Асьляпляльнаю квеценьню белай
Зацьвіла яна раптам увесну,
І яе нечуваная сьмеласьць
Дакранулася сэрца балесна.
Дзякуй, дзякуй табе, ружа-кветка,
Маёй немачы лекар і сьведка.
ЗІМОВЫЯ ЛІХТАРЫ
Навошта песьні ліхтарам?
Маўчаць усё жыцьцё гатовы.
Шпурляюць сьнегам фраярам
На голыя галовы.
Цікава ім глядзець на сьвет
Сьвятлом свайго накалу:
На рух машын, хаду кабет,
На цішыню квартала.
ЯШЧАРКА
Антону
У яшчаркі свае шляхі,
Свае таемныя сьцяжынкі,
Жыцьцё, схаванае ў імхі,
Пясок, каменьчыкі, сьцяблінкі.
Лісты, жыцьцё ў якіх усё, -
Штораньня на пяску ля ганка,
Як гіерогліфы Басё,
Як вершык хоку або танка.
* * *
Ці захінаюць гмахі
Суседзяў сваіх - дрэвы,
Калі распаводзяць жахі
Бязьлітасныя залевы?
НА ДАХАХ
На дахах жыцьцё для пустэльнікаў
І - традыцыйна - катоў.
Як мала самоты ўдзельнікаў,
А сьведамых - пагатоў!
На дахах спачыну ня ведаюць
Вятрыска залева і сьнег.
Затое ня трызьняць камбедамі,
Затое маўчыць нампацех.
На даху спакоем нязмушаным
Самота душу ахіне...
Узьнімешся - неба парушана,
І вусьцішна, як на вайне.
УСКРАІНА
За лясамі, ўзгорамі,
За сівымі зорамі
Ягадай нясьпелаю
Сьпіць краіна белая.
З поўняй разьмінулася,
Хмарай загарнулася,
Голас пахаваўшая,
Волю не пазнаўшая.
А была шляхетнаю,
Гонарам адметная,
Моцная і вольная,
Да навукі здольная.
Нашай ускраіна была!
Аблокі гоне вецер-гун,
Забыўся ён, што ёсьць Пярун,
Забыўся, што чакае нас
Сурмы працяглы сьпеўны час.
Мой сын маўчыць, маўчу і я:
Навокал скрозь - калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.
* * *
Ні штандараў нідзе, ні харугваў,
Не пазнаць: дзе каханьне, дзе жарт.
Аднастайная, доўгая пуга
Выпрабоўвая сьпіны на гарт.
СПРОБА ІДЭНТЫФІКАЦЫІ
Хто ты, дзіўнае стварэньне,
зноў ідзеш за мной па сьледзе,
у даведніку нямашака
тлумачэньня тваёй сутнасьці.
Ты жывеш сваёй адсутнасьцю,
пьеш адсутную гарбату,
еш умоўныя варэнікі,
сьпіш умоўныя гадзіны,
як скаціна,
што ня значыцца ў калгасе,
і нічыйная уласнасьць, -
проста ходзіць па папасе,
і яшчэ не адбылася.
Зразумець цябе імнуся,
вывучаю, як француза,
як нянаскае здарэньне
(бо у нас ты не сустрэнеш
без гаспадара скаціны).
Кпінай
з'імітую правакацыю,
спробу ідэнтыфікацыі.
МОЙ ПАКОЙ
У пакоі, як на складзе,
Ёсьць адметнае бязладзьдзе.
Паспрабуй на гэткай плошчы
Ўладкаваць развагаў мошчы.
У вадным куце - пра грошы,
Там скразьняк заўжды харошы.
У другім - пра лёс свабоды,
Там абрынутыя стоды.
Трэці кут займае посуд,
Там развагі пра п'янтосаў.
А ў чацьвертым - цыгарэты,
Не палю, бо шкодна гэта.
У ГАСЬЦЁХ
На адным узроўні - слава,
На другім узроўні - кава.
Мы спрачаемся з Мудровым,
Дзе о'кей, а дзе халява.
Вечар слухае размовы,