — усе гэтыя куткі-дарогі, а тады ўсё тут было новае, цікавае. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі абшкрэбаны — спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Пан Габрусь у верасні ўцёк, пакінуўшы ўсё, падаўся, казалі, да румынаў, ну а тут Мароз школку адкрыў. На школьным двары перад парадным высіліся два нейкія дрэвы, не тутэйшыя, дужа сукаватыя, з нейкім серабрыстым лісцем. Гіганты, як тыя амерыканскія секвоі. Такія цяпер яшчэ дзе-нідзе на былых маёнтках засталіся, дажываюць век. А тады іх многа было. У кожнага пана, лічы.
Той першы год я рабіў у райана загадчыкам. Школы амаль усе новыя, маленькія, наспех прыстасаваныя — то ў асадніцкіх сядзібах, то ў панскіх, а то проста ў вясковых хатах. Абсталявання, падручнікаў, інвентару не хапала, ды і з настаўнікамі таксама туга было. У гэтым Сялъцы разам з Марозам рабіла Падгайская, пані Ядзя, як мы яе звалі. Старая кабета жыла тут і пры Габрусі, вунь у тым самым флігелі. Нотная была пані, старая дзеўка. Рускую мову амаль не ведала, трохі разумела па-беларуску, але што датычыць астатняга — ого! Выхавання была самага гжэчнага.
I вось аднойчы пад вечар сяджу ў сваім кутку ў paйaна, зашыўся ў паперы — справаздачы, планы, ведамасці. Ездзіў па раёне, тыдзень не быў на месце, усё запусціў — страх! Не адразу пачуў — хтось шкрэбае ў дзверы. Заходзіць гэтая пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. «Проша звініць, пан шэф, я, проша пана, па педагагічнай справе».— «Што ж, калі ласка, сядайце, слухаю».